Працаваць на апярэджванне

— Галоўнае для сучаснага кіраўніка — яснае бачанне канчатковых мэт, разуменне маштабнасці і глыбіні задач, якія стаяць перад грамадствам, правільнае вызначэнне прыярытэтаў, фармулёўка і прагназаванне выніку. Эфектыўны кіраўнік вырашае галоўную задачу — забяспечыць апераджальны характар адукацыі: ставіць задачы, якія важныя сёння і якія стануць яшчэ больш важнымі заўтра, а галоўнае, умець знаходзіць шляхі іх вырашэння, — мяркуе госць сённяшняй “Суботняй планёркі” начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Капыльскага райвыканкама Алена КАРПОВІЧ.

—  Алена Алегаўна, як сістэма адукацыі раёна падрыхтавалася да новага навучальнага года?

— Новы навучальны год асаблівы для нашай сістэмы адукацыі. Як вядома, сёлета на Капыльшчыне прайшоў Дзень беларускага пісьменства, што для нас вялікі гонар і вялікая адказнасць адначасова. Таму мы прыклалі максімум намаганняў, каб школы і дзіцячыя сады не толькі выглядалі рэспектабельна, але і ў іх было камфортна вучыцца і вучыць.

Найбольш маштабны рамонт прайшоў у сярэдняй школе № 2 Капыля імя Цішкі Гартнага. Там абноўлены фае першага паверха, калідоры, праведзены бягучы рамонт спартыўных залаў. Прыведзены ў парадак ганак і цокаль, фасад будынка стаў яркім і маляўнічым. Заменены аконныя блокі, абноўлены стадыён, спартыўная і гандбольная пляцоўкі.

Што тычыцца ўстаноў адукацыі, якія знахо­дзяцца ў сельскай мясцовасці, то тут варта адзначыць Цімкавіцкую сярэднюю школу, дзе ўсе рамонтныя работы па падрыхтоўцы ўстановы адукацыі ажыццяўляліся ўласнымі сіламі. Для гэтага былі выкарыстаны пазабюджэтныя сродкі ў памеры 12 300 рублёў. У Ванелевіцкай сярэдняй школе рамонт выкананы таксама за кошт пазабюджэтных сродкаў і ўласнымі сіламі: пафарбаваны плот, фасад па перыметры будынка, падмурак і некаторыя іншыя элементы, а таксама часткова пафарбаваны сцены ў сталовай, фае школы. Заменена падлога ў сталовай і вучэбных кабінетах. Праведзена афарбоўка разметкі ў спартыўнай зале і надворнага спартыўнага абсталявання, пабелена схові­шча для агародніны. Устаноўлены жалюзі ў кабінеце, дзе вучацца пачатковыя класы. Набыты 7 камплектаў вучнёўскай мэблі.

У новым навучальным годзе ў школах горада і Капыльскага раёна вучацца 2669 навучэнцаў (у гарадскіх школах — 1428 чалавек, у сельскіх — 1241). Упершыню пераступілі парог школы 254 першакласнікі, што крыху больш, чым летась. 

—  Як быў арганізаваны летні адпачынак дзяцей?

—  У летні перыяд аздаравіліся 1082 дзіцяці нашага раёна. Дзейнічала 37 лагераў: 3 кругласутачныя, 22 дзённыя, 3 лагеры працы і адпачынку і 9 профільных лагераў. Асаблівая ўвага ўдзяляецца аздараўленню сацыяльна неабароненых катэгорый дзяцей. У перыяд летняй кампаніі бясплатнымі пуцёўкамі былі забяспечаны 63 дзіцяці-сіраты, 5 дзяцей-інвалідаў і 69 дзяцей з малазабяспечаных сем’яў. Выхаванцы наведвалі лагеры не толькі на базе раёна, але і выязджалі ў стацыянарныя лагеры Бярэзінскага раёна “Папараць-кветка” і Дзяржынскага раёна “Дружба”.

—  Якія дасягненні вучняў і педагогаў натхняюць на далейшую творчасць?

—  Вынікі атэстацыі паказваюць, што ў цэлым якасць адукацыі выпускнікоў павышаецца. Назіраецца стабільная станоўчая дынаміка па колькасці выпускнікоў, якія здалі экзамены на высокім і дастатковым узроўнях па завяршэнні навучання і выхавання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. У межах профільнага навучання ў старшых класах навучэнцы вывучалі прадметы на павышаным узроўні. У раёне адкрыты класы педагагічнай і аграрнай накіраванасці.

Высокай ацэнкі вартыя нашы стабальнікі: выпускніца сярэдняй школы № 2 Капыля Дар’я Гірко вызначылася на ЦТ па рускай мове (настаўніца Н.А.Скрыпінская), выпускніца гімназіі Зарына Коршук атрымала 100-бальны сертыфікат за перамогу на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры (настаўніца Л.В.Лазоўская). Сем выпускнікоў гімназіі, сярэдніх школ № № 2 і 3 Капыля таксама паказалі дастойныя вынікі пры здачы цэнтралізаванага тэсціравання, выканаўшы заданні на 90 балаў і больш.

Значная ўвага ў раёне ўдзяляецца конкурсу “Я — даследчык”. Штогод нашы навучэнцы пачатковых класаў, выхаванцы ўстаноў дашкольнай адукацыі прымаюць удзел у абласным этапе.

На рэспубліканскім этапе рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Іх подзвіг у памяці нашчадкаў захаваем” у намінацыі “Пошук. Знаходкі. Адкрыцці” ў напрамку “Даследчая работа” нашы вучні атрымалі дыплом І ступені (кіраўнік — настаўнік інфарматыкі Каменскага дзіцячага сада — сярэдняй школы І.В.Крэпскі).

Вельмі натхніў той факт, што па выніках ­удзелу навучэнцаў у спаборніцтвах абласной спартакіяды раён павысіў свае пазіцыі з 6-га на 2-е месца. У скарбонцы рэгіёна дыплом ІІІ ступені па зімовым мнагаборстве “Здароўе” (падрыхтаваў каманду А.М.Шакун, настаўнік фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 2 Капыля), дыплом І ступені па гандболе сярод юнакоў (падрыхтаваў каманду А.І.Пілат, настаўнік фізічнай культуры і здароўя Быстрыцкай сярэдняй школы). Вынікова выступаюць на абласных і рэспубліканскіх спартыўных спаборніцтвах і навучэнцы настаўніка сярэдняй школы № 2 Капыля М.В.Валністага. 

Радуе, што наш раён багаты на творча працуючых педагогаў. На працягу шэрага гадоў у склад абласных творчых груп уваходзяць і прымаюць актыўны ўдзел у іх рабоце настаўніца матэматыкі Л.М.Галуза, настаўнік біялогіі М.П.Стульба (гімназія № 1 Капыля імя М.В.Рамашко), настаўнік тэхнічнай працы І.В.Дубіна (Грозаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа), настаўніца беларускай мовы і літаратуры Т.А.Колас (сярэдняя школа 

№ 2 Капыля). І.В.Дубіна — гэта настаўнік-метадыст, які трансліруе свой вопыт праз уласны сайт “Чарчэнне з цяжкасцю”. Ён з’яўляецца лектарам Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, праводзіць практычныя заняткі на семінарах для настаўнікаў працоўнага навучання і чарчэння, уваходзіць у склад атэстацыйнай камісіі падчас здачы экзамену на вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, з’яўляецца аўтарам дапаможніка для настаўнікаў чарчэння  “Чарчэнне: план-канспект урокаў: 9 клас” і сшытка для практычных работ па чарчэнні, суаўтарам вучэбных дапаможнікаў па тэхнічнай працы. 

Лектарам абласнога інстытута была і настаўніца інфарматыкі Л.Л.Хаміцэвіч (сярэдняя школа № 2 Капыля). Нашы педагогі маюць велізарны і эфектыўны вопыт работы і заўсёды рады падзяліцца ім з калегамі.

—  Алена Алегаўна,  як за летнія месяцы павысілі свой прафесійны ўзровень настаўнікі? Ці прыйшлі ў школы раёна маладыя спецыялісты?

— Планамерна ідзе працэс павышэння кваліфікацыйнага ўзроўню педагогаў раёна. У мінулым навучальным годзе атэставаліся 52 педагогі: 13 — на вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, 23 — на першую, 16 — на другую. У чэрвені 2021 года здалі кваліфікацыйны экзамен на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі на базе МАІРА і будуць праходзіць атэстацыю ў верасні-кастрычніку настаўніца хіміі гімназіі № 1 Капыля Т.У.Івановіч, настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 2 Капыля М.А.Рыбак, настаўніца пачатковых класаў Мажскага дзіцячага сада — пачатковай школы А.В.Маліноўская.

У 2021 годзе ў раён прыбылі 27 маладых спецыялістаў (12 з іх працаўладкаваны ў горадзе, 15 — у сельскіх населеных пунктах). Сярод пачынаючых педагогаў, якія прыбылі да нас на працу, 20 з’яўляюцца ўраджэнцамі раёна. З мэтай набыцця практычных навыкаў, вывучэння эфектыўнага педагагічнага вопыту, павышэння ўзроўню метадычнай падрыхтаванасці маладых спецыялістаў да арганізацыі і правядзення вучэбных заняткаў і выхаваўчых мерапрыемстваў за ўсімі маладымі спецыялістамі замацаваны педагогі-настаўнікі ў асобе высокакваліфікаваных педагогаў.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.