Працаваць і прыносіць карысць грамадству

- 11:23Спецыяльная адукацыя

У сярэдняй школе № 29 Бабруйска адзінаццаты год функцыянуе клас інтэграванага навучання і выхавання, у якім вучацца дзеці з парушэннямі зроку. Работу з імі з 2006 года курыруе настаўнік-тыфлапедагог Марына Віктараўна Абазовік. Сваіх навучэнцаў яна разумее вельмі добра, паколькі сама з’яўляецца чалавекам з інваліднасцю па зроку. Марына Віктараўна — член савета грамадскага аб’яднання інвалідаў “Асаблівы свет”, прадстаўляе інтарэсы арганізацыі ў Магілёўскай вобласці, з’яўляецца каардынатарам шэрага праектаў, якія маюць інклюзіўную накіраванасць.

У 2016 годзе мая суразмоўніца сабрала ініцыятыўную групу, у якую ўвайшлі педагогі спецыяльнай адукацыі Бабруйска, якія разам арганізавалі ў сваім рэгіёне рух “Інклюзіўнае грамадства”.

На асабістым прыкладзе

“Да 14 гадоў я вучылася ў сярэдняй школе № 29 Бабруйска, дзе цяпер і працую, — адзначае Марына Віктараўна. — А ў 14 гадоў у выніку траўмы (трапіла пад машыну, ад моцнага ўдару патыліцай адслаілася сятчатка вачэй) я поўнасцю страціла зрок. Сваё навучанне працягнула ў спецыяльнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі зроку ў Гродне, якую скончыла з сярэбраным медалём. У інтэрнаце з самага пачатку паводзіла сябе як вожык, не хацела ні з кім сябраваць, часта сядзела адасоблена. Але паступова адаптавалася да сітуацыі, прыйшло захапленне музыкай, вучобай. Страта зроку змяніла мяне поўнасцю, у адзін момант я пасталела. Збіралася стаць музыкантам, але ў 11 класе памяняла рашэнне і паступіла без асаблівай падрыхтоўкі ў БДПУ імя Максіма Танка на спецыяльнасць “Дэфекталогія” (“Тыфлапедагогіка”) з дадатковай спецыяльнасцю “Педагогіка і псіхалогія дашкольная”.

Вярнулася Марына Абазовік працаваць у родную школу, дзе яе вельмі добра сустрэлі. Педагог пачала праводзіць з навучэнцамі карэкцыйныя заняткі па развіцці зрокавага ўспрымання (у сярэднім звяне), прасторавым арыентаванні і мабільнасці, чытанні і пісьме з выкарыстаннем шрыфту Брайля (для пачаткоўцаў). Акрамя таго, дзецям з АПФР у пачатковых класах Марына стала выкладаць асноўныя прадметы. Штодня яна клапоціцца пра стварэнне спрыяльнага псіхалагічнага мікраклімату ў дзіцячым калектыве. Марына Віктараўна праводзіць з вучнямі класныя гадзіны па фарміраванні талерантных адносін да дзяцей з інваліднасцю, а ў старшых школьнікаў — заняткі па сацыяльным арыентаванні, дапамагае ім асвойваць сучасныя сродкі камунікацыі — спецыяльныя праграмы, якія дазваляюць невідушчаму чалавеку атрымліваць доступ да патрэбнай інфармацыі, працаваць у інтэрнэце і выкарыстоўваць розныя праграмы без удзелу зроку, а таксама фарміруе сацыяльную кампетэнтнасць старшакласнікаў пры выбары будучай прафесіі.

“Я працую ў цеснай узаемасувязі з усім педагагічным калектывам школы, — заўважае Марына Віктараўна. — Аказваю метадычную дапамогу настаўнікам, якія працуюць у інтэграваных класах. Супрацоўнічаю і са спецыялістамі ЦКРНіР і іншых устаноў раёна. Разам мы стварылі ініцыятыўную групу педагогаў і арганізоўваем інклюзіўныя мерапрыемствы, валанцёрскі рух у горадзе. У працэсе рэалізацыі сваіх ініцыятыў мы звяртаем увагу грамадскасці на праблемы людзей з асаблівымі патрэбамі, фарміруем станоўчыя ўстаноўкі ў адносінах да дзяцей з АПФР у педагогаў масавых школ і бацькоў здаровых дзяцей. Арганізоўваем і праводзім семінары, трэнінгі, накіраваныя на ўкараненне ідэй інклюзіўнай адукацыі ў рэгіёне, на рэабілітацыю людзей з асаблівымі патрэбамі, іх паспяховую сацыялізацыю і адаптацыю. Са сваёй практыкі скажу, што дзеці з АПФР, якія вучацца ў звычайных школах, хутчэй, чым навучэнцы спецшкол, уключаюцца ў кола сацыяльных узаемасувязей. Яны маюць магчымасць адчуваць рэальныя патрабаванні з боку тых, хто побач, да ўзроўню сваіх ведаў, да самастойнасці, гібкасці ў паводзінах і мабільнасці. І імкнуцца адпавядаць агульным патрабаванням”.

Сацыяльна значныя праекты

У 2014 годзе Марына Абазовік з’яўлялася каардынатарам праекта “Будучыня дзяцей — у нашых руках”, які быў прызнаны лепшым у фінале Рэспубліканскага конкурсу сацыяльных праектаў SOCIAL WEEKEND. Сродкі, атрыманыя на яго рэалізацыю, пайшлі на набыццё некалькіх камп’ютараў, а таксама развіццёвых гульняў і цацак для карэкцыйных заняткаў у яслях-садзе № 5 Бабруйска, дзе мая суразмоўніца ў той час працавала настаўнікам-дэфектолагам у спецыялізаванай групе для дзяцей з парушэннямі зроку. У тым жа годзе Марына Віктараўна рэалізавала праект пры дапамозе MaeSens — краўдфандынгавай платформы. Такім чынам былі сабраны сродкі на набыццё сучаснага камп’ютарнага абсталявання (ноўтбука, сканера, прынтара, аўдыясістэмы) для кабінета настаўніка-тыфлапедагога сярэдняй школы № 29 Бабруйска.

Зараз Марына займаецца праектамі, накіраванымі на працаўладкаванне людзей з інваліднасцю. У кастрычніку 2016 года яна ўдзельнічала ў міжнароднай канферэнцыі “Інклюзіўныя працэсы ў адукацыі”, дзе выступіла з дакладам на тэму “Фарміраванне сацыяльнай кампетэнтнасці пры выбары прафесіі слабавідушчымі старшымі школьнікамі ва ўмовах інтэграванага навучання і выхавання”.

“Нягледзячы на тое, што статыстычныя падлікі ў сферы занятасці інвалідаў рабіць даволі складана, можна сказаць, што каля 80% людзей з інваліднасцю ў Беларусі — беспрацоўныя, — гаворыць мая суразмоўніца. — Што тычыцца сур’ёзных форм інваліднасці (а гэта людзі з абмежаваннем мабільнасці, з парушэннямі зроку, слыху I і II групы), то там беспрацоўе дасягае 90—95%. Пры такіх паказчыках гаварыць аб тым, што ёсць інваліды, якія проста не хочуць працаваць, нелагічна.

Пошук прафесіі варта пачынаць са школы. Асаблівую ўвагу падчас карэкцыйных заняткаў з навучэнцамі ўдзяляю фарміраванню ў іх сацыяльнай кампетэнтнасці, развіццю іх станоўчых асабістых якасцей, іх разумнай самаацэнцы пры выбары прафесіі. У майго вучня з парушэннямі зроку Аляксея Кульваноўскага, які сёлета заканчвае 11 клас, былі сур’ёзныя сумненні наконт выбару прафесіі. Разам з псіхолагам мы працавалі з юнаком, праводзілі дыягностыку, выяўлялі ўсе “за” і “супраць”. У выніку Аляксей вырашыў паступаць у медыцынскі каледж на масажыста”.

Марына Віктараўна лічыць, што ў нашым грамадстве неабходна фарміраваць пазітыўнае меркаванне аб людзях з АПФР, аб тым, што яны могуць працаваць і прыносіць карысць грамадству. У той жа час неабходна павысіць прававую інфармаванасць людзей з абмежаваннямі ў пытаннях іх працаўладкавання, а таксама дасведчанасць спецыялістаў і патэнцыяльных работадаўцаў аб неабходнасці рэалізацыі палажэнняў Канвенцыі аб правах інвалідаў, да якой далучылася наша краіна.

Зараз грамадскае аб’яднанне інвалідаў “Асаблівы свет” у партнёрстве з Тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Бабруйска пры падтрымцы Еўрасаюза пачалі рэалізоўваць новы праект. Яго асноўным мерапрыемствам стане правядзенне семінара-кансультацыі “Праблемы і перспектывы працаўладкавання людзей з інваліднасцю ў Бабруйску”. Падчас семінара будзе выпрацаваны план далейшых дзеянняў па арганізацыі пошуку работы для людзей з інваліднасцю і будзе закладзена аснова для стварэння сістэмы забеспячэння іх працоўнай занятасці ў Бабруйску. У праекце прымуць удзел спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Бабруйскага гарвыканкама, грамадскіх арганізацый, людзі з інваліднасцю і патэнцыяльныя работадаўцы. Будзе арганізавана супрацоўніцтва з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, арганізацыямі і прадпрыемствамі горада з мэтай вызначэння магчымых відаў дзейнасці для людзей з інваліднасцю, аб’ёмаў іх занятасці. Пройдуць інфармацыйныя кампаніі, будуць распаўсюджвацца інфармацыйныя буклеты, выйдзе зборнік па відах працоўнай дзейнасці для людзей з інваліднасцю. Плануецца, што да праекта далучацца некалькі соцень людзей з інваліднасцю Бабруйска.

Надзея ЦЕРАХАВА.