Праца на роднай Століншчыне натхняе педагогаў Валянціна і Вераніку Кушнер рэалізоўваць цікавыя праекты

- 14:21Учительский дуэт

Валянцін Кушнер і яго жонка Вераніка родам са Століншчыны. Пазнаёміліся 10 гадоў назад на раённым пасяджэнні метадычнага аб’яднання маладых спецыялістаў — з таго часу ідуць па жыцці разам. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Вераніка — настаўніца хіміі. Пасля заканчэння Гомельскага ўніверсітэта па размеркаванні накіравалася ў Плотніцкую сярэднюю школу Столінскага раёна. Адразу ж уключылася ў напружаныя школьныя будні і ўзяла на сябе абавязкі класнага кіраўніка ў 10 класе. Валянцін — настаўнік беларускай мовы і літаратуры, а таксама гісторыі. Ён скончыў універсітэт у Брэсце і пачынаў сваю кар’еру ў Радчыцкай базавай школе Столінскага раёна. Пасля закрыцця ўстановы перайшоў у Плотніцкую школу на пасаду намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце.

Нядаўна Валянцін і Вераніка Кушнер набылі прыватны дом у Століне. Цяпер яны ўладкоўваюць жыллё. Многае робяць сваімі рукамі, рамантуюць, ствараюць утульнасць.

— Прыватны дом — гэта зусім іншае, чым гарадская кватэра. Тут мноства клопатаў: сад, агарод, цяпліца, свойская жывёла. Каб усё паспець, трэба загадзя спланаваць. Вырошчваем кветкі, клубніцы і буякі — папулярныя ягады ў нашых краях. Праца на зямлі, а тым больш на роднай Століншчыне, натхняе, дае сілы, адчуванне сапраўднай сувязі з прыродай. З’яўляецца жаданне рэалізоўваць розныя праекты і задумы, — дзеліцца Вераніка Андрэеўна.

У лістападзе мінулага года Плотніцкая сярэдняя школа набыла статус “Зялёная школа”. Вераніку Кушнер прызначылі курыраваць праект. Добрыя веды ў кірунку аховы прыроды педагог прадэманстравала на абласным конкурсе “Экаэрудыт”, дзе ўзяла дыплом І ступені. У мерапрыемстве прынялі ўдзел 196 каманд з вобласці. Акрамя таго, школа заняла 1-е месца ў экалагічным абласным мерапрыемстве па зборы смецця “З клопатам аб прыродзе”.

І дома, і па дарозе на работу, пакуль едуць у машыне (ехаць трэба амаль 30 кіламетраў), муж і жонка абмяркоўваюць шматлікія рабочыя пытанні, раяцца адно з адным.

— У мінулым годзе Вераніка здавала экзамен на вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, — расказаў Валянцін Валянцінавіч. — Я правяраў яе веды па Кодэксе аб адукацыі, розных метадычных пытаннях, разглядалі яе педагагічны вопыт. Адначасова і сам рыхтаваўся, бо ў найбліжэйшы час планую атрымаць вышэйшую катэгорыю.

Валянціна і Вераніку Кушнер запрашаюць на вучэбна-метадычныя аб’яднанні раёна, каб яны падзяліліся з маладымі настаўнікамі сваімі напрацоўкамі, расказалі пра арганізацыю даследчай дзейнасці навучэнцаў.

— Кім бы ні былі вучні пасля школы, ім заўсёды спатрэбяцца ўменні лагічна думаць, аналізаваць, параўноўваць, рабіць высновы і абагульняць факты, — адзначае Вераніка Андрэеўна. — З самага пачатку вывучэння курса хіміі ў 7 класе імкнуся, каб дзеці не страцілі жадання спазнаваць новае. У гэтым дапамагае даследчая дзейнасць, якая заахвочвае да актыўнага пошуку і самастойнага мыслення.

Пры выбары тэм для даследчых праектаў мы адштурхоўваемся ад самога жыцця, ад таго, што адбываецца навокал, у нашым раёне, а таксама ўлічваем інтарэсы і захапленні дзяцей.

Даследаванням можна прысвяціць нават цэлы ўрок або факультатыўныя заняткі. Пачынаць варта з экспрэс-даследаванняў. Напрыклад, пры вывучэнні параграфа “Хімія — навука аб рэчывах” прапануйце дзецям правесці нескладаныя маніпуляцыі: дадаць воцат да соды, выпарыць соль з яе раствору і вызначыць, да якога тыпу з’яў належаць атрыманыя рэакцыі.

Праз эксперыменты правяраецца справядлівасць гіпотэз. Пры вывучэнні параграфа “Склад, фізічныя і хімічныя ўласцівасці вады” можна паставіць праблемнае пытанне — “Якая вада замерзне хутчэй: гарачая ці халодная?” — і правесці адпаведны эксперымент.

Пры знаёмстве з класам кіслоты можна даследа­ваць арганічныя кіслоты, якія ўтрымліваюцца ў садавіне і іншых прадуктах харчавання, праверыць дзеянні на іх індыкатараў. Цікава правесці даследаванні-спаборніцтвы: знайсці памылкі ў тэксце, выканаць заданне па алгарытме, ства­рыць лепшую шпаргалку. Гэты метад вучыць рацыянальна выкарыстоўваць навуковую літаратуру, развівае аналітычнае мысленне і крэатыўнасць. Напрыклад, у 8 класе па тэме “Акісляльна-аднаўленчыя рэакцыі вакол нас” можна даследаваць тэкст падручніка і прапанаваць свае прыклады ААР.

З 2016 года навучэнцы Веранікі Кушнер штогод становяцца ўдзельнікамі і пераможцамі раённага конкурсу навукова-практычных работ “Адкрываючы свет — адкрываю сябе”. Сярод іх Ірына Пратасавіцкая, якая з’яўляецца выпускніцай школы. Дзяўчына вельмі любіць рыбачыць і вырашыла даследаваць відавы склад прыпяцкай рыбы, а таксама вызначаць яе ўзрост па лусцэ. Вікторыя Вабішчэвіч займалася вывучэннем жыцця і творчасці Д.І.Мендзялеева і заняла 2-е месца на раённым конкурсе “Хімія ў жыцці”.

Работа Зарыны Міхайлавай пра ўтрыманне вітаміна С у прадуктах харчавання была адзначана дыпломам на раённым конкурсе. Акрамя таго, дзяўчына атрымала падзяку на конкурсе работ даследчага характару з міжнародным удзелам “Наша будучыня” за стварэнне ўласнай парфумернай калекцыі. Яна распрацавала рэцэпты цвёрдых духоў і на аснове спірту, крэм-духоў, парфумернай вады і мужчынскага адэкалону — усё з натуральных кампанентаў. Гэта, дарэчы, добрая ідэя для школьнай бізнес-кампаніі.

У 2024/2025 навучальным годзе вучаніца 8 класа Валерыя Шабанава атрымала грамату за высокія веды ў абласной алімпіядзе па здаровым ладзе жыцця. Рыхтавалася да выпрабаванняў разам з Веранікай Андрэеўнай.

Валянцін Кушнер заўважае, што сучасныя вучні звычайна цікавяцца чымсьці карысным і актуальным. Менавіта гэтаму ён і ўдзяляе асаблівую ўвагу ў сваёй рабоце. Рыхтуючыся да заняткаў, імкнецца стварыць для кожнага дзіцяці сітуацыю поспеху, бо гэта найбольш эфектыўны стымул да пазнання. Выкарыстоўвае магчымасці інтэрактыўнага навучання. Напрыклад, такія метады і прыёмы, як “Памяняемся месцамі”, “Падары кветку”, “Алітэрацыя імені”, “Камплімент”. Здавалася б, гэта звычайныя арганізацыйныя моманты, але менавіта яны дапамагаюць ствараць спрыяль­ную атмасферу на ўроку і ўстанаўліваць канструктыўны дыялог з вучнямі. Так, пры вывучэнні тэмы “Прыдатак як разнавід­насць азначэння” вучні падбіраюць прыдатак на тую ж літару, з якой пачынаецца іх імя, каб раскрыць свой характар: Алена — аптымістка, Кірыл — калектыў, Ксенія — кнігалюб, Наталля — непаседа.

Пад кіраўніцтвам настаўніка дзеці праводзяць даследаванні. Вывучалі партызанскі рух на Століншчыне, лексіка-семантычныя назвы раслін і дрэў у вёсцы Радчыцы, стварылі электронную кнігу пра радчыцкую царкву Нараджэння Прасвятой Багаро­дзіцы. Актуальнай стала работа “Словы-паразіты ў нашым маўленні” сямікласніцы Анастасіі Язубец, за якую атрыманы дыплом на раённым конкурсе. Дзяўчына правяла лінгвістычнае даследаванне маўлення сваіх аднакласнікаў і вызначыла топ-10 слоў-паразітаў, якія яны ўжываюць. Сярод прычын такой з’явы — беднасць слоўнікавага запасу, хваляванне, стрэс і страх публіч­ных выступленняў.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара