Працаваць з бацькамі і дзецьмі

- 16:42Нам пішуць

Сям’я для дзіцяці — асяроддзе, у якім складваюцца ўмовы яго фізічнага, псіхічнага, эмацыянальнага і інтэлектуальнага развіцця. З’яўленне катэгорыі дзяцей, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, абумоўлена няздольнасцю або немагчымасцю бацькоў забяспечыць выхаванне і ўтрыманне сваіх дзяцей.

Негатыўны ўплыў нядобранадзейнай сям’і заўважны па паводзінах дзіцяці: замкнёнасць, агрэсіўнасць, правапарушэнні, бадзяжніцтва, хуліганства, крадзяжы, вымагальніцтва, неадэкватныя рэакцыі на заўвагі дарослых. Гэта прыводзіць да парушэння развіцця дзяцей, якое выяўляецца ў нізкай паспяховасці, неўраўнаважанасці псіхікі, падлеткавым алкагалізме, прастытуцыі, канфліктах з настаўнікамі, бацькамі, кантактах з крымінагеннымі групоўкамі.

Найбольш распаўсюджаныя прычыны змяшчэння дзяцей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, у аддзяленне прытулку Нараўлянскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра — нездавальняльныя (антысанітарныя) умовы пражывання сям’і. Іншыя прычыны — алкагалізм у сям’і і нізкі матэрыяльны дастатак. Парушэнне дзіцяча-бацькоўскіх адносін, унутрысямейныя канфлікты, дрэнная псіхалагічная атмасфера ў сям’і небяспечныя тым, што дзеці акажуцца ў крытычным становішчы, калі цяжка абысціся без дапамогі спецыялістаў.

Неналежнае выкананне бацькамі сваіх абавязкаў па доглядзе дзяцей часта прыводзіць да адабрання малых з сем’яў. Пазбаўленне бацькоў бацькоўскіх праў — таксама.

Адна з праблем дзіцяці, якое апынуўся ў цяжкай сітуацыі, — нізкі ўзровень сацыялізацыі, г.зн. абмежаванне кантактаў з аднагодкамі і дарослымі, абмежаванасць доступу да культурных каштоўнасцей і г.д. Таму, работа з дзецьмі гэтай катэгорыі павінна быць комплексная і ўключаць меры дапамогі сацыяльнага (матэрыяльнага ў тым ліку), псіхалагічнага, юрыдычнага характару.

Асноўныя задачы, якія стаяць перада мной, сацыяльным педагогам СПЦ, вырашаюцца з дапамогай розных метадаў і форм арганізацыі работы: гутарка, анкетаванне, тэсціраванне, інтэрв’юіраванне, аналіз дакументаў дзіцяці і г.д. Уся мая работа пабудавана на цесным кантакце з педагогам-псіхолагам, выхавальнікамі прытулку, з непаўналетнім і яго бацькамі (пры неабходнасці — з блізкім асяроддзем дзіцяці). Сваю дзейнасць я разбіваю на некалькі этапаў: вызначэнне сацыяльнага статусу дзіцяці; вывучэнне медыка-псіхалагічных, узроставых, асобасных асаблівасцяў дзіцяці, яго інтарэсаў, стаўленне да школы, паводзін, кола зносін; збор звестак пра бацькоў, вывучэнне ролі сям’і ў працэсе выхавання дзіцяці, узаемаадносін бацькоў, сваякоў; вывучэнне матэрыяльных і жыллёвых умоў выхаванца прытулку.

Пры правядзенні дыягнастычнага даследавання, якое пачынаецца з першаснага інтэрв’юіравання дзіцяці, неабходна высветліць стаўленне дзіцяці да таго, што адбываецца ў сям’і, да бацькоў, іх знаёмых, а таксама братоў, сясцёр, калі яны ёсць. Важна высветліць кола інтарэсаў дзіцяці або падлетка, вызначыць стаўленне да нормаў маралі і маральнасці, прынятых у грамадстве. Як правіла, у прытулак паступаюць падлеткі, якія не маюць выразных маральных арыенціраў, аддаюць перавагу бездухоўнаму баўленню часу, задавальненням.

У першыя дні знаходжання ў прытулку дзеці хаваюць свае правіны, часта хлусяць. Назіранне за дзіцем у прытулку спрыяе выяўленню дэвіянтных форм паводзін. Немалаважная задача — стварыць для дзіцяці ў прытулку дамашняй атмасферы, усталяваць узаемадавер, навучыць выконваць нормы, праводзіць самааналіз і пераасэнсаваць каштоўнасці.

Выкарыстоўваю як індывідуальную, так і групавую формы работы па правах дзіцяці (азнаямленне і вывучэнне заканадаўчых актаў па правах дзіцяці, азнаямленне з паняццямі, артыкуламі і вытрымкамі законаў, кодэксаў і г.д.), па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх, па асновах бяспекі жыццядзейнасці (анкетаванне, гутаркі, мерапрыемствы “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”, “Дзе тоіцца небяспека?” і інш.), па здаровым ладзе жыцця.

Рыхтую розныя дакументы, якія датычацца інтарэсаў выхаванцаў прытулку, абараняю іх правы згодна з дзеючым заканадаўствам (афармляю розныя запыты на аказанне дапамогі сям’і, накіраванай на нармалізацыі сітуацыі, дакументы на спагнанне грашовых сродкаў з бацькоў, чые дзеці змешчаны ў прытулак, на пазбаўленне бацькоўскіх правоў і г.д.). Асноўную работу сацыяльнаму педагогу неабходна праводзіць з бацькамі, бо без іх жадання і ўдзелу сітуацыя ў сям’і не нармалізуецца.

Наталля МАЛЮК,
сацыяльны педагог.