Працавітыя “пчолкі”

- 17:09Нам пішуць

На базе сярэдняй школы № 2 г. Свіслачы працуе лагер працы і адпачынку “Пчолка”, дзе кожны падлетак можа праявіць свае творчыя здольнасці, лідарскія якасці, сфарміраваць станоўчае стаўленне да працы.

Штодня праходзяць працоўныя дэсанты ў сельскагаспадарчае прадпрыемства “Вялікасельскае”, дзе  навучэнцы займаюцца праполкай. Дзеці вельмі любяць выязджаць на палі: час за працай ляціць незаўважна. Пасля абеду — гульнявая дзейнасць, выхаваўчыя мерапрыемствы. Так, падчас работы лагера дзеці актыўна ўдзельнічаюць у спартыўных спаборніцтвах і гульнях, трэнінгах, групавых занятках “Давайце пазнаёмімся бліжэй”, “Што я чакаю ад лагера”, “Мае жыццёвыя мэты”. У рамках акцыі “Малым рэкам — вялікі клопат” вучні навялі парадак уздоўж ракі ў пасёлку Астроўскі Свіслацкага раёна.

У рамках акцыі “Клопат” дзеці наведалі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Іванавіча Шостака. На падворку ў адзінока пражываючага ветэрана спраў безліч: як ніколі ён меў патрэбу ў дапамозе. Дружнай кампаніяй школьнікі прапалолі градкі, палілі агарод, вынеслі смецце, а яшчэ падарылі Мікалаю Іванавічу радасць зносін, у чым, як выказаўся ветэран, ён мае патрэбу больш за ўсё.

У атрадзе існуе сістэма назапашвання заахвочвальных жэтонаў- “пчолак”, якімі ўзнагароджваюцца  дзеці за працоўную дзейнасць і ўдзел у мерапрыемствах. Заробленыя жэтоны школьнікі прымацоўваюць на экран заахвочвання насупраць свайго прозвішча. У канцы змены будуць падведзены вынікі і вызначыцца самы працавіты і актыўны ўдзельнік лагера. Наперадзе ў нашых выхаванцаў яшчэ шмат цікавага: экскурсіі, паходы, сустрэчы з супрацоўнікамі РАНС, РАУС, ІСН. Кожны дзень у лагеры напоўнены новымі падзеямі і ўражаннямі.

Вольга ГАЛАВАЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 2 імя Н.П.Масонава Свіслачы.