Працаваць над тым, каб вярнуцца ва ўстойлівы і ва ўсіх адносінах прагрэсіўны эканамічны рост

- 12:09Інфармацыйная гадзіна

Беларусь спакойна і ўпэўнена пераадольвае няпростую эканамічную сітуацыю. Аб гэтым заявіў 16 снежня журналістам прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў.

“Сітуацыя на знешніх рынках яшчэ больш ускладняецца, тым не менш рэзістэнцыя беларускай эканомікі ўжо не такая, якой была ў снежні мінулага года, калі назіраліся негатыўныя тэндэнцыі на спажывецкім рынку. Знешнія працэсы падобныя, але вы бачыце, што мы спакойна, упэўнена пераадольваем гэтую сітуацыю. Людзі бачаць, што наша эканамічная, грашова-крэдытная, фінансавая палітыка стала прадказальнай”, — адзначыў Андрэй Кабякоў. Ён канстатаваў, што меры, якія прымаюцца, задавольваюць не ўсіх, урад чуе крытычныя заўвагі, стараецца на іх рэагаваць. “Мы робім усё магчымае ў нашай цяперашняй сітуацыі, але без насілля над эканамічным сэнсам. Гэта значыць, мы робім толькі тое, што лічым магчымым і патрэбным на гэты канкрэтны момант”, — растлумачыў прэм’ер-міністр.
Андрэй Кабякоў канстатаваў, што ўрад не ў поўнай меры задаволены вынікамі работы эканомікі па паказчыках 11 месяцаў. “Мы імкнуліся зрабіць усё магчымае, але на знешніх і ўнутраным рынку — няпростая сітуацыя. Тым не менш не ўсё, што планавалася, у нас атрымалася. Таму нейкі элемент незадаволенасці ёсць, але гэта не сведчыць аб тым, што мы склалі рукі і страцілі зарад бадзёрасці і аптымізму, якія датычацца нашых планаў на будучыню”, — падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада.
“Задача стаіць — вярнуцца на траекторыю эканамічнага росту. Сёння (16 снежня. — Заўв. рэд.) прэзідэнт падтрымаў асноўныя праграмныя дакументы на 2016 год: прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця, асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі і праект бюджэту”, — адзначыў Андрэй Кабякоў. Паводле яго слоў, праект бюджэту ўжо разглядаўся з камітэтамі і падкамітэтамі Палаты прадстаўнікоў. “Ужо больш як месяц вельмі грунтоўна працуюць з гэтым дакументам. Разлічваем, што яго разгляд будзе даволі зразумелым і прадказальным, таму што на пераважную большасць пытанняў атрыманы адказы, яны ўлічаны ў максімальнай ступені”, — растлумачыў кіраўнік беларускага ўрада. Паводле яго слоў, у прагнозных дакументах на 2016 год прадугледжаны хоць і невялікі, але эканамічны рост.
“Адным з галоўных пунктаў указа кіраўніка дзяржавы па ацэначных паказчыках эфектыўнасці работы ўрада з’яўляецца збалансаванае эканамічнае развіццё. Інакш кажучы, мы павінны дасягаць эканамічнага росту, не разбалансаваўшы асноўныя эканамічныя прапорцыі. Мы будзем працаваць над тым, каб вярнуцца ва ўстойлівы і ва ўсіх адносінах прагрэсіўны эканамічны рост”, — рэзюмаваў Андрэй Кабякоў.
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў 16 снежня Указ нумар 488 аб назначэнні прэм’ер-міністра. У адпаведнасці з пунктам 6 артыкула 84 Канстытуцыі, на гэтую пасаду назначаны Андрэй Кабякоў. 18 снежня згоду на яго назначэнне дала Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.