Працаваць з задавальненнем

Думаю, не памылюся, калі скажу, што работу любога кіраўніка лепш за ўсё характарызуюць словы падначаленых “нам пашанцавала з дырэктарам”, якія з’яўляюцца своеасаблівым пацвярджэннем прафесійнай і маральнай вартасці чалавека. Народную любоў і павагу заслужыць вельмі цяжка. Не кожны кіраўнік можа пахваліцца гэтым. З дырэктарам Брэсцкага дзяржаўнага гандлёва-тэхналагічнага каледжа Анатолем Міхайлавічам ШЛЕПАКОВЫМ пашанцавала не толькі педагогам і навучэнцам, але і ўсёй адукацыйнай галіне. І гэта вельмі радуе, бо ён спачатку зусім не планаваў займацца педагогікай, якой урэшце аддаў 46 гадоў цікавага і незабыўнага жыцця.

А.М.Шлепакоў родам з Гомельшчыны. Пасля заканчэння тагачаснага Брэсцкага тэхнічнага вучылішча № 1 радыётэхнікі застаўся ў ім працаваць майстрам вытворчага навучання. Пазней скончыў Пінскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум і Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна. Не адзін год шчыраваў намеснікам дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце ў Брэсцкім ПТВ № 229 (сённяшнім каледжы сферы абслугоўвання).

— Працуючы з дзецьмі, хутка зразумеў, што педагагічная дзейнасць —  маё прызванне, — прызнаецца Анатоль Міхайлавіч. — Ні разу не хацелася змяніць прафесію і сысці з педагогікі. Да сённяшняга часу адчуваю ўнутранае задавальненне ад таго, што дапамагаю моладзі атрымаць пуцёўку ў жыццё. Як кіраўнік нясу вялікую адказ­насць за будучыню навучэнцаў, перажываю за кожнага з іх.    

Выпускнікі каледжа запатрабаваны на сучасным рынку працы. Вядомыя арганізацыі і прадпрыемствы вобласці ахвотна бяруць на работу таваразнаўцаў, прадаўцоў, тэхнікаў-тэхнолагаў, кухараў, кантралёраў-касіраў, кандытараў, пекараў, афіцыянтаў і барменаў, бо ўпэўнены, што яны выдатна справяцца з любой складанай вытворчай сітуацыяй.

Сёння ў каледжы атрымліваюць прафесію больш за тысячу юнакоў і дзяўчат. Палова майстроў вытворчага навучання і выкладчыкаў — выпуск­нікі ўстановы. Дырэктар уважліва падыходзіць не толькі да падрыхтоўкі кадраў, але і да іх падбору. Каледж плённа супрацоўнічае з базавымі прадпрыемствамі ААТ “Прадтавары”, СП “Санта Імпэкс Брэст” і ТАА “Еўрагандаль”, наладжвае міжнародныя сувязі з Польшчай і Украінай. 

Калісьці А.М.Шлепакоў марыў адкрыць завочнае аддзяленне, якое дазволіла б атрымлі­ваць адукацыю ў любым узросце. Дырэктарская мара здзейснілася. Сённяшняе завочнае аддзяленне каледжа — адно з самых запатрабаваных у вобласці. Штогод яго заканчваюць каля 150 навучэнцаў. У планах — падрыхтоўка майстроў вытворчага навучання для прафесій грамадскага харчавання.

Паспяхова вырашаць адукацыйныя задачы дазваляюць вучэбна-вытворчая майстэрня “Кафэ “Крыніца”, дзе навучэнцы адпрацоўва­юць уменні і навыкі будучай прафесіі, абслугоўваюць насельніцтва, і профільны рэсурсны цэнтр вытворчага навучання па спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне”, аснашчаны сучасным замежным высокатэхналагічным абсталяваннем. На базе цэнтра займаюцца будучыя кухары, стажыруюцца педагогі профільных ПТНУ і ССНУ вобласці, павышаюць кваліфікацыю і праходзяць прафесійную падрыхтоўку і перападрыхтоўку рабочыя (служачыя). 

З улікам запытаў рынку працы ў каледжы пашыраецца спіс інтэграваных прафесій, што дазваляе выпускнікам заставацца запатрабаванымі спецыялістамі. Асноўны акцэнт пры наборы навучэнцаў робіцца на ўчарашніх дзевяцікласнікаў. З мінулага навучальнага года ў каледжы арганізавана прафесійная падрыхтоўка школьнікаў па прафесіі прадавец.

На працягу некалькіх гадоў ва ўстанове рэалізоўваўся рэспубліканскі інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі інфармацыйнага забеспячэння прафарыентацыі моладзі на рабочыя прафесіі з адкрыццём кансультацыйнага пункта “Я выбіраю прафесію”. Сёння каледж з’яўляецца эксперыментальнай адукацыйнай пляцоўкай на Брэстчыне па арганізацыі работы цыклавых камісій як сродку далучэння педагогаў да навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу. 

Выхаванцы каледжа — неаднаразовыя прызёры і пераможцы абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў прафесійнага майстэрства, а выкладчыкі — актыўныя ўдзельнікі педагагічных форумаў, кірмашоў і навуковых канферэнцый. Кожны другі педагог адзначаны граматамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Міністэрства адукацыі. Майстар вытворчага навучання Л.С.Панасюк — уладальніца медаля Францыска Скарыны. Высокія вынікі цалкам заканамерныя, калі ўлічыць, што калектыў на працягу 25 гадоў узначальвае заслужаны работнік адукацыі Беларусі, кавалер медаля “За працоўныя заслугі”, выдатнік прафтэхадукацыі БССР, выдатнік адукацыі Беларусі.

— Заўсёды ўдзяляў асаблівую ўвагу кадрам, — гаворыць Анатоль Міхайлавіч. — Каб стварыць высокапрафесійны і згуртаваны калектыў аднадумцаў, спатрэбілася шмат часу. Задача кіраўніка — разумець, умець слухаць і чуць людзей, мець уласнае меркаванне па актуальных пытаннях, падабраць людзей, якія шчыра любяць дзяцей і хочуць працаваць з імі, стварыць належныя ўмовы для іх работы. Важна не толькі даць прафесію, а найперш выхаваць асобу. Лічу, што мне пашанцавала з калектывам, які добра разумее і паважае мяне і які добра разумею і паважаю я. Вельмі ўдзячны галоўнаму ўпраўленню па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама за падтрымку ва ўсіх пачынаннях.

У наступным годзе каледж адзначыць 70-гадовы юбілей. За час свайго існавання ўстанова двойчы заносілася на Рэспубліканскую дошку гонару і неаднаразова — на абласную. Планаў у неўтаймоўнага дырэктара шмат: адкрыць новыя запатрабаваныя спецыяльнасці, прадоўжыць удасканаленне вучэбна-матэрыяльнай базы (установа налічвае ажно 16 вучэбных карпусоў), развіваць пазабюджэтную дзейнасць, перайсці да дыстанцыйнага навучання, асвоіць і развіць міжнародную сістэму дуальнай адукацыі, абавязкова атрымаць 1-е месца на Рэспубліканскім і Міжнародным конкурсах прафесійнага майстэрства WorldSkills… Можна не сумнявацца, што многае з задуманага рэалізуецца дзякуючы актыўным і нераўнадушным педагогам пад кіраўніцтвам вопытнага дырэктара са стратэгічным мысленнем. Бо работа для яго — гэта хобі, у якім ён знайшоў сябе і ад якога атрымлівае вялікае задавальненне.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.