Працавітая, спеўная, шчодрая

- 11:54Навіны рэгіёнаў, Рознае

Прыгажуня восень зноў паклікала ў Віцебск педагогаў і навучэнцаў, руплівых гаспадароў і таленавітых майстроў. У першы дзень кастрычніка на пляцоўцы каля Палаца спорту з раніцы пачалася выстава-продаж прадукцыі, вырабленай ва ўстановах адукацыі рэгіёна.

А дкрываючы адно з самых папулярных гарадскіх восеньскіх мерапрыемстваў, начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома ўручыў узнагароды лідарам сельгасвытворчасці. У гэтым годзе лепшымі з лепшых прызнаны майстры вытворчага навучання Ульскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці імя Л.М.Даватара Іван Барадаўка і Віктар Гамзюк, іх калегі з Коханаўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Арцём Малашкевіч і Леанід Гарбачоў, з Дубровенскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Дзмітрый Сушчэвіч і Аляксандр Савулаў, слесар-рамонтнік Высоцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Віктар Андрэеў, загадчык вучэбнай гаспадаркі Полацкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Святлана Захарава і майстар вытворчага навучання азначанай установы адукацыі Васіль Чумак.

— Гэта 36-я па ліку выстава-продаж. З 2002 года яны праходзяць у абласным цэнтры, а таксама ў Оршы і Полацку, — расказаў начальнік аддзела прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі Віцебскага аблвыканкама Сяргей Каваленка. — Як заўсёды, “Восеньскі карагод” прапанаваў сельскагаспадарчую прадукцыю, вырашчаную ў вучэбных гаспадарках і на прышкольных участках. Акрамя таго, прадстаўлены сувеніры, эксклюзіўнае адзенне і абутак, мэбля, бялізна, прадметы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, элітны маладняк свойскіх жывёл, саджанцы пладовых дрэў, дэкаратыўныя расліны, прадукты харчавання — ад алею і мёду да смачнай выпечкі. Шырокі асартымент, гарантаваная якасць, цэны больш нізкія, чым звычайна, за аналагічны тавар — усё гэта забяспечвае ўстойлівы попыт. Сёлета ў выставе-продажы ўдзельнічалі 30 устаноў прафесійнай адукацыі, 4 рэспубліканскія каледжы, 9 аддзелаў адукацыі і 2 школы-інтэрнаты. Выручка ад рэалізацыі перавысіла 71 тысячу рублёў.

Немагчыма ўявіць “Восеньскі карагод” без выступленняў юных артыстаў. У чатырохгадзіннай канцэртнай праграме прыняло ўдзел больш за 700 выхаванцаў гурткоў, студый і аб’яднанняў па інтарэсах устаноў дадатковай адукацыі. І, канечне, выстава-продаж — гэта заўсёды яшчэ і эфектыўны інструмент прафесійнай арыентацыі, яркая панарама поспехаў і магчымасцей устаноў прафесійнай адукацыі. Прычым панарама інтэрактыўная: не проста з густам аформленыя гандлёвыя месцы, дзе можна пабачыць і набыць сапраўды ўнікальныя рэчы (у тым ліку экспанаты, адзначаныя дыпломамі Рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці), але і горад майстроў з цікавымі прэзентацыямі, дэфіле тэатраў мод, майстар-класамі па цырульніцкім мастацтве, салома і лозапляценні, карвінгу, стварэнні кветак з цукерак. Аб паспяховым гандлі яскрава сведчылі чэргі, а неўзабаве паўпустыя і нават зусім пустыя кузавы аўтамабіляў, яшчэ пару гадзін назад даверху напоўненыя мяхамі з бульбай, морквай, буракамі, цыбуляй, зернем. Усюды дзейнічалі скідкі на пакупкі ад 10% для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і педагагічнай працы, заслужаных настаўнікаў і работнікаў адукацыі. Плануецца, што лепшыя экспазіцыі з прадстаўленых на “Восеньскім карагодзе” прымуць удзел у абласным фестывалі-кірмашы працаўнікоў сяла “Дажынкі-2016” у райцэнтры Сянно.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.