Працаваць рукамі

- 9:40Авторские колонки, Мнение

На Рэспубліканскім педагагічным савеце было адзначана, што працоўнае выхаванне — неад’емны складнік сучаснай школы. Менавіта праца робіць чалавека высакародным і з’яўляецца асобаснай і сацыяльнай каштоўнасцю.

Вольга ДУБОЎСКАЯ

Як далучыць сучаснае дзіця да працоўнай дзейнасці? Лічыцца, што вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак не трэба ўводзіць у курс справы, бо многія з ранняга дзяцінства дапамагаюць бацькам па гаспадарцы. Гэта так, але ж менавіта школьны настаўнік здольны прадэманстраваць шматграннасць працоўнай дзейнасці і запатрабаванасць умелых працоўных рук.

І тут хочацца звярнуцца да вопыту педагогаў працоўнага навучання сярэдняй школы № 13 Жлобіна імя В.В.Гузава. У свой час менавіта Віталь Васільевіч шмат зрабіў для павышэння статусу свайго прадмета. Яго вучні рэгулярна станавіліся прызёрамі Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. Некаторыя потым з энтузіязмам ішлі ў педагогіку, але абсалютна кожны выходзіў са сцен школы майстрам на ўсе рукі — з лёгкасцю мог выканаць цяслярскія або слесарскія работы. Больш за тое, з атрыманымі навыкамі яны маглі спакойна ісці працаваць.

Цяпер справу В.В.Гузава працягвае настаўнік-метадыст Д.Б.Доўнар, вучні якога таксама перамагаюць у алімпіядах і выходзяць са школы з правільным стаўленнем да працоўнай дзейнасці. Як бы ні склалася жыццё, атрыманыя прафесійныя навыкі дазволяць ім уладкавацца. Попыт на залатыя рукі ніколі не зменшыцца.

У працэсе працоўнага навучання і выхавання ў школе на першым плане заўсёды будуць асоба педагога, яго захопленасць і прафесійныя ўменні. Радуе, што такіх настаўнікаў у нас дастаткова. І ўмовы ў школах для асваення жыццёва неабходных навыкаў увесь час паляпшаюцца.

Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

Апошнім часам па адпаведнай праграме Міністэрства адукацыі актыўна абнаўляюцца кабінеты працоўнага навучання (у камандзіроўках усё часцей запрашаюць пагля­дзець на новае абсталяванне). Канечне, атрымлі­ваць тыя ж цяслярскія навыкі на сучасных станках значна прыемней. Акрамя таго, абсталяванне новага ўзроўню дае разуменне, што працаваць рукамі вельмі перспектыўна. Тэхналогіі, як гавораць у маладзёжным асяроддзі, руляць.

Яны, дарэчы, руляць і на прышкольных участках, дзе дзеці разам з педагогамі вырошчваюць садавіну і агародніну ў сучасных цяпліцах і ў адпаведнасці з аграрнымі трэндамі. За лета давялося пабываць у розных навучальных установах і азнаёміцца з асаблівасцямі арганізацыі летняй занятас­ці школьнікаў. Школьныя клумбы, градкі і цуды ландшафтнага дызайну не перастаюць здзіў­ляць. Адразу ўспамінаецца Гарадзецкая спецыяльная школа-інтэрнат Рагачоўскага раёна з яе шыкоўным садам і цяпліцамі. Прычым аказалася, што паса­дзіць яблыню па ўсіх правілах не так проста.

Увогуле, хочацца адзначыць Рагачоўшчыну і начальніка аддзела адукацыі Рагачоўскага райвыканкама Алену Клачкову, якая вельмі шмат увагі ўдзяляе працоўнаму выхаванню, якое сапраўды робіць чалавека велічным і патрэбным сваёй зямлі і краіне. А новыя тэхналогіі (тэхнічныя і аграрныя) набліжаюць дзяцей да неабходнага дзяржаве прафесійнага выбару. І сельскім, і гарадскім навучэнцам патрэбен прыклад працавітага і ўмелага педагога, здольнага паказаць стваральную ролю працы.

Фота Алега ІГНАТОВІЧА