У Лоеўскім педагагічным каледжы адбылася сустрэча выпускнікоў з начальнікам упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама С.І.Парошыным і прадстаўнікамі Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна і Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.
— Хутка нашы юнакі і дзяўчаты папоўняць рады настаўнікаў Гомельшчыны, — тлумачыць неабходнасць такой сустрэчы дырэктар каледжа Р.В.Каляда. — Таму нам хацелася, каб яны ведалі, што іх чакае, што ім могуць прапанаваць і чаго чакаюць ад іх.
Тэма сустрэчы была вызначана як “Правы і гарантыі маладых спецыялістаў”, аднак межы размовы ўдзельнікаў сустрэчы аказаліся куды шырэйшымі.
Пра тое, як у цэлым выглядае сёння сістэма адукацыі Гомельскай вобласці, пра тэндэнцыі яе развіцця і прыярытэтныя напрамкі ў рабоце з дзецьмі і педагогамі расказаў С.І.Парошын. Звяртаючыся да выпускнікоў, Сяргей Іванавіч адзначыў, што яны абралі творчую прафесію, якая патрабуе пастаяннага самаўдасканальвання і развіцця.
— Каб працаваць з дзецьмі, трэба кожны дзень удасканальвацца і здзіўляць, — запэўніў будучых калег начальнік упраўлення адукацыі. — У нашай прафесіі нельга стаяць на месцы і нічога не рабіць, інакш не будзе аўтарытэту і выніку. Спыніўся — значыць спазніўся, выпаў з сістэмы, стаў нецікавым.
Пры гэтым С.І.Парошын адзначыў, што ў вобласці працуе шмат таленавітых, зацікаўленых педагогаў, а іх адукацыйны ўзровень адзін з самых высокіх у рэспубліцы. Больш за 70 працэнтаў настаўнікаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, 13 настаўнікам прысвоена катэгорыя “настаўнік-метадыст”. Дзякуючы намаганням такіх спецыялістаў, адукацыйная сфера Гомельшчыны займае лідзіруючыя пазіцыі па шэрагу кірункаў. Як моладзі ўпісацца ў гэтую кагорту прафесіяналаў? Усё проста: неабходна любіць сваю справу, быць ідэйным і імкнуцца дасягаць пэўных вяршынь.
Зараз ва ўстановах адукацыі Гомельскай вобласці маладыя спецыялісты складаюць сем працэнтаў ад агульнай колькасці. У гэтым навучальным годзе педагагічныя калектывы папоўнілі каля тысячы пачынаючых настаўнікаў. Хацелася б, каб усе яны засталіся ў прафесіі, і пакуль назіраецца даволі добрая тэндэнцыя: пасля заканчэння абавязковага перыяду работы ў галіне застаецца амаль кожны. Зразумела, і ўпраўленне адукацыі, і аддзелы адукацыі, спорту і турызму на месцах праводзяць у гэтым кірунку пэўную работу, бо, каб малады настаўнік не страціў інтарэс да абранай прафесіі, ён павінен адчуваць сябе патрэбным. Цікавыя формы работы ёсць у кожным раёне. Напрыклад, у Добрушскім праводзіцца штогадовы конкурс “Малады настаўнік года” для педагогаў, якія працуюць менш як два гады, у Жлобінскім — штогадовы фестываль для маладых спецыялістаў “Дэбют”, у Мазырскім раёне кожны год пачынаючыя педагогі прымаюць удзел у канферэнцыі “Мой вопыт работы”. Акрамя таго, прынята рашэнне ў чэрвені гэтага года сабраць моладзь на абласным педагагічным фестывалі маладых педагогаў “Педагагічныя надзеі”.
Зразумела, і матэрыяльнае заахвочванне адыгрывае далёка не апошнюю ролю. Таму, акрамя сацыяльнай падтрымкі і аплаты працы, гарантаваных дзяржавай, у калектыўных дагаворах устаноў прадугледжаны меры матэрыяльнага стымулявання і падтрымкі маладых спецыялістаў. Падрабязна аб гэтым выпускнікам Лоеўскага педагагічнага каледжа расказала на сустрэчы начальнік планава-эканамічнага аддзела ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама В.М.Салавей.
Для навучэнцаў каледжа прафесійная адаптацыя пачынаецца з першага курса, паколькі адным з прыярытэтных напрамкаў сваёй дзейнасці педагагічны калектыў гэтай установы лічыць стварэнне такіх умоў, такога выхаваўчага асяроддзя, якія будуць спрыяць прафесійнай накіраванасці асобы. У гэтай рабоце адміністрацыя і выкладчыкі бачаць некалькі вызначальных фактараў, сярод якіх уцягненне навучэнцаў у прафесійна значную дзейнасць, практыкаарыентаванасць вучэбнага працэсу, а таксама назапашванне традыцый, якія садзейнічаюць павышэнню іміджу прафесіі настаўніка, паказваюць магчымасць іх кар’ернага росту, спрыяюць усведамленню будучымі настаўнікамі спецыфікі педагагічнай дзейнасці і неабходнасці будаваць індывідуальны маршрут асабістага развіцця.
— Убачыць вынікі такой работы і вызначыць далейшыя крокі ў гэтым напрамку нам дапамагае пераддыпломная практыка нашых навучэнцаў, — расказала Р.В.Каляда. — Атрымаўшы водзывы з устаноў адукацыі, мы можам ацаніць узровень тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі навучэнцаў і, калі неабходна, унесці пэўныя карэктывы. Менавіта гэты від практыкі паказвае, наколькі правільны напрамак мы абралі ў плане фарміравання прафесійнай накіраванасці навучэнцаў.
І, як паказвае практыка, гэта дзейсны падыход: 98 працэнтаў выпускнікоў Лоеўскага педкаледжа застаюцца ў сферы адукацыі. Акрамя таго, пераважная большасць працягвае сваю педагагічную адукацыю ва ўніверсітэтах. І ў гэтым юнакі і дзяўчаты таксама маюць падтрымку з боку сваіх педагогаў. У пачатку навучальнага года адміністрацыя педкаледжа дасылае ў рэгіёны вобласці інфармацыю аб выпускніках — ураджэнцах раёнаў і адначасова запытвае інфармацыю аб запатрабаванасці спецыялістаў педагагічнага профілю на рынку працы. Гэта робіцца якраз дзеля таго, каб арыентаваць трэцякурснікаў для далейшага навучання ва ўстановах вышэйшай адукацыі.
Па выніках мінулага года больш за 90 працэнтаў выпускнікоў каледжа паступілі ва ўніверсітэты. У асноўным яны абралі такія спецыяльнасці, як “Пачатковая адукацыя”, “Філалогія”, “Лагапедыя”. Па папярэднім апытанні сёлетніх выпускнікоў, амаль такая ж колькасць збіраецца працягваць навучанне ва УВА. Прысутнасць на сустрэчы прадстаўнікоў універсітэтаў дала юнакам і дзяўчатам добрую магчымасць не толькі даведацца з першых вуснаў аб умовах прыёму ва ўстановы вышэйшай адукацыі ў 2015 годзе, але і задаць розныя пытанні адносна факультэтаў, спецыяльнасцей, прахадных балаў і наогул навучання. На пытанні юнакоў і дзяўчат адказвалі дэкан факультэта фізічнай культуры Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна кандыдат педагагічных навук С.М.Блоцкі; дацэнт кафедры педагогікі і методык дашкольнай і пачатковай адукацыі гэтай жа ўстановы кандыдат педагагічных навук Л.А.Лісоўскі; кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, намеснік адказнага сакратара прыёмнай камісіі А.М.Палуян. Нямала пытанняў у будучых педагогаў было і да начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама. Маладых людзей цікавіла, як забяспечваюцца жыллём маладыя спецыялісты, у якіх настаўніках-прадметніках сёння маюць патрэбу ў рэгіёне і многае іншае. Выпускнікі атрымалі добрыя парады. Цяпер яны ведаюць, што адукацыя — гэта дынамічная сістэма, якая патрабуе апярэджання запытаў грамадства, а значыць, неабходна пастаянна рухацца, шукаць нешта новае і цікавае.
Наталля ЛУТЧАНКА.