Працоўнае лета

- 11:14Выхаванне, Выхаваўчая работа

Не толькі адпачыць, але і атрымаць першы працоўны вопыт. Такім чынам правесці летнія канікулы вырашылі навучэнцы Кадзінскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна.

— Штогод прапануем вучням разнастайныя формы карыснай летняй занятасці. У нас працуе дзённы аздараўленчы летнік, арганізавана дзейнасць гульнявых пляцовак. Прадугле­джана і функцыянаванне лагера працы і адпачынку. Падлеткаў, якія хочуць папрацаваць на летніх канікулах, заўсёды хапае, — паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ала Гаўрыленка.

Сёлета ў працоўны летнік запісаліся 15 хлопцаў і дзяўчат. Падлеткі задзейнічаны на палях сельгаспрадпрыемства ААТ “Кадзіна”. Іх работа арганізуецца згодна з заканадаўствам: пасля заключэння працоўных дагавораў яны прайшлі інструктаж па тэхніцы бяспекі, атрымалі спецвопратку і неабходныя сродкі засцярогі. Сваю работу навучэнцы выконваюць з ахвотай і энтузіязмам. У першую палову дня яны працуюць, а пасля — удзельнічаюць у выхаваўчых мерапрыемствах, экскурсіях, сустрэчах з цікавымі людзьмі, гульнявых праграмах, майстар-класах.  

— У гэты лагер пайшла, бо хацела паспрабаваць зарабіць уласныя грошы. Аб такім рашэнні не пашкадавала. Праца пасільная, а адпачынак цікавы і разнастайны. На свой заробак планую самастойна падрыхтавацца да будучага навучальнага года і купіць якую-небудзь адметную рэч, якая застанецца напамінам пра мае першыя працоўныя дні, — падзялілася вучаніца 8 “А” класа Вікторыя Шаблоўская. 

— А я планую заробленае адлажыць, каб потым ажыцця­віць сваю мару. У лагеры падабаецца. Гэта новы жыццёвы вопыт. Тут многа маіх сяброў. Разам працуем, адпачываем, даведваемся шмат новага, — дадала яшчэ адна васьмікласніца Ксенія Новікава.

Усяго па вобласці лагеры працы і адпачынку выбралі звыш 2 тысяч юнакоў і дзяўчат. У вучнёўскіх вытворчых і сельскагаспадарчых брыгадах, працоўных атрадах старшакласнікаў, школьных лясніцтвах, на нарыхтоўчых работах, індывідуальна і па дагаворах з тэрытарыяльнымі ўпраўленнямі занятасцi будуць працаваць амаль 28 тысяч школьнікаў. 

Дарэчы, у летні перыяд ад рэгіянальнага цэнтра занятасці ў школе таксама будуць працаваць дзве вытворчыя вучнёўскія брыгады. Адна зоймецца зялёным будаўніцтвам і добраўпарадкаваннем школьнай тэрыторыі, другая — пашывам пасцельнай бялізны. Работа ў брыгадах аб’яднае яшчэ звыш трыццаці навучэнцаў.  

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.