Працаваць у рэжыме развіцця, а не функцыянавання

Удзельнікі секцыі “Развіццё прафесійнай адукацыі ў сучасных сацыяльна-эканамічных умовах” сустрэліся ў Мінскім дзяржаўным прафесійным ліцэі № 5 транспартнага будаўніцтва. У цэнтры ўвагі былі змяненні ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, пытанні ўдасканалення структуры падрыхтоўкі кадраў рабочых спецыяльнасцей, развіцця рэсурсных цэнтраў, сеткавага ўзаемадзеяння, прафарыентацыйнай работы і інш.

Аляксандра Мікалаеўна Пят­рова, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі — начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі, адзначыла, што зараз сістэма прафесійнай адукацыі дынамічна развіваецца і гэты высокі тэмп развіцця і работы на апярэджванне трэба вытрымліваць. Гэтую патрэбу дыктуюць хуткасці, з якімі адбываецца пераўзбраенне вытворчасці і змяненне тэхналогій.

Спецыяліст звярнула ўвагу на тое, што шэраг змяненняў закла­дзены ў праекце Кодэкса Рэспуб­лікі Беларусь аб адукацыі. Пасля прыняцця Кодэкса ўзнікне неабходнасць перагляду і ўдасканалення нарматыўных прававых актаў, якія закранаюць усе аспекты адукацыйнага працэсу. Да гэтай работы трэба будзе падключыцца актыву сістэмы прафесійнай адукацыі, каб прыўнесці ў нарматыўныя акты свой практычны вопыт. 

Адной з ключавых задач зараз з’яўляецца ўдасканаленне Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый праз укараненне прафесійных стандартаў. Прафесійныя стандарты павінны стаць асновай новых адукацыйных стандартаў, вучэбных планаў і праграм, якія будуць прымяняцца ў сістэме адукацыі нашай краіны. Прафесійныя стандарты распрацоўваюцца сектаральнымі саветамі, што створаны пры шэрагу галіновых міністэрстваў. Ужо зацверджаны 18 прафесійных стандартаў. Болей за 20 прафесійных стандартаў — у рабоце. Удзельнікі секцыі падкрэслілі важнасць удзелу прадстаўнікоў устаноў прафесійнай адукацыі ў рабоце сектаральных саветаў і далейшай распрацоўцы адукацыйных стандартаў. Трэба ўключыцца і ў работу па апрабацыі і ўкараненні новых адукацыйных праграм на модульнай аснове ў адпаведнасці з патрабаваннямі сучасных вытворчасцей у рэальным сектары эканомікі. Таксама актуальная распрацоўка механізмаў сертыфікацыі кваліфікацый, атрыманых фармальным і нефармальным шляхам, прызнання кваліфікацый на рынку працы. 

У адпаведнасці са зменамі ў сістэме адукацыі наспявае патрэба ўдасканалення падрыхтоўкі педагогаў для работы ва ўстановах ПТА і ССА. Спецыялісты абмеркавалі мэтазгоднасць навучання педагагічных кадраў сістэмы прафесійнай адукацыі новым кампетэнцыям у такіх кірунках, як распрацоўка і ўдасканаленне адукацыйных праграм на модульнай аснове, укараненне ў адукацыйны працэс лічбавых адукацыйных тэхналогій, прымяненне сучасных педагагічных тэхналогій фарміравання надпрафесійных кампетэнцый. Таксама была выказана прапанова распрацаваць і апрабаваць інтэграваную мадэль падрыхтоўкі прафесійна-педагагічных (інжынерна-педагагічных) кадраў з вышэйшай адукацыяй для сістэмы ПТА і ССА. Плануецца замаца­ваць у нарматыўных прававых актах тэрміны павышэння кваліфікацыі работнікаў устаноў ПТА і ССА — не радзей за 1 раз у 3 гады. 

Стратэгічна важна ўдасканальваць механізмы ўзаемадзеяння ўстаноў прафесійнай адукацыі і арганізацый — заказчыкаў кадраў. Прадстаўнікі рэальнага сектара эканомікі павінны дапама­гаць вызначаць патрэбу ў кадрах на дадзены момант і ў перспектыве, каб на аснове гэтай патрэбы планаваць колькасныя паказчыкі падрыхтоўкі спецыялістаў. Таксама прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый трэба актыўна ўцягваць у працэс распрацоўкі адукацыйных стандартаў, вучэбных планаў і праграм. Па сутнасці толькі заказчык кадраў ведае, колькі работнікаў яму патрэбна і што яны павінны ўмець рабіць. Неабходна, каб гэтая інфармацыя аператыўна трапляла ў сістэму адукацыі, а для гэтага неабходна выбудоўваць з заказчыкамі кадраў дыялог і актыўна ўзаемадзейнічаць.

Яшчэ адзін напрамак работы, дзе неабходна ўзмацніць ролю і ўдзел заказчыкаў кадраў, — праф­арыентацыя. Менавіта прадпрыемствы і арганізацыі ў першую чаргу зацікаўлены ў тым, каб моладзь ішла вучыцца ў прафесійныя ліцэі і каледжы, а потым прыходзіла да іх працаваць. Выкарыстоўваць рэсурсы і магчымасці заказчыкаў кадраў для прыцягнення навучэнцаў ва ўстановы ПТА і ССА — стратэгія, якая адкрывае мноства перспектыў.

Увогуле на секцыі ўвага была акцэнтавана на неабходнасці абнаўлення падыходаў у праф­арыентацыйнай рабоце. Трэба распрацаваць сучасны кантэнт прафдыягностыкі, прафасветы, прафкансультавання і стварыць адпаведную інстытуцыйную платформу.

Рэсурсныя цэнтры за час свайго існавання сталі пунктамі канцэнтрацыі інавацый і кропкамі росту для сістэмы прафесійнай адукацыі. Аднак і іх работа патрабуе некаторага ўдасканалення. У першую чаргу таму, што гэтыя структурныя адзінкі бяруць на сябе такі шырокі функцыянал, што ім ужо цесна ў рамках паняцця “рэсурсны цэнтр”. У найбліжэйшы час яны стануць цэнтрамі кампетэнцый. Неабходна распрацаваць падыходы і механізмы іх трансфармацыі, парадак іх стварэння і функцыянавання. Найважнейшая задача — развіццё сеткавай формы ўзаемадзеяння, для таго каб інавацыі, якімі забяспечаны рэсурсныя цэнтры, былі даступныя як мага больш шырокаму колу навучэнцаў. Таксама неабходна прадумаць выкарыстанне патанцыялу сеткавага ўзаемадзеяння пры рэалізацыі адукацыйных праграм з правядзеннем у перспектыве сертыфікацыі кваліфікацый, атрыманых фармальным і нефармальным шляхам. 

Удзельнікі секцыі вызначылі адной з важных задач дзейнасці ўстаноў прафесійнай адукацыі фарміраванне інклюзіўнай культуры ва ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу і заказчыкаў кадраў. Гэта неабходна для павышэння канкурэнта­здольнасці і гарантый працаўладкавання навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. 

У рамках работы секцыі быў абмеркаваны шырокі спектр пытанняў. Агульны пасыл для работнікаў сістэмы прафадукацыі такі: у адпаведнасці са змяненнямі, што адбываюцца ў сацыяльна-эканамічным комплексе нашай краіны, установы адукацыі павінны ўвесь час развівацца, а не проста функцыянаваць.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.