Выніковая калегія галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама адбылася на базе абласнога Палаца дзяцей і моладзі
У калегіі прынялі ўдзел першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ірына Старавойтава, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, дэпутаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, кіраўнікі абласных і раённых органаў дзяржаўнага кіравання, аддзелаў і ўпраўленняў па адукацыі рай(гар)выканкамаў, устаноў адукацыі рэгіёна.

Аб выніках работы за 2018 год і задачах на 2019 год расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Дзмітрый Хома. Ён праінфармаваў аб ходзе выканання задач, пастаўленых перад сістэмай адукацыі Віцебскім аблвыканкамам. Сярод іх — мабілізацыя дзейнасці сістэмы ў цэлым і кожнай установы адукацыі асобна на дасягненне канкрэтнага выніку, арганізацыя ўмоў для ўсебаковага развіцця асобы дзіцяці і навучэнца, аптымізацыя выдаткаў і аператыўнае паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы і г.д. Над задачамі сістэма адукацыі працуе пры моцнай падтрымцы кіраўніцтва рэгіёна. Больш за дваццаць знакавых для адукацыі рэгіёна мерапрыемстваў у 2018 годзе прайшлі з асабістым удзелам старшынь аблвыканкама Мікалая Шарстнёва і абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміра Цярэнцьева, у многіх прынялі ўдзел старшыні раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў. Пытанне забеспячэння якасці адукацыі, развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі разгледжаны ў мінулым сакавіку на сесіі абласнога Савета дэпутатаў. Усё гэта ўказвае на асаблівую ўвагу і давер органаў улады да работы сістэмы адукацыі.
Як падкрэсліў Дзмітрый Хома, ключавой постаццю ў вырашэнні пастаўленых задач з’яўляецца педагог, здольны адказваць выклікам часу, эфектыўна працаваць у сучасных умовах, самаразвівацца і ясна разумець стратэгію развіцця сістэмы адукацыі, вырашаць дзяржаўныя задачы па навучанні і адукацыі дзяцей. Вобласць забяспечана ў дастатковай колькасці кваліфікаванымі кадрамі. Склалася сістэма маральнага і матэрыяльнага стымулявання вынікаў педагагічнай працы, павышэння кваліфікацыі, работы ў міжкурсавы перыяд. Безумоўна, эфектыўная работа педагога і павышэнне матывацыі навучэнцаў да вучобы патрабуюць пастаяннага ўдасканалення матэрыяльна-тэхнічнай базы, набыцця сучаснай тэхнікі і абсталявання. У 2016—2018 гадах была праведзена сур’ёзная работа ў гэтым напрамку, у тым ліку па набыцці сродкаў навучання, сучаснага вучэбнага абсталявання, спартыўнага інвентару, навучэнскай мэблі.
У мінулым годзе ўведзены ў эксплуатацыю яслі-сад № 113 на 200 месцаў у віцебскім мікрараёне Білева-2, за кошт крэдытных рэсурсаў працягваецца будаўніцтва агульнаадукацыйнай школы на 1020 месцаў у Віцебску, выкананы капітальны рамонт і мадэрнізацыя абласнога Палаца дзяцей і моладзі, з бюджэтных сродкаў набыты 22 аўтобусы і 6 мікрааўтобусаў для арганізацыі падвозу навучэнцаў і выхаванцаў, 7 ізатэрм для падвозу прадуктаў. Істотна адноўлена камп’ютарная тэхніка, школьная мэбля, тэхналагічнае, халадзільнае і іншае абсталяванне ва ўстановах адукацыі, звыш 550 тысяч рублёў выдаткавана на набыццё спартыўнага інвентару.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі выказаў асобную падзяку старшыням Сенненскага, Дубровенскага, Віцебскага, Полацкага, Гарадоцкага, Бешанковіцкага райвыканкамаў, дзе сістэма адукацыі ў мінулым годзе атрымала больш грашовых сродкаў, чым было прадугледжана абласным бюджэтам. Дзмітрый Леанідавіч указаў на неабходнасць у бягучым годзе працягнуць работу па эканоміі бюджэтных сродкаў, павышэнні эканамічнай эфектыўнасці дзейнасці ўстаноў адукацыі, развіцці пазабюджэтнай дзейнасці, а затым прывёў кароткі аналіз рашэння пастаўленых задач па ўзроўнях адукацыі. Характэрна, што па пераважнай большасці паказчыкаў назіраецца выразная станоўчая дынаміка. Напрыклад, у сістэме дашкольнай адукацыі выкананы асноўныя паказчыкі якасці адукацыі, на працягу шэрага гадоў паказчык дзіцячай захваральнасці ніжэйшы за рэспубліканскі. Чарга для накіравання дзяцей ва ўстановы адсутнічае, нарматыў забяспечанасці дашкольнымі месцамі выконваецца з перавышэннем. Рай(гар)выканкамамі заяўлена патрэбнасць у будаўніцтве 9 устаноў дашкольнай адукацыі ў мікрараёнах-новабудоўлях. Сярод пастаўленых на сёлета задач — павышэнне адукацыйнага ўзроўню педагогаў, у прыватнасці, праз атрыманне вышэйшай адукацыі па профілі “педагогіка дзяцінства”, хаця варта заўважыць, што і ў гэтым напрамку за мінулы год зроблены вялікі рывок. У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі выкананы задачы па павышэнні якасных паказчыкаў, палепшыліся вынікі цэнтралізаванага тэсціравання, Рэспубліканскага конкурсу работ навучэнцаў даследчага характару (вобласць выйшла з 4-га на 2-е месца ў рэспубліцы), заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах (на 14 дыпломаў больш, чым у 2017 годзе), заваявана 5 медалёў на міжнародных алімпіядах (у 2017 годзе было 3). Стабільнымі застаюцца паказчыкі якасці адукацыі па выніках выпускных экзаменаў, пры гэтым 42 працэнты выпускнікоў базавай і 37 працэнтаў сярэдняй школы працягнулі навучанне ва ўстановах прафесійнай адукацыі. Рэалізуюцца меры сацыяльнай падтрымкі навучэнцаў, абласным Саветам дэпутатаў прынята рашэнне аб бясплатным праездзе школьнікаў, 62 працэнты навучэнцаў атрымліваюць гарачае харчаванне за кошт сродкаў абласнога бюджэту. З абласнога бюджэту 60,5 тысячы рублёў накіравана на матэрыяльнае стымуляванне адораных дзяцей і педагогаў, 250 тысяч рублёў — на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў, навучэнцы якіх прадэманстравалі высокія вынікі. У вобласці актыўна развіваюцца ІТ-тэхналогіі, робататэхніка і праграмаванне, дапрофільная падрыхтоўка і профільнае навучанне. У бягучым навучальным годзе профільныя класы адкрыты ў 213 установах агульнай сярэдняй адукацыі, на павышаным узроўні прадмет вывучаюць 65,5 працэнта навучэнцаў — самы высокі вынік у вобласці за апошнія 5 гадоў. Прафесійная падрыхтоўка ў рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне” па 21 прафесіі арганізавана ў 170 установах агульнай сярэдняй адукацыі і 10 установах ПТА і ССА, у 30 установах адкрыты класы аграрнай накіраванасці. Падзейным і выніковым быў мінулы год і па такіх напрамках, як прафесійная і спецыяльная адукацыя, ахова дзяцінства, выхаваўчая і ідэалагічная работа, працаўладкаванне выпускнікоў.
— Сістэма адукацыі вобласці павінна працаваць на развіццё, — звярнуўся да ўдзельнікаў калегіі Дзмітрый Хома. — Таму патрабую ад кожнага з вас пастаяннага аналізу сітуацыі і ацэнкі дынамікі па ўсіх напрамках дзейнасці і па кожным паказчыку, дэталёвай прапрацоўкі і прыняцця аптымальных рашэнняў, накіраваных на захаванне і памнажэнне атрыманых вынікаў. Мы павінны разумець, што кожны пражыты год — гэта год будаўніцтва будучыні на карысць нашых выхаванцаў, навучэнцаў, студэнтаў.
Вопытам работы па сваіх напрамках падзяліліся з удзельнікамі калегіі прадстаўнікі раённых органаў улады, органаў кіравання адукацыяй, дырэктары ўстаноў адукацыі, педагогі. Лепшым з лепшых былі ўрачыста ўручаны заслужаныя ўзнагароды.
Знамянальным для адукацыі краіны назвала мінулы год Ірына Старавойтава. Яна акцэнтавала ўвагу, што ў мінулым годзе развіццё сістэмы адукацыі было накіравана на выкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы і ўрада ў адпаведнасці з прынятымі канцэптуальнымі падыходамі. Сёння бачны пэўныя вынікі: у дашкольнай адукацыі паслядоўна вырашаюцца пытанні забяспечанасці, даступнасці, бяспекі дзяцей; у агульнай сярэдняй адукацыі працягнута работа па паэтапным аднаўленні вучэбных праграм; для навучэнцаў 10 класа, якія вывучаюць усе вучэбныя прадметы на базавым узроўні, з 1 верасня арганізавана прафесійная падрыхтоўка ў рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне”. Ёсць і шэраг нявырашаных пытанняў.
— Прафесійна-тэхнічная і сярэдняя спецыяльная адукацыя арыентаваны на дасягненне максімальнай узгодненасці з рынкам адукацыйных паслуг, — адзначыла Ірына Анатольеўна. — Мы адкрыты да ўзаемадзеяння з рэальным сектарам эканомікі, і ў гэтым сэнсе адкрытасць павінна быць рэалізавана ў кожнай установе адукацыі. Трэба выбудоўваць з наймальнікамі планавую сістэмную работу па максімальна эфектыўным узаемадзеянні на ўсіх узроўнях — пачынаючы ад фарміравання заказу на падрыхтоўку кадраў, зместу вучэбных праграм і прафесійных стандартаў да арганізацыі і правядзення практык, кваліфікацыйных экзаменаў, удзелу ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, сафінансаванні прафесійнай падрыхтоўкі. У ліку актуальных задач на найбліжэйшую перспектыву — аптымізацыя і ўдасканальванне магістарскай падрыхтоўкі, яе пераарыентацыя на патрэбнасці адукацыі і навукова-інавацыйнай сферы. Неабходна звярнуць большую ўвагу на пытанні кваліфікацыі кадраў у адукацыі і выхаваўчую работу, арганізаваць сістэмны маніторынг эфектыўнасці дзейнасці ўстаноў па правядзенні комплекснай рэабілітацыі непаўналетніх, ужыванне якімі наркатычных сродкаў, псіхатропаў або іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў, алкагольных напіткаў устаноўлена ў адпаведнасці з заканадаўствам. Асаблівай увагі патрабуе і работа з сем’ямі такіх непаўналетніх. Задачы перад сістэмай адукацыі штогод ставяцца вельмі вялікія, значныя. Калі мы — усе разам і кожны асабіста — адказна і з поўнай аддачай сіл будзем працаваць, то атрымаем дастойны вынік, я ў гэтым упэўнена.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.