Працоўны дух

- 10:42Адукацыйная прастора

Мінскі дзяржаўны ліцэй № 5 транспартнага будаўніцтва вядомы ў сталіцы і далёка за яе межамі не толькі высокімі дасягненнямі  ў прафесійнай падрыхтоўцы навучэнцаў, але і маштабнай прафарыентацыйнай работай сярод школьнікаў пачынаючы з самага ранняга ўзросту. Прыкладам гэтага стаў нядаўна праведзены майстар-клас па сталярнай справе, у якім прынялі ўдзел трэцякласнікі мінскай гімназіі № 56.

Па словах дырэктара Інесы Леанідаўны Кузьміной, чым раней прывучыць дзяцей да фізічнай працы, тым хутчэй у іх характары сфарміруюцца працоўны дух, маральныя каштоўнасці, беражлівыя адносіны да навакольнага асяроддзя. І ў гэтым павінны быць задзейнічаны бацькі. Нездарма на майстар-клас у вучэбную майстэрню ліцэя школьнікі прыйшлі хто з бацькам, а хто з дзядулем. Такім чынам, сабралася 14 пар удзельнікаў майстар-класа, якія з захапленнем пачалі сталярную работу пад кіраўніцтвам Д.В.Расцюшэўскага.

Дзмітрый Віктаравіч не толькі працуе ў ліцэі майстрам вытворчага навучання, але і з’яўляецца нацыянальным і міжнародным экспертам WorldSkills у кампетэнцыі “Вытворчасць мэблі”. Яго выхаванцы не адзін раз перамагалі на конкурсах прафесійнага майстэрства і сталі сапраўднымі прафесіяналамі.

Многія дзеці ўпершыню наведалі вучэбную майстэрню. Першы раз яны ўбачылі і сталярныя інструменты, узялі ў рукі гэбель. Але пры падтрымцы майстра і сваіх родных яны асмялелі і з цікавасцю ўзяліся за справу. Майстэрня напоўнілася звонкімі галасамі, вясёлым смехам, запахла драўнянымі габлюшкамі. Праз дзве гадзіны на кожным рабочым месцы ляжала прыгожая і ўтульная шпакоўня. Менавіта такі сезонны выраб стаў першым заданнем для трэцякласнікаў. І кожны з іх справіўся з даручанай справай на выдатна.

— Мне было вельмі прыемна бачыць у вучэбнай майстэрні свайго сына, — падзяліўся ўражаннямі намеснік дырэктара ліцэя па вытворчым навучанні Д.Л.Зайкоўскі. — Антон вельмі чакаў гэтую па­дзею з задавальненнем узяўся за выраб шпакоўні. Праўда, пры рабоце са сталярнымі інструментамі яго рухі былі не вельмі дакладнымі, таму я стараўся ва ўсім яму дапамагчы. Спадзяюся, што першыя прафесійныя навыкі будуць у сына ўдасканальвацца і ў далейшым ён зможа зрабіць больш складаную рэч.

Але каштоўнасць майстар-класа не толькі ў гэтым. Падзея стане для хлопчыкаў зыходным пунктам у выбары професіі, абудзіць цікавасць да сталярнай справы, уменне валодаць якой заўсёды спатрэбіцца ў жыцці.

Дзмітрый Леанідавіч расказаў, з якой гордасцю Антон нёс сваю шпакоўню, паказваў маме, як доўга думаў і раіўся з бацькамі, куды яе павесіць. Нарэшце, месца было знойдзена — на дрэве ў двары яго дома.

Ала КЛЮЙКО.