Працоўная міграцыя не павінна адмоўна ўплываць на нацыянальную бяспеку

- 11:15Інфармацыйная гадзіна

Беларусь можа выкарыстаць вопыт краін ЕС у сферы заканадаўства аб працоўнай міграцыі. Аб гэтым заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Мікалай Мельчанка.

Семінар, прысвечаны мерам, якія трэба прыняць Беларусі для паляпшэння кіравання працоўнай міграцыяй, прайшоў у Мінску 5—6 чэрвеня. Мерапрыемства было арганізавана Міжнародным цэнтрам па развіцці міграцыйнай палітыкі (МЦРМП) сумесна з МУС Беларусі пры рэалізацыі сумеснай ініцыятывы МЦРМП і Еўрасаюза MIEUX “Роля міжнародных канвенцый аб працоўных-мігрантах”.

Мікалай Мельчанка падкрэсліў важнасць вывучэння вопыту краін Еўрасаюза ў сферы заканадаўства аб працоўнай міграцыі. “Мы вывучалі вопыт і нарматыўныя дакументы іншых краін, супастаўлялі іх з беларускай заканадаўчай базай. Так, ёсць пэўныя моманты — у нас гэта крыху не так пабудавана, але я лічу, што вельмі многае можна пераняць у калег і партнёраў з Еўрасаюза”, — сказаў намеснік міністра.

“На рынку працы ёсць патрэбнасць у высокакваліфікаваных работніках, мы зацікаўлены ў тым, каб да нас ехалі і працавалі, — адзначыў Мікалай Мельчанка. — Міжнародная міграцыя — гэта перш за ўсё эканамічны складнік, палітычны, але і бяспека. Як сілавое ведамства мы зацікаўлены, каб гэта не паўплывала на бяспеку нашай дзяржавы”.

Кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын дадала, што працоўная міграцыя — праблематыка, якая важная як для Беларусі, так і для краін ЕС. — Як рамкі, неабходныя для вырашэння пытанняў у гэтай сферы, мы разглядаем канвенцыі Міжнароднай арганізацыі працы. Таму я рада, што і МУС Беларусі, і Нацыянальны сход разглядаюць мэтазгоднасць далучэння да гэтых канвенцый. Гэта ў перспектыве дапаможа гарантаваць правы людзей, якія выязджаюць працаваць за межы Беларусі, і тых, хто прыязджае для работы сюды”, — падкрэсліла Андрэа Віктарын.

Беларусь падала заяўку на ўдзел у праекце МЦРМП і Еўрасаюза MIEUX “Роля міжнародных канвенцый аб працоўных-мігрантах” у студзені 2016 года ў сувязі з тым, што не з’яўляецца ўдзельніцай міжнародных канвенцый аб працоўных-мігрантах і рэгулярна атрымлівае рэкамендацыі аб далучэнні да іх. Ініцыятыва Беларусі была абумоўлена неабходнасцю вывучэння замежнага вопыту ў частцы вызначэння ролі такіх дагавораў і мэтазгоднасці далучэння да іх. Праект быў запушчаны ў кастрычніку 2016 года. За перыяд яго рэалізацыі праведзена каласальная работа па вывучэнні канвенцый Міжнароднай арганізацыі працы, правядзенні параўнальнага аналізу і выпрацоўцы адпаведных рэкамендацый па ўдасканаленні заканадаўства Беларусі ў сферы знешняй працоўнай міграцыі.