Справядлівы, цярплівы, творчы, захоплены сваёй справай. Такім, па меркаванні настаўніцы інфарматыкі гімназіі № 1 Бабруйска Надзеі Савінай, павінен быць сапраўдны педагог. У сваёй працы Надзея Германаўна імкнецца адпавядаць гэтым характарыстыкам, выхоўваючы са сваіх вучняў актыўных, неабыякавых асоб, якія ўмеюць думаць.
У педагогіку Надзея Савіна некалі прыйшла па волі выпадку. Яшчэ калі была школьніцай, сур’ёзна захапілася інфармацыйнымі тэхналогіямі.
— Прадмет “Асновы інфарматыкі і вылічальнай тэхнікі” ў вучэбную праграму ўвялі, калі я была старшакласніцай. Цікавасць да камп’ютараў у нас, моладзі, была тады велізарнай. Ды і наогул камп’ютарная тэма была авеяна рамантыкай, адчуваннем далучанасці да нечага перадавога, прагрэсіўнага. Таму, атрымаўшы атэстат, адукацыю працягнула, дзе набыла кваліфікацыю “інжынер-сістэматэхнік” ў Вяцкім тэхнічным універсітэце, — успамінае Надзея Германаўна.
Аднак абставіны склаліся так, што папрацаваць па атрыманай прафесіі Надзеі Савінай так і не ўдалося. Жыццёвыя перыпетыі няпростых 90-х гадоў прывялі яе ў школу. Надзеі Германаўне прапанавалі паспрабаваць сябе ў якасці настаўніка інфарматыкі.
— Так і пачалася мая педагагічная дзейнасць. У сярэдняй школе № 1 Бабруйска я не толькі паспрабавала сябе на настаўніцкай ніве, але і адбылася як прафесіянал. У гэтым мне вельмі дапамагло кіраўніцтва навучальнай установы, а менавіта тагачасны дырэктар школы Міхаіл Рыгоравіч Альтшулер. Ён падтрымліваў усе мае пачынанні, усяляк дапамагаў парадамі. Шмат у чым дзякуючы гэтай падтрымцы я зразумела, што праца педагога — сапраўды маё. Атрымала профільную адукацыю, стала нястомна ўдасканальвацца ў прафесіі, — адзначыла Надзея Германаўна.
Працу ў 1-й школе Надзея Савіна дагэтуль успамінае з асаблівай цеплынёй. Але для добрага настаўніка вельмі важны прафесійны рост. Калі паступіла прапанова працаваць у гімназіі № 1 горада, яна пагадзілася, бо гэта новы вопыт, новыя магчымасці і перспектывы.
Сёння за плячыма Надзеі Германаўны 18 гадоў педагагічнай працы. За гэты час у яе склаўся свой стыль выкладання. Па яе меркаванні, паспяховы ўрок той, дзе вучні ненадакучліва ўцягнуты ў пазнавальную і творчую дзейнасць, якая прыносіць ім радасць адкрыццяў, заклікае да пошуку новых ведаў і адкрывае перспектывы іх прымянення. Немалаважным настаўніца лічыць таксама эмацыянальны бок заняткаў, уменне стварыць спрыяльную атмасферу ў класе. Для гэтага Надзея Германаўна шукае свой падыход да кожнага вучня і адначасова стараецца аб’яднаць дзяцей. Увогуле, на яе думку, цікавасць дзяцей да прадмета ў руках настаўніка. Калі ён захоплены сваёй справай — захапляюцца і вучні. Свае заняткі Надзея Савіна заўсёды праводзіць творча. Імкнецца не проста растлумачыць тэму, а зрабіць гэта нестандартна і абавязкова вынікова. Урокі будуе на супрацоўніцтве і сутворчасці, з’яўляючыся толькі своеасаблівым куратарам вучэбнага працэсу. Не забывае яна і фарміраваць у вучняў жаданне вучыцца самастойна.
— Я вучу дзяцей вучыцца, матывую іх на асабістае дасягненне новых вышынь. Гэта вельмі важна ў сучасным свеце — умець самастойна здабываць патрэбныя веды, бо ў любой сферы зараз неабходны канкурэнтаздольныя спецыялісты, — гаворыць Надзея Савіна.
На сваіх уроках педагог выкарыстоўвае разнастайныя адукацыйныя методыкі, бо мяркуе, што такі падыход таксама дазваляе захоўваць цікавасць вучняў да прадмета. Асаблівы ўпор Надзея Германаўна робіць на прымяненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Актыўна выкарыстоўвае на занятках магчымасці інтэрнэту, інтэрактыўнай дошкі, аўтарскія мультымедыйныя прэзентацыі, электронныя тэсты, розныя вучэбныя праграмныя прадукты. Нядзіўна, што яе ўрокі дзеці заўсёды пакідаюць задаволенымі, з новымі патрэбнымі ведамі.
Акрамя практычна штодзённых вучэбных і факультатыўных заняткаў, Надзея Савіна паспявае праводзіць і пазаўрочныя мерапрыемствы. Асаблівае значэнне настаўніца надае рабоце з адоранымі навучэнцамі. Арыентуецца ў асноўным на іх удзел у алімпіядным руху. З таленавітымі вучнямі яна сустракаецца амаль штодзённа. Разам яны інтэнсіўна вывучаюць вучэбны матэрыял школьнай праграмы, паступова выходзячы за яе рамкі. Важным Надзея Германаўна лічыць і стварэнне спрыяльных умоў для падрыхтоўкі. Яна матывуе вучняў на самастойную працу, пастаяннае актыўнае прымяненне ведаў на практыцы.
Дарэчы, заняткі са здольнымі навучэнцамі Надзея Савіна праводзіць не толькі на базе гімназіі. Яна ўваходзіць у склад гарадскога трэнерскага клуба па інфарматыцы, які па суботах наведваюць дзеці з розных школ. Дзейнасць клуба дазваляе вучням канкурыраваць, спаборнічаць адно з адным, што потым дапамагае ім лягчэй адаптавацца да абстаноўкі на рэальных алімпіядах ці конкурсах.
— Важнай для поспеху з’яўляецца і псіхалагічная падтрымка, матывацыя. Для мяне ўсе адораныя вучні быццам становяцца роднымі дзецьмі. Паразуменне, блізкія, даверлівыя ўзаемаадносіны таксама адзін са складнікаў будучых вучнёўскіх перамог, — падкрэслівае Надзея Германаўна.
Такі падыход да працы прыносіць адпаведны вынік. Вучні Надзеі Савінай 27 разоў выходзілі ў прызёры трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы. На заключным этапе спаборніцтваў яны ў свой час заваявалі пяць пераможных дыпломаў.
Надзея Германаўна таксама дасягнула пэўных вышынь у педагагічнай дзейнасці. За плённую працу яна была адзначана ганаровымі граматамі мясцовых выканаўчых улад, з’яўляецца лаўрэатам спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы адоранай моладзі. Нягледзячы на гэтыя ўзнагароды, Надзея Савіна працягвае ўдасканальваць настаўніцкае майстэрства. Як і раней, імкнецца да таго, каб дапамагчы сваім вучням рэалізаваць сябе, бо галоўнае для яе — бачыць, якіх поспехаў дасягаюць дзеці.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Надзеі САВІНАЙ.