Працай і ведамі

- 11:46Навіны рэгіёнаў

Вышэйшую ўзнагароду — нагрудны знак адрознення “За ўклад у развіццё Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова” — заснавала ўстанова вышэйшай адукацыі ў сваю 105 гадавіну. Знак атрымаў афіцыйны статус пасля зацвярджэння Геральдычным саветам пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь 7 лютага 2018 года, паведамілі ва ўніверсітэце.

Нагрудны знак выкананы ў выглядзе медаля, на якім адлюстравана сімволіка навучальнай установы, год яе заснавання і лозунг — крылатая фраза на лацінскай і беларускай мовах — Labore et scientia, “Працай і ведамі”.

Згодна з Палажэннем “Аб нагрудным знаку ўстановы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова” да ўзнагароды будуць прадстаўлены супрацоўнікі, якія сваёй шматгадовай плённай працай і выдатнымі дасягненнямі спрыялі ўмацаванню ўніверсітэта, росту яго прэстыжу і захаванню яго гістарычных традыцый. Таксама вышэйшай узнагародай могуць адзначацца іншыя грамадзяне Рэспублікі Беларусь і замежныя рэзідэнты — прадстаўнікі навукі, культуры, адукацыі, дзяржаўнага і мясцовага кіравання, эканомікі і іншых сфер, якія сваёй дзейнасцю ўнеслі значны асабісты ўклад у развіццё магілёўскага ўніверсітэта.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота прадастаўлена МДУ імя А.А.Куляшова.