Працаваць у поўную сілу — і ў адукацыі, і на жніве

- 11:08Людзі адукацыі

На зернесушыльным комплексе ААТ “Абідавічы” Быхаўскага раёна Мікалай Іванавіч Лявіцкі працуе ўжо восьмы сезон, аднак яго асноўная працоўная дзейнасць з сельскай гаспадаркай не звязана. У штодзённым жыцці яго акружаюць не горы збожжа і машынныя механізмы, а дапытлівыя дзіцячыя вочы, школьныя парты і падручнікі. За плячыма суразмоўцы амаль 30 гадоў педагагічнага стажу: ён працуе намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Палянінавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Тут жа выкладае фізіку і астраномію.

Падчас уборачнай Мікалай Іванавіч становіцца старшым аператарам зернесушыльнага комплексу. Мы сустрэліся з ім на збожжатаку ўвечары, калі сонца ўжо чаплялася за верхавіны дрэў і вось-вось гатова было скаціцца за гарызонт. Прасіць прабачэння за такі позні візіт ён не дазволіў: змена будзе напружанай, і раней за гадзіну ночы ён усё роўна не ўправіцца. Працоўны дзень у аператараў КЗС не нарміраваны: пакуль ёсць зерне — яны на нагах. Бывала, працуюць і да пяці раніцы.

Сёння, напрыклад, на перапрацоўку паступіла больш як 200 т аўса. Праганяць гэтую збожжавую культуру больш складана, чым пшаніцу ці ячмень, таму адпачыць заўтра не атрымаецца, уводзіць мяне ў курс справы суразмоўца. У гэтым пытанні праца аператара важная і адказная. Каб захаваць сабраны ўраджай, аб тэхналогіі сушкі збожжа трэба ведаць усё да дробязей: вызначыць якасць і стан партыі, задаць патрэбныя параметры для аптымальнай апрацоўкі, кантраляваць загрузку і выгрузку. Не адыходзіць на другі план і зладжанасць у рабоце, уменне правільна арганізаваць працоўны працэс.

Педагога фізічная праца не палохае — сам вырас у вёсцы, у сям’і жывёлаводаў, з ранніх гадоў дапамагаў бацькам па гаспадарцы і як ніхто іншы ведае, што хлеб людзям даецца нялёгка. Таму, калі яго запрасілі на зернесушыльны комплекс, адмаўляцца не стаў і пачаў ахвотна асвойваць тэхналагічны працэс. Цяпер ні адна ўборачная кампанія не праходзіць без Мікалая Іванавіча, а яго адказнасць і працаздольнасць ставяць у прыклад — дзякуючы вопыту і прафесіяналізму комплекс працуе як гадзіннік, а тэхніка не капрызіць.

Больш за тое, брыгада педагога штогод уваходзіць у лік перадавікоў уборачнай. Так, у мінулым сезоне па выніках працоўнага спаборніцтва ў раёне яна заняла другое месца, у гэтым годзе пакуль утрымлівае лідарства. Не абыходзіцца і без заахвочвання — грамат і падзяк за добрасумленную працу ад кіраўніцтва раёна і вобласці, а таксама прафсаюзаў. Такая ўвага прыемная, тым больш фізічная стомленасць хутка забываецца, а задавальненне ад працы застаецца надоўга.

“І ў адукацыі, і ў сельскай гаспадарцы трэба працаваць у поўную сілу, не са спушчанымі рукавамі, — лічыць Мікалай Іванавіч. — Толькі так можна дасягнуць добрых вынікаў, якія дадуць разуменне, што жыццё праходзіць не дарма. Фізічная праца добрая тым, што яе вынікі бачыш адразу, а плён педагагічнай працы заўважаеш толькі праз гады. Гэтым яна і складаная. Тым не менш я ніколі не шкадаваў, што выбраў прафесію педагога. Дарагога варта, калі былыя вучні праз многа гадоў пасля заканчэння школы заходзяць у госці, каб проста сказаць “дзякуй”.

Адзінае, што хвалюе і засмучае Мікалая Іванавіча, — дзяцей у сельскіх школах становіцца ўсё менш. У Палянінавіцкім ВПК 1 верасня за парты сядуць усяго 35 вучняў. “З дзецьмі заўсёды цікава і можна знайсці паразуменне, — упэўнены педагог, — бо яны не такія дрэнныя, як пра іх кажуць. Проста дарослыя часта забываюцца на тое, якімі самі былі ў іх узросце: каб лепш зразумець дзіця, трэба заўсёды памятаць аб сваім дзяцінстве”.

З гэтымі словамі Мікалай Іванавіч кінуў трывожны позірк у бок свайго аператарскага паста — час праверыць паказанні на маніторы камп’ютара і пераканацца, што працэс перапрацоўкі ідзе без збояў. У сваю чаргу я з разуменнем ківаю — і мы развіт-ваемся з надзеяй, што гэтая простая і ў той жа час важная размова аб ролі прафесіі педагога калі-небудзь будзе працягнута.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.