Працэсы лічбавізацыі пастаўлены ў якасці прыярытэту для развіцця кожнай галіны эканомікі

- 11:35Інфармацыйная гадзіна

Лічбавая эканоміка ў Беларусі стала часткай нацыянальнай стратэгіі дзяржавы. Аб гэтым заявіў віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка ў Маскве на міжнародным эканамічным форуме дзяржаў — удзельніц Садружнасці “СНД: лічбавая эканоміка — платформа інтэграцыі”.

Ігар Петрышэнка падкрэсліў, што важным крокам у лічбавізацыі краіны стаў Дэкрэт Прэзідэнта Беларусі “Аб развіцці лічбавай эканомікі”, падпісаны ў снежні 2017 года. З яго прыняццем былі створаны ўмовы для дынамічнага развіцця IT-сферы, атрыманы ўнікаль­ныя канкурэнтныя ­пера­вагі для прыцягнення тэхна­логій, інвестыцый, а таксама вядучых спецыялістаў і кампаній з усяго свету, рэзі­дэнты якіх могуць у льготным падатковым і прававым рэжыме адкрываць свае прадстаўніцтвы і працаваць у найбуйнейшым IT-кластары Усходняй Еўропы — беларускім Парку высокіх тэхналогій.

Віцэ-прэм’ер канстатаваў, што працэсы лічбавізацыі пастаўлены ў якасці прыярытэту для развіцця кожнай галіны эканомікі. У Беларусі праводзіцца сістэмная работа па развіцці электроннага ўрада, развіваецца сістэма прадастаўлення дзяржаўных электронных паслуг грамадзянам і бізнесу, ствараецца беларуская інтэграваная сэрвісна-разліковая сістэма. Ён таксама нагадаў, што ў 2018 годзе Беларусь паднялася на 38-е месца ў рэйтынгу ААН па ўзроўні развіцця электроннага ўрада (United Nations E-Government Survey 2018), перамясціўшыся на 11 радкоў уверх у параўнанні з вынікамі 2016 года.

Беларуская дэлегацыя на чале з Ігарам Петрышэнкам у Маскве прыняла ўдзел у пасяджэнні Эканамічнага савета СНД. Яго ўдзельнікі адобрылі распрацаваны пры ўдзеле Беларусі праект стратэгіі забеспячэння інфармацыйнай бяспекі дзяржаў — удзельніц СНД.

Асаблівае месца ў парадку пасяджэння Эканамічнага савета занялі пытанні забеспячэння правоў спажыўцоў у сферы элект­роннага гандлю. Таксама былі разгледжаны ўзаема­дзеянне мытных органаў дзяржаў СНД у сферы абароны правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці, змяненні ў Пагадненне аб парадку мытнага афармлення і мытнага кантролю тавараў, што перамя­шчаюцца паміж ­удзельнікамі зоны свабоднага гандлю ў СНД, і ў Пагадненне аб парадку транзіту праз тэрыторыі дзяржаў — удзельніц СНД і інш.