Працаваць, як адзіная каманда

- 10:39Людзі адукацыі

Любая навучальная ўстанова пачынаецца з дырэктара. Менавіта ад кіраўніка ў большай ступені залежыць агульны поспех, менавіта ён усяляе ўпэўненасць у кожнага педагога, аб’ядноўвае калектыў у каманду аднадумцаў, накіраваную на дасягненне працоўных вышынь. Магілёўскай гарадской гімназіі № 1 з дырэктарам пашанцавала. З моманту стварэння яе ўзначальвае вопытны кіраўнік, заслужаны настаўнік Беларусі, выдатнік асветы СССР — Аляксандр Фёдаравіч Цвілік.

— Прафесійны выбар рабіў мэтанакіравана. Праўда, не магу сказаць, што імкнуўся да педагагічнай працы з дзяцінства. Рашэнне пайсці па настаўніцкім шляху прыйшло ў юнацтве. Мяне вельмі натхнялі ўрокі лiтаратуры дырэктара маёй роднай школы. Гэты цудоўны педагог стаў для мяне своеасаблівым прыкладам, яго асоба вызначыла мой лёс. Атрымаўшы школьны атэстат, я свядома накіраваўся ў тагачасны Мiнскi дзяржаўны педагагiчны iнстытут iмя А.М.Горкага, дзе скончыў літаратурна-музычны факультэт, — паведаміў А.Ф.Цвілік.

Маладым педагогам Аляксандр Фёдаравіч трапіў на Магілёўшчыну ў Краснапольскі раён, дзе атрымаў першы, але вельмi каштоўны кіраўніцкі вопыт. У канцы 70-х гадоў ён разам з сям’ёй па жыццёвых прычынах пераехаў у Магілёў i ў хуткім часе ўзначаліў новую, толькі пабудаваную сярэднюю школу № 36. Адбылося гэта ў далёкiм 1982 го­дзе.

— Калі прымаў рашэнне ўзначаліць гэтую навучальную ўстанову, доўга разважаў. Былі пэўныя сумненні: ці спраўлюся? Але я заўсёды кіруюся прынцыпам — ніколі не спыняцца ў прафесійным развіцці, — адзначыў А.Ф.Цвілік.

На прафесійнае развіццё Аляксандр Фёдаравіч заўсёды матывуе і калег-педагогаў. Як толькі ён стаў дырэктарам, адразу акрэсліў перад калектывам доўгатэрміновую мэту — стварыць на тагачаснай гарадской ускраіне навучальную ўстанову, куды будуць імкнуцца трапіць на вучобу дзеці з усяго Магілёва.

— Разам з калектывам разважалі над тым, якімі сродкамі дасягнуць гэтай стратэгiчнай мэты. Ужо ў той час я разумеў, што менавiта вызначэнне глабальных, доўгатэрмiновых мэт дазволiць дасягнуць значных поспехаў. Менавiта развiццё школы, яе калектыву дазволiла стварыць пэўныя традыцыі, многія  з якiх актуальныя i сёння. З актыўным будаўніцтвам мікрараёна ўзнік сацыяльны запыт не вучыць усіх аднолькава, а даць магчымасць найбольш матываваным навучэнцам атрымліваць веды, што выхо­дзяць за рамкі дзяржаўнага стандарту адукацыі. Гэта дало моцны штуршок да пераходу на iншы якасны ўзровень. Так узнікла ідэя стварэння гімназіі. Доўга вывучалі станоўчы вопыт калег, вялі падрыхтоўчую работу i ў 1991 годзе атрымалi статус гiмназii. Гімназія была адной з першых навучальных устаноў не толькi ў горадзе i вобласцi, але i ў краіне, хто ўкаранiў профiльнае навучанне яшчэ ў 1991 годзе. Тады ж было атрымана і права распрацоўваць i зацвярджаць у Мiнiстэрстве адукацыi вучэбныя планы для нашай гiмназii. Гэта была вельмi вялiкая адка­знасць, — расказвае Аляксандр Фёдаравіч.

Магілёўская гарадская гімназія № 1 з’яўляецца адной з аўтарытэтных устаноў адукацыi горада, вобласцi i краіны. У 2003 го­дзе педагогі гiмназii ўкаранілі ў адукацыйны працэс мультыпрофільнае навучанне. Адной з першых у рэгіёне гэтая ўстанова адукацыі пачала аказваць платныя адукацыйныя паслугі па падрыхтоўцы дзяцей да школы. Гэтыя заняткi штогод наведваюць ад 250 да 300 дзяцей. Адсутнасць культурна-адпачынкавых устаноў у мiкрараёне падштурхнула калектыў гiмназii да арганiзацыi факультатыўных заняткаў музычнай накiраванасцi, якiя працуюць тут амаль тры дзесяцiгоддзі. Навучаннем ігры на музычных iнструментах штогод ахоплена больш за 200 дзяцей. Аркестр беларускіх народных iнструментаў гімназii, эстрадны аркестр, эстрадная студыя “Натхненне”, харэаграфiчны ансамбль “Эксклюзiў” носяць пачэснае званне ўзорных аматарскiх калектываў. Гімназія  пастаянна знаходзіцца ў інавацыйным полі, з’яўляючыся актыўным удзельнікам рэспублікан­скіх інавацыйных праектаў. Апошняе значнае дасягненне — укараненне сэрвісаў “Электронны журнал” і “Электронны дзённік”.

Плённая праца педагогаў прыводзіць да поспехаў навучэнцаў. Гімназістаў адрозніваюць высокія дасягненні ў вучэбнай і творчай дзейнасці. За апошнія пяць гадоў тут падрыхтавалі 15 прызёраў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, шматлікіх пераможцаў розных прэстыжных творчых конкурсаў, сярод якіх — “Славянскі базар у Віцебску” і нават “Еўрабачанне”. Прадстаўнікі гімназіі неаднаразова ўзнагароджваліся прэміямі спе­­цыяль­нага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. А калі гаварыць пра вынікі цэнтралізаванага тэсціравання, то тут яны значна вышэйшыя за сярэднія паказчыкі нават па краіне. Па даных РІКВ, у 2019 годзе гімназія ўвайшла ў дзясятку лепшых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі краіны па выніках ЦТ па рускай мове, хіміі, матэматыцы.

Магілёўская гарадская гімназія № 1 дзевяць разоў была пераможцай абласнога спаборніцтва на лепшую арганізацыю работы па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці і 17 разоў — гарадскога. Самых розных дасягненняў, рэалізаваных інавацыйных ідэй на рахунку гэтай навучальнай установы нямала. А ўсё таму, што кожны педагог тут самааддана і адказна ставіцца да сваёй штодзённай працы. Калектыў гiмназii рухаецца да новых вяршынь на чале з дырэктарам, бо ў свой час ён зразумеў: поспех прыходзіць тады, калі ўвесь калектыў працуе, як адзі­ная каманда, калi “глядзiць наперад, а не пад ногi”.

За плячыма ў Аляксандра Фёдаравіча 43 гады, прысвечаныя педагогіцы. 38 з іх ён узначальваў спачатку сярэднюю школу № 36, а потым — першую гарадскую гімназію. А.Ф.Цвілік асабiстым прыкладам падштурхоўвае педагогаў да няспыннага творчага пошуку і прафесійнага ўдасканалення. Гэта вельмі матывуе. Амаль усе настаўнікі гімназіі маюць першую ці вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, тры педагогі з’яўляюцца выдатнікамі адукацыі, два — заслужанымі настаўнікамі, маюць дзяржаўныя ўзнагароды.

Дарэчы, педагагічны калектыў гімназіі А.Ф.Цвілік лічыць сваім галоўным дасягненнем. “Мае калегі — цудоўныя, выключныя педагогі. Ім дорага імя нашай навучальнай установы, яны многае робяць для развіцця гімназіі, яны плённа працуюць, яны думаюць пра будучыню, яны яе будуюць. І мне вельмі прыемна быць сярод іх”, — адзначыў дырэктар.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.