Працаваць і кіраваць з любоўю

Метад націску і дэманстрацыя ўлады не з’яўляецца эфектыўным спосабам кіравання. Кіраўніку неабходна шукаць іншыя падыходы да супрацоўнікаў, з улікам той сітуацыі, якая складваецца ў калектыве. Ён павінен быць гібкім, умець бачыць праблемы, вызначаць перспектывы і заўсёды мець свежыя ідэі па ўдасканаленні работы ўстановы. У гэтым упэўнена загадчык ясляў-сада № 566 Мінска Вераніка Станіславаўна Каралькова. Вопыт яе кіраўніцкай работы ў 2013 годзе быў адзначаны прэміяй Мінгарвыканкама. Сёння яна дзеліцца з намі сакрэтамі свайго поспеху на гэтым шляху, расказвае аб маральным і матэрыяльным заахвочванні супрацоўнікаў, аб тым, як яна ператварыла звычайны калектыў у каманду аднадумцаў.

Калектыў або каманда?

Прафесійная дзейнасць Веранікі Станіславаўны пачалася ў 17 гадоў, калі яна ўладкавалася памочнікам выхавальніка ў дзіцячы сад. А потым адна за другой былі ўсе прыступкі кар’ернай лесвіцы. І вось ужо 14 гадоў яна на пасадзе загадчыка дашкольнай установы. Праблемы лідарства і асабістай прафесійнай кампетэнтнасці, самаўдасканалення і іміджу яе цікавілі заўсёды. У мінулым годзе мая суразмоўца прымала ўдзел у конкурсе “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”, дзе ў намінацыі “Лідар адукацыі” выйшла ў фінал. У Партызанскім раёне Мінска ёй у гэтай жа намінацыі ўручылі прэмію “Трыумф”. З мэтай набыцця неабходных для загадчыка сада ведаў Вераніка Станіславаўна нядаўна прайшла курсавую падрыхтоўку па ўдасканаленні кіраўніцкай дзейнасці ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
“У 2011 годзе я сутыкнулася з вялікай праблемай — адтоку кадраў, — прыгадвае Вераніка Станіславаўна. — Прафесійна падрыхтаваныя педагогі звальняліся, таму што знаходзілі пасады з больш высокім заробкам, пераходзілі ў тым ліку і ў прыватныя ўстановы адукацыі. На гэтым фоне паміж супрацоўнікамі ўзнікалі міжасабовыя праблемы, зніжалася матывацыя да працоўнай дзейнасці і самаадукацыі. Жаданых вынікаў у рабоце калектыў ужо не дасягаў. Перада мной паўстала задача: утрымаць педагогаў, зацікавіць іх чымсьці новым, нестандартным у самім працэсе іх работы, каб не толькі матэрыяльны стымул “саграваў” іх.
Імкнулася знайсці лепшыя спосабы раскрыцця прафесійных і асабістых якасцей сваіх калег, каб кожны з іх адчуў сябе значным і незаменным, мог выказаць сваё меркаванне і быў упэўнены, што яго пачуюць. Маёй мэтай стала стварэнне згуртаванай каманды аднадумцаў. Якія адметнасці каманды і чым яна адрозніваецца ад звычайнага калектыву супрацоўнікаў? Перш за ўсё, на мой погляд, каманда — гэта група спецыялістаў, якія падпарадкоўваюцца адным правілам, зацікаўлены ў дасягненні агульнага выніку і прыкладаюць для гэтага ўсе намаганні. Каманда спрыяе праяўленню індывідуальнасці кожнага яе ўдзельніка і падтрымлівае любую ініцыятыву. Кіраўнік каманды знаходзіцца не над супрацоўнікамі, а побач з імі, і з’яўляецца звяном, якое аб’ядноўвае ўвесь калектыў. Калі такое ўдаецца ажыццявіць, то людзі ідуць на работу не толькі за заробкам, а яшчэ і за натхненнем і працуюць з любоўю”.

Майстэрства жыць сярод людзей

“Гнуткі падыход да стымулявання і рэальная ацэнка значнасці кожнага ў агульнай справе — вось тое, чаго, на мой погляд, трэба прытрымлівацца кіраўніку пры ўзаемаадносінах з калектывам, — адзначае Вераніка Станіславаўна. — Хтосьці з супрацоўнікаў больш цэніць матэрыяльнае заахвочванне, другога натхняе маральная падтрымка яго прафесійных дасягненняў, а камусьці неабходны проста ўвага, разуменне і часам нават удзел у вырашэнні асабістых жыццёвых праблем”.
Сфарміраваць каманду можна з ліку толькі тых людзей, якія не канфліктуюць паміж сабой. Каб высветліць, наколькі талерантны калектыў 566-га ясляў-сада, педагог-псіхолаг установы Ніна Фёдараўна Маліноўская праводзіла дыягностыку. Тых супрацоўнікаў, якія былі схільны да канфліктаў, яна запрашала на спецыяльныя псіхалагічныя трэнінгі, падчас якіх яны вучыліся майстэрству жыць сярод людзей. Зараз усе канфлікты ва ўстанове агульнымі намаганнямі ліквідуюцца, яшчэ не паспеўшы разгарэцца.
У садзе ўзнікла творчая група педагогаў, якая па любых пытаннях і праблемах рыхтуе свае прапановы і ідэі. Пры гэтым кожны супрацоўнік сада можа адкрыта выказаць свае заўвагі, і яны ўлічваюцца і разглядаюцца творчай групай і кіраўніцтвам. Адзін раз у квартал Вераніка Станіславаўна сустракаецца з супрацоўнікамі ў творчай майстэрні кіраўніка. Праводзіць так званыя коўчынг-сустрэчы, падчас якіх педагогі набываюць як тэарэтычную падрыхтоўку па ўзаемадзеянні ў камандзе, так і практычную. Падчас актыўнага абмеркавання на адной з такіх сустрэч былі выбраны гімн, герб і сцяг дашкольнай установы.
З мінулага года раз у квартал на базе сада праходзяць пасяджэнні метадычнага аб’яднання педагогаў-дашкольнікаў Партызанскага раёна. Як кіраўнік раённага клуба загадчыкаў дашкольных устаноў “Эверэст” Вераніка Станіславаўна дзеліцца сваімі творчымі знаходкамі і вопытам і ў сваю чаргу ўкараняе вопыт калег у практыку дашкольнай установы. Кіраўнікі садоў падчас сустрэч абмяркоўваюць самыя актуальныя пытанні — атэстацыю педработнікаў, вядзенне нарматыўных дакументаў, планаванне і прагназаванне з улікам ужо дасягнутых вынікаў і перспектыў.
“Адно з пытанняў, якое пастаянна ў цэнтры ўвагі на пасяджэннях клуба загадчыкаў садоў — матэрыяльнае заахвочванне педагогаў, — адзначае Вераніка Станіславаўна. — Мы дзелімся сваім вопытам гнуткай сістэмы матэрыяльнага стымулявання. Кожны наш супрацоўнік атрымлівае дадатковую прэмію або надбаўку за пэўнае дасягненне, за вынікі работы. Заахвочваць работнікаў мы можам як з бюджэтных сродкаў, так і са сродкаў, атрыманых ад аказання платных паслуг”.
У садзе працуе “Маміна школа”, у межах якой ажыццяўляецца навучанне дзяцей плаванню з 3 месяцаў і да дасягнення імі 3 гадоў. Сярод дадатковых паслуг для дзяцей, якія наведваюць сад, — плаванне і аэробіка. З 2013 года была арганізавана група з комплексам дадатковых паслуг для дзяцей сярэдняга дашкольнага ўзросту. На платнай аснове прапаноўваюцца гурткі інтэлектуальнага цыкла (па падрыхтоўцы да школы), эстэтычнага (па вакале і харэаграфіі) і гурток па навучанні англійскай мове.
“Калі ў групе, напрыклад, зніжаецца ўзровень захваральнасці — значыць, выхавальнікі будуць прэміраваны, — працягвае Вераніка Станіславаўна. — Добра папрацавалі педагогі з бацькамі, напрыклад, пры правядзенні творчых сустрэч, конкурсаў, выстаў-кірмашоў — таксама атрымліваюць дадатковае матэрыяльнае ўзнагароджанне. З поспехам выступілі на раённых або гарадскіх конкурсах і мерапрыемствах — зноў матэрыяльнае заахвочанне. Педагогі, якія маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, доўгія гады працуюць у садзе і маюць станоўчы вопыт зносін з бацькамі, з соцыумам, з дзецьмі, таксама атрымліваюць дадатковыя даплаты за сваю дзейнасць. За кожным з вопытных педагогаў кіраўніцтва сада замацоўвае маладых спецыялістаў, якія могуць знайсці ў іх адказ на любое пытанне.
Сад, дарэчы, стаў базай для праходжання практыкі студэнтамі ўніверсітэтаў. Мы клапоцімся аб маладых кадрах, аб тым, каб ім было камфортна ў нашай установе. У пачатку рабочага дня я перш за ўсё заходжу ў ясельныя групы, дзе працуюць маладыя спецыялісты Настасся Ігараўна Юхнік і Віялета Юр’еўна Панова. Як вядома, галоўная праблема, з якой сутыкаюцца педагогі ў яслях, — неадаптаванасць малышоў да ўмоў сада. І тут толькі тэарэтычныя веды не дапамогуць, патрэбна яшчэ ўласная кемлівасць і фантазія. Як супакоіць малыша, калі дзверы за мамай зачыніліся? Часам трэба забыць, што ты дарослы, і ператварыцца, напрыклад, у кошачку, сабачку або лісічку. Апрануць маску, стаць на калені і папоўзаць разам з дзіцем, парыкаць разам з ім і памяўкаць. Аднойчы і мне давялося пабыць у такой ролі, каб наглядна прадэманстраваць маладому педагогу прыём падобных зносін з малышамі. Нават мамы іншы раз здзіўлена глядзяць на такую нашу “работу” з дзецьмі, спрабуюць і сфатаграфаваць на памяць, але паступова прывыкаюць да таго, што ў нас так прынята працаваць”.

“Пошта даверу” для бацькоў

Сёння яслі-сад № 566 Мінска — адна з нямногіх дашкольных устаноў сталіцы, якая практычна поўнасцю ўкамплектавана выхавальнікамі і памочнікамі выхавальнікаў. За апошнія два гады павялічылася колькасць педагогаў з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй (да 60 працэнтаў). Сёння тут працуюць 30 творчых, энергічных і ўлюбёных у сваю справу педагогаў, якія не ведаюць, што такое прафесійнае выгаранне. Іх аб’ядноўвае не толькі работа, але і адпачынак — традыцыйна сумеснае правядзенне свят, сумесныя паездкі на прыроду, паходы ў тэатр, на канцэрты, спартыўныя мерапрыемствы.
Многія педагогі ўдзельнічаюць у выставах, конкурсах, творчых майстэрнях. Выхавальнік Аксана Міхайлаўна Наркевіч заняла прызавое месца на рэспубліканскім конкурсе “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”. У гарадскім конкурсе на званне “Выхавальнік года” ўдзельнічала Алена Фердынандаўна Канапацкая. Першае месца ў конкурсе на лепшы кабінет псіхолага сярод дашкольных устаноў раёна ў 2012 годзе было ў Ніны Фёдараўны Маліноўскай. У адпаведным конкурсе на лепшы кабінет выхавальніка перамога ў Людмілы Генадзьеўны Адынец. Сёлета ў ясляў-сада № 566 трэцяе месца ў раённым конкурсе на лепшы кабінет кіраўніка фізвыхавання. На стэндзе каля спартыўнай залы ўстановы можна ўбачыць шматлікія граматы педагогам за дасягненні ў фізічным выхаванні дашкольнікаў. Музычныя кіраўнікі сада Наталля Уладзіміраўна Міхальцова і Алена Уладзіміраўна Кот атрымлівалі перамогі на раённым фестывалі “Карусель дзяцінства”. Зараз яны разам з дзецьмі рыхтуюцца да конкурсу-фестывалю дзіцячай творчасці на лепшы творчы калектыў, лепшага спевака, лепшага чытальніка і лепшую дзіцячую работу аб сваёй дашкольнай установе.
У мінулым годзе яслі-сад стаў першым у рэйтынгу сярод устаноў дашкольнай адукацыі Партызанскага раёна Мінска. Установа карыстаецца бясспрэчным аўтарытэтам сярод бацькоў. З кожным годам павялічваецца колькасць выпускнікоў сада, якія становяцца першакласнікамі гімназій. Аб прэстыжнасці ўстановы сведчаць вынікі анкетавання сярод бацькоў, а таксама лісты-падзякі ад іх, якія яны пакідаюць у “пошце даверу” — спецыяльнай скрынцы каля ўваходу ў сад.

Планы і перспектывы

“У маіх найбліжэйшых планах — стварыць адзіную адукацыйную сетку ўстаноў у мікрараёне Дражня, якія б асаблівую ўвагу ўдзялялі пытанням пераемнасці паміж дзіцячым садам і школай, — сказала Вераніка Станіславаўна. — У нашага сада ўжо наладжана супрацоўніцтва з дзвюма школамі мікрараёна (№№ 223 і 72), у якія паступаюць нашы дзеці. Ёсць традыцыі ўзаеманаведвання, сумеснага правядзення заняткаў, экскурсій, дзён адкрытых дзвярэй, спецыялісты ўстаноў выступаюць перад калегамі і бацькамі па самых розных пытаннях. Хацелася б такую работу зрабіць яшчэ больш разнастайнай. Наш сад можа выступіць ініцыятарам стварэння адукацыйнага цэнтра ў мікрараёне. Мацярынская школа, на мой погляд, павінна працаваць не толькі для малышоў, што вучацца плаваць і адаптуюцца да ўстановы. На яе занятках могуць разглядацца пытанні планавання сям’і, прэнатальнага выхавання, закранацца ўсе аспекты дашкольнага жыцця і падрыхтоўкі да школы. Мы разглядаем магчымасць аб’яднання праграм па падрыхтоўцы да школы — садаўскай і школьнай — па ўсіх аспектах: па мэтах, задачах, структуры, праграмным змесце.
Днямі нашай установе спаўняецца 20 гадоў! Цікавых ідэй і планаў у нас яшчэ вельмі многа. Спадзяюся, што нашай камандзе хопіць часу і сіл на ажыццяўленне задуманага”.

 

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.