Працаваць разам для развіцця Радзімы

- 15:50Актуально

Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка 14 чэрвеня з рабочай паездкай наведаў Міёрскі і Полацкі раёны Віцебскай вобласці.

На Міёршчыне кіраўнік ведамства правёў прыём грамадзян у раённым выканаўчым камітэце, наведаў Чапукоўскі яслі-сад — сярэднюю школу і міёрскую сярэднюю школу № 2, дзе дэталёва азнаёміўся з вучэбна-метадычнай і матэрыяльна-тэхнічнай базай, умовамі навучання і выхавання навучэнцаў. Па выніках знаходжання ў аграгарадку Чапукі міністр станоўча ацаніў работу калектыву ўстановы адукацыі на чале з маладым дырэктарам Уладзімірам Кляўцовым і падкрэсліў: невялікая сельская школа пакінула добрае ўражанне, яна мае патэнцыял для развіцця і моцныя традыцыі, трэба трымацца іх і творча ўзбагачаць.

Падчас прыёму грамадзян узнімалася пытанне падрыхтоўкі кадраў для завода па вытворчасці белай бляхі. Указ № 271 “Аб рэалізацыі інвестыцыйнага праекта і стварэнні імпартазамяшчальнай і экспартна арыентаванай вытворчасці металічнага ліста і белай бляхі ў Міёрах” падпісаны кіраўніком дзяржавы ўлетку 2014 года. Па запрашэнні кіраўніцтва раёна Ігар Карпенка разам з намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімірам Пеніным і начальнікам галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрыем Хомам на месцы азнаёміліся з ходам рэалізацыі аднаго з найбуйнейшых сучасных беларускіх праектаў у галіне металургіі. На тэрыторыі СНД падобныя прадпрыемствы, пабудаваныя ў 70-я гады мінулага стагоддзя, працуюць на Урале і ў Казахстане. Чакаецца, што па шэрагу паказчыкаў, у тым ліку якасці прадукцыі, асартыменту, умовах арганізацыі вытворчасці, міёрскі гігант будзе больш канкурэнтаздольны і не толькі забяспечыць айчынны рынак, але і накіруе значную частку прадукцыі на экспарт. Па словах генеральнага дырэктара ТАА “ММПЗ-груп” (афіцыйная назва завода) Пятра Шымуковіча, белая бляха запатрабавана ў краінах СНД, Еўропы і Азіі, а вытворчасць удала размешчана якраз на скрыжаванні буйных лагістычных калідораў. Увядзенне прадпрыемства ў эксплуатацыю запланавана на лістапад гэтага года.


— Шырокія перспектывы ў сувязі з будаўніцтвам завода адкрываюцца перад усім раёнам, — расказаў старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў. — Вырашаюцца сацыяльныя пытанні. Напрыклад, у Міёрах ужо з’явілася новая вуліца з васьмікватэрных домікаў для спецыялістаў-металургаў. І гэта толькі пачатак. У новым будынку размешчана цэнтральная раённая бальніца, рэканструяваны спартыўны комплекс з басейнам, на парадку дня — адкрыццё высокатэхналагічнага кардыялагічнага цэнтра для экстраннай і планавай дапамогі насельніцтву і экспарту медыцынскіх паслуг (побач мяжа з Еўрасаюзам), новых дзіцячага сада, гандлёва-забаўляльнага комплексу, іншых аб’ектаў. Мы адчуваем моцную дзяржаўную падтрымку. Акрамя таго, сур’ёзны ўклад у развіццё сацыяльнай інфраструктуры ўносяць інвестары.

Што тычыцца кадраў, акцэнт зроблены на мясцовыя рэзервы. Паказальны факт: генеральны дырэктар завода праводзіў спецыяльныя факультатыўныя заняткі ў школах. Дарэчы, сам ён родам з Міёршчыны. Прафесійны і жыццёвы вопыт кіраўніка, які ён сёння аддае на карысць малой радзімы, уражвае: палкоўнік у адстаўцы, доктар тэхнічных навук, вынаходнік, у мінулым — выкладчык ваенна-інжынернай акадэміі.

— Па дагаворы з галоўным упраўленнем па адукацыі аблвыканкама кадры для нашага прадпрыемства рыхтуюць у Наваполацку, — праінфармаваў Пётр Шымуковіч. — Існуе патрэба ў высокакваліфікаваных спецыялістах, арыентаваных менавіта на нашу вытворчасць. Найлепшы, на наш погляд, варыянт — арганізацыя падрыхтоўкі на базе філіяла кафедры, адкрытай непасрэдна на заводзе. У сваю чаргу мы гатовы фінансава пасадзейнічаць ажыццяўленню такога праекта.

Ігар Карпенка падтрымаў прапанову і асобна адзначыў, што для яе рэалізацыі ў сістэме прафесійнай адукацыі створаны ўсе прававыя перадумовы, ёсць і прыклады падобнага фармату супрацоўніцтва наймальнікаў з установамі прафесійнай адукацыі. Праекту дадзена зялёнае святло, завод абавязкова атрымае неабходных спецыялістаў.

Пра асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу ў сярэдняй школе № 2 райцэнтра міністру паведаміў яе дырэктар — Уладзімір Ханецкі. У двух школьных карпусах у адну змену ў рэжыме шасцідзённага школьнага тыдня тут сёлета займаліся 528 навучэнцаў. Для сельскіх школьнікаў наладжаны падвоз з 7 населеных пунктаў. Ва ўстанове адукацыі створаны спрыяльныя ўмовы для адукацыі і развіцця: па 2 бібліятэкі, сталовыя і спартыўныя залы, вучэбныя майстэрнi, 33 вучэбныя кабінеты і 5 кабінетаў настаўнікаў-дэфектолагаў; працуюць групы прадоўжанага дня для вучняў 1—2 класаў, устаноўлены два сучасныя камп’ютарныя класы (поўны пералік наяўных у школе ЭСН налічвае каля 100 найменняў, уключаючы інтэрактыўныя дошкі і мульціборд). На прышкольнай тэрыторыі размешчаны плоскасныя спартыўныя збудаванні, стралковы цір, інтэрнат. Адукацыйны працэс забяспечваюць вопытныя педагогі, 5 з якіх узначальваюць раённыя метадычныя фарміраванні. Асноўнай формай дыферэнцыяцыі з’яўляюцца факультатыўныя заняткі (у бягучым навучальным годзе іх 57, ахоп дзяцей факультатывамі склаў 94%) і профільнае навучанне (адкрыты профільныя групы па вывучэнні фізікі ў 8 класе, матэматыкі, фізікі, англійскай мовы, біялогіі, беларускай мовы ў 10 класе, ёсць профільная група па матэматыцы і фізіцы ў 11 класе, ажыццяўляецца прафесійная падрыхтоўка дзесяцікласнікаў па спецыяльнасці “Цясляр ІІ разраду”). Вядзецца сістэмная работа з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі, функцыянуюць 7 класаў інтэграванага навучання і выхавання.

З 2017 года ўстанова адукацыі рэалізуе інавацыйны праект “Стварэнне і ўкараненне мадэлі адукацыйнай прасторы школы, якая спрыяе свядомаму самавызначэнню навучэнцаў”. Па выніках работы за 2016 і 2017 гады педагагічны калектыў займаў 1-е месца, у 2018 годзе — 2-е месца ў рэйтынгу школ раёна па выкананні паказчыкаў забеспячэння якасці адукацыі.

У сярэдняй школе № 2 Ігар Карпенка правёў сустрэчу з педагагічнай грамадскасцю раёна. У фармаце адкрытага мікрафона ўдзельнікі сустрэчы абмеркавалі актуальныя пытанні развіцця адукацыі, у тым ліку падрыхтоўку і замацаванне кадраў, асаблівасці сістэмы адукацыі Віцебскай вобласці ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі, аптымізацыі і пераходу на нарматыўнае фінансаванне, арганізацыі падвозу навучэнцаў і выхаванцаў з аддаленых населеных пунктаў, ліцэнзаванне ўстаноў адукацыі і пераход да незалежнай атэстацыі, змяненні ў правядзенні прыёмнай кампаніі, змест падручнікаў і вучэбныя праграмы, падтрымка таленавітай і адоранай моладзі.

— Для мяне важныя падобныя паездкі, таму што гэта найперш магчымасць сустрэцца з прафесіяналамі, якія стаяць ля вытокаў сучаснай адукацыі, — звярнуўся да педагогаў міністр. — Можна доўга разважаць аб неабходнасці і мэтазгоднасці пэўных змяненняў з пункту погляду сталічных гімназій і УВА, але ці гатова сёння да іх кожная сельская малакамплектная школа? Галоўны прынцып, абвешчаны на рэспубліканскім педагагічным савеце, — забеспячэнне роўных умоў доступу да якаснай адукацыі ва ўсіх установах, незалежна ад іх месца знаходжання. Мы строга яго прытрымліваемся.

Прыемна, калі я прыязджаю ў сельскія школы і высвятляецца, што ёсць сярод выпускнікоў медалісты, што выпускнікі без дапамогі рэпетытараў паступаюць у прэстыжныя ўніверсітэты з вялікім конкурсам. Трэба, каб падобных прыкладаў было больш. Мы разам вырашаем дзве глабальныя задачы: якасць адукацыі і падрыхтоўка адпаведных педагагічных і навукова-педагагічных кадраў. Свет развіваецца і хутка змяняецца, з’яўляюцца новыя веды, адкрываюцца новыя вытворчасці. Калі мы кажам пра абнаўленне вучэбных планаў, праграм, прадручнікаў, азначаны працэс заўсёды будзе ісці, карэкціраваць яго павінен высока падрыхтаваны настаўнік. Таму вярніцеся да тэмы настаўніцтва, на жаль, не паўсюдна гэтая практыка захавалася. Што тычыцца школы, база павінна быць створана для ўсіх, а потым алгарытмы патрэбны розныя, каб кожны навучэнец, студэнт, выпускнік адчуваў рэальную дапамогу і падтрымку. Каб бачыў і ўсведамляў, што яго веды і здольнасці запатрабаваны ў нашай краіне і гарантавана могуць стаць базай для паспяховага прафесійнага росту, творчага развіцця, сацыяльнай самарэалізацыі. Каб, назапасіўшы прафесійны і жыццёвы вопыт, чалавек вярнуўся на малую радзіму, прыклаў сілы для яе росквіту, як гэта робяць сёння вашы землякі.

Наступным пунктам у маршруце Ігара Карпенкі стала міёрская сярэдняя школа № 3 імя Героя Савецкага Саюза Ягора Андрэевіча Томкі. Яе дырэктар, Віктар Стацэвіч, праінфармаваў міністра, што ў бягучым навучальным годзе калектыў установы адукацыі складае 570 навучэнцаў і 68 педагогаў. У рамках дапрофільнага і профільнага навучання штогод у адпаведнасці з запытамі навучэнцаў i рэсурснымі магчымасцямі ўстановы на павышаным узроўні на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі вывучаюцца матэматыка, фізіка, хімія, біялогія. У бягучым навучальным годзе вучні 8 класа на павышаным узроўні вывучалі матэматыку і англійскую мову, у 11 класе была адкрыта педагагічная група. Для дзесяцікласнікаў, якія вывучаюць вучэбныя прадметы на базавым узроўні, арганізавана прафесійнае навучанне па спецыяльнасці “Швачка”. Амаль 90% навучэнцаў наведваюць факультатыўныя заняткі, 38% — школьныя аб’яднанні па інтарэсах рознай накіраванасці. За апошнія пяць гадоў 25 выпускнікоў атрымалі атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі асобага ўзору з узнагароджаннем залатым (сярэб-раным) медалём, 18 — пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай. Штогод прадстаўнікі ўстановы адукацыі ўдзельнічаюць у Міжнароднай алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”, у 2017 годзе адна ўдзельніца была ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені. Матэрыяльна-тэхнічная база школы адпавядае сучасным стандартам, у тым ліку абсталяваны два камп’ютарныя класы, новыя кабінеты фізікі і хіміі, дзейнічае раённы рэсурсны цэнтр па грамадзянска-патрыятычным выхаванні, ёсць высакахуткасны доступ у інтэрнэт, функцыянуюць школьны сайт, сістэмы “Электронны журнал” і “Электронны дзённік”. У бягучым навучальным годзе быў зроблены рамонт спартыўнай залы, харчаблока, школьнай бібліятэкі; набыты новае спартыўнае і кухоннае абсталяванне, сучасная мэбля для сталовай і бібліятэкі. Развіта інфармацыйная структура, якая спрыяе выніковаму ўдзелу педагогаў у абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах.

Прыярытэтным напрамкам выхаваўчай і ідэалагічнай работы з’яўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, шмат увагі ўдзяляецца фарміраванню здаровага ладу жыцця, адказных і бяспечных паводзін. У 2018 годзе ва ўстанове адукацыі рэалізаваны абласны інавацыйны праект “Укараненне мадэлі адукацыйнай прасторы школы, накіраванай на фарміраванне грамадзянска-патрыятычных якасцей асобы на аснове гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю”, у 2019 годзе — раённы інавацыйны праект “Стварэнне адзінай адукацыйнай прасторы па выяўленні і суправаджэнні высокаматываваных вучняў па падрыхтоўцы да рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах”. На базе школы праводзяцца раённыя і абласныя семінары, канферэнцыі і фестывалі.

Ігар Карпенка даў высокую ацэнку працы, праведзенай па ўвекавечанні памяці героя-земляка Ягора Андрэевіча Томкі, чыё імя з 2016 года носіць установа адукацыі, і дзейнасці трох школьных музеяў — народнага краязнаўчага, музея кнігі і друку, этнаграфічнага “Сялянская хата”. Напрыканцы рабочай паездкі міністр наведаў міёрскі яслі-сад № 3 і Полацкі райвыканкам, дзе абмеркаваў з кіраўніцтвам раёна пытанні рэканструкцыі будынка кадэцкага вучылішча.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.