Працэс зняцця бар’ераў паступова рухаецца

- 12:46Інфармацыйная гадзіна

Старшыня калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Тыгран Саркісян расказаў аб фарміраванні агульнага фінансавага рынку ЕАЭС у праграме “Актуальнае інтэрв’ю” на тэлеканале “Беларусь 1”.

На пытанне, ці з’явіцца свая крыптавалюта ў ЕАЭС, ён адказаў, што ў парадку дня такога пытання няма. “Але гэта абмяркоўваецца на ўзроўні экспертаў. Што для нас сёння важна — гэта атрымаць канцэпцыю фарміравання агульнага фінансавага рынку. Цяпер цэнтральныя банкі пяці краін інтэнсіўна працуюць над гэтым дакументам, і мы спадзяёмся, што на чарговым пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета канцэпцыя фарміравання агульнага фінансавага рынку будзе прадстаўлена. Гэтая канцэпцыя вызначыць, як нашы цэнтральныя банкі ставяцца да гэтай праблемы, ці бачаць яны магчымасць фарміравання агульнай крыптавалюты, калі так, то якую функцыю гэтая крыптавалюта будзе выконваць. Акрамя таго, сёння ідуць перагаворы паміж цэнтральнымі банкамі адносна таго, каб павысіць эфектыўнасць узаемных разлікаў”, — сказаў Тыгран Саркісян.

Ён таксама падкрэсліў неабходнасць паэтапнага фарміравання агульнага рынку ў сферы транспарту. “Нашы прэзідэнты ўжо зацвердзілі асноўныя напрамкі палітыкі ў сферы транспарту да 2025 года. Прадугледжваецца, што мы павінны рэалізоўваць дарожныя карты, якія распрацоўваюцца на тры гады”, — растлумачыў старшыня калегіі ЕЭК. Паводле яго слоў, найважнейшымі задачамі з’яўляюцца гарманізацыя заканадаўства, фарміраванне агульнай інфраструктуры, адзіных падыходаў, адзінага нагляду.

Тыгран Саркісян нагадаў, што агульны рынак лякарстваў у ЕАЭС пачаў дзейнічаць у маі 2017 года. “Мы запусцілі агульны рынак са спазненнем, таму што ў нас былі вельмі вострыя дэбаты паміж краінамі, па якіх канонах павінен працаваць агульны рынак, як наглядныя органы павінны весці ўзгодненую палітыку, якой павінна быць сістэма дзяржаўных закупак”, — адзначыў ён.

Старшыня калегіі ЕЭК расказаў і аб працэсе зняцця бар’ераў у ЕАЭС. “У 2017 годзе нам удалося зняць 13 бар’ераў. У 2018 годзе мы плануем зняць прыкладна 12 бар’ераў у ЕАЭС. Гэтая работа будзе весціся на пастаяннай аснове. Фундаментальным рашэннем з’яўляецца пераход да ўзгодненых палітык”, — сказаў ён.

Яшчэ адна важная ініцыятыва — наладжванне сістэмы прасочвальнасці тавараў у ЕАЭС. “Над гэтым праектам мы працуем даўно. Ён ужо запушчаны, ёсць распрацоўшчык. Пасля таго, як узгоднім архітэктуру сістэмы прасочвальнасці для пяці краін, мы ўжо дэталёва будзем працаваць з праекціроўшчыкамі, з распрацоўшчыкамі па ўкараненні гэтай сістэмы. Яна дасць магчымасць зняць многія спрэчныя пытанні, якія сёння ўзнікаюць паміж краінамі”, — падкрэсліў Тыгран Саркісян.