Мядзельшчына — непаўторны куток Беларусі, які славіцца на ўвесь свет сваімі маляўнічымі азёрамі. Як гэта — жыць і працаваць у мясцінах, куды едуць на адпачынак людзі з розных куткоў краіны і замежжа? Як прывіваць дзецям любоў да роднай зямлі і жаданне вяртацца дамоў пасля набыцця вышэйшай адукацыі? На гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” адказала начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Мядзельскага райвыканкама Святлана Кундра.

— Сістэма адукацыі нашага раёна ў апошнія гады дынамічна развіваецца, — дзеліцца сакрэтамі поспеху Святлана Мікалаеўна. — Адзначу, што стабільнае фінансаванне адукацыйнай сферы забяспечвае яе развіццё і выкананне сацыяльных стандартаў. На Мядзельшчыне заўсёды сур’ёзны падыход да ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. Так, толькі на рамонтныя работы па падрыхтоўцы да новага навучальнага года з раённага і абласнога бюджэтаў было выдаткавана звыш 1750 тысяч рублёў. За гэтыя сродкі адрамантаваны, напрыклад, харчаблок у мядзельскай сярэдняй школе № 2, спартзала ў гімназіі Мядзела, спартыўная пляцоўка ў Крывіцкай сярэдняй школе. У Княгінінскай сярэдняй школе капітальна адрамантаваны дах. Калі абагульняць лічбы і факты, то можна зазначыць, што ў 15 установах адукацыі Мядзельшчыны праведзены рамонтныя работы па падрыхтоўцы да новага навучальнага года. І гэта дае плён. Дзеці радасна бягуць у школу 1 верасня, а педагогі з задавальненнем ідуць на работу.
— Дарэчы, пра педагогаў. Як у раёне справы з амаладжэннем кадравага складу педагагічных работнікаў?
— Заўсёды з хваляваннем чакаю той момант у жніўні, калі ў нашы ўстановы адукацыі прыходзяць маладыя калегі. Сёлета ў раёне ўжо прыступілі да работы 15 маладых спецыялістаў, прычым 7 з іх — нашы выпускнікі, якія набывалі педагагічную адукацыю на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Наогул вітаю выдачу мэтавых накіраванняў выпускнікам — яны вернуцца працаваць на малую радзіму. На ўмовах мэтавай падрыхтоўкі на педагагічныя спецыяльнасці ў 2025 годзе паступілі 7 нашых выпускнікоў.
Лічу, што выхоўваць будучую настаўніцкую змену дапамагаюць групы педагагічнай накіраванасці. Іх у нас сёлета адкрыта 7 для 47 навучэнцаў — спадзяюся, нашых будучых калег. Акрамя педагагічных, ва ўстановах адукацыі раёна функцыянуюць 4 групы інжынернай, па 3 групы аграрнай і ваенна-патрыятычнай і група медыцынскай накіраванасці.
— Чым вы асабліва ганарыцеся як кіраўнік адукацыйнай сферы Мядзельскага раёна?
— Мая асаблівая гордасць — поспехі нашых дзяцей. У бягучым годзе ў нашай скарбонцы 4 стабальныя вынікі на ЦЭ: 2 па беларускай мове і па адным па матэматыцы і хіміі. Па 2 стабальныя сертыфікаты атрымалі выпускніца Старлыгскай сярэдняй школы імя І.Аніська Аліна Кумішча і выпускніца нарацкай сярэдняй школы № 2 Паліна Сальмановіч. А навучэнка гімназіі Мядзела Таццяна Жалкоўская атрымала 100 балаў на ЦТ па сусветнай гісторыі. Таленавітыя ў нас дзяўчаты! Ды і хлопцы не адстаюць. Навучэнец гімназіі Мядзела Сяргей Князеў заваяваў дыплом ІІІ ступені на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы. Мы ганарымся нашымі дзецьмі і пастаянна ўдасканальваем умовы для выяўлення і падтрымкі адораных і высокаматываваных навучэнцаў.
Таксама вялікую ўвагу ў раёне ўдзяляем развіццю выхаваўчага патэнцыялу. У апошні час асаблівую ўвагу набыло грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, што важна ў юбілейны год Вялікай Перамогі. З лютага бягучага года ў Крывіцкай сярэдняй школе дзейнічае ваенна-патрыятычны клуб “Памяць”, якім кіруе Аляксандр Іванавіч Франткевіч, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні школы.
У Мядзельскім раёне праводзіцца сістэмная работа па ўпарадкаванні выкарыстання мабільных тэлефонаў ва ўстановах адукацыі. Закуплены і ўсталяваны спецыяльныя шафы з ячэйкамі для захоўвання мабільных прылад. Вызначаны парадак здачы і выдачы тэлефонаў навучэнцаў, прызначаны педагагічныя работнікі, адказныя за гэтую работу. Дарэчы, па словах педагогаў, многія навучэнцы зараз пакідаюць смартфоны дома, што яшчэ больш спрашчае сітуацыю.
— Думаю, што на Мядзельшчыне для выхавання любові да Радзімы выдатна выкарыстоўваюць патэнцыял прыроднай спадчыны. Падзяліцеся, калі ласка, інфармацыяй пра экалагічныя і турыстычныя рэсурсы рэгіёна.
— У Мядзельскага раёна некалькі турыстычных рэсурсаў. Сапраўды, багатая прыродная спадчына дазваляе нам развіваць экалагічны турызм. Думаю, што кожны беларус ведае пра комплекс “Блакітныя азёры”, якім мы надзвычай ганарымся. А яшчэ ганарымся дэндралагічным садам, музеем лесу, сафары-паркам, якія таксама знаходзяцца на тэрыторыі Нацыянальнага парку “Нарачанскі”, экскурсійна-турыстычным комплексам “Аптэкарскі сад” з яго зёлкамі і травянымі гарбатамі.
Мы на Мядзельшчыне сапраўды жывём і працуем на курорце. Уявіце сабе: штогод у здраўніцах на беразе возера Нарач адпачываюць і аздараўляюцца больш за 100 тысяч чалавек. А мы гэтай прыродай і ўнікальным кліматам карыстаемся па праве нараджэння ці пражывання ў раёне. Яшчэ адзін наш рэсурс — гістарычная спадчына. Этнакультурны турыстычны комплекс “Наносы-Адпачынак” шырока вядомы ў Беларусі і далёка за яе межамі. На Мядзельшчыне распаўсюджаны аграэкатурызм, а падрастаючае пакаленне тут выхоўваецца ў тым ліку пры дапамозе жывапісных пейзажаў, выдатнай экалогіі і непаўторнага вясковага каларыту.
Шчыра запрашаем у госці!
Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара





