Працоўныя перспектывы і паспяховая сацыялізацыя

- 12:06Навіны рэгіёнаў

У Капыльскай дапаможнай школе-інтэрнаце на семінары падвялі вынікі рэалізацыі міжнароднага праекта “Інтэграцыя ў рынак працы навучэнцаў дапаможных школ-інтэрнатаў”. Гэты беларуска-галандскі праект рэалізоўваўся на Міншчыне на працягу трох гадоў, вынікам яго стала рэальная дапамога дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў выбары і атрыманні прафесіі, а таксама навыкаў самастойнага жыцця.

Фота да матэрыяла: Працоўныя перспектывы і паспяховая сацыялізацыя.Праца — адзін з галоўных сродкаў сацыялізацыі, які аказвае значны ўплыў на працэс развіцця асобы дзіцяці з інтэлектуальнай недастатковасцю. Калі такое дзіця атрымае прафесію, то будзе працаваць, а значыць, зарабляць грошы, прыносіць карысць сабе і грамадству, мець зносіны з калегамі, усведамляць уласную значнасць і патрэбнасць. І, адпаведна, без работы чалавек усяго гэтага пазбаўлены і мае нецікавае жыццё, лічыць сябе абузай для грамадства і дзяржавы. Менавіта такое важнае пытанне — прафесійная падрыхтоўка і працаўладкаванне выпускнікоў — і апынулася ў цэнтры ўвагі праекта “Інтэграцыя ў рынак працы навучэнцаў дапаможных школ-інтэрнатаў”.

У 2015 годзе было падпісана пагадненне аб рэалізацыі праекта: беларускі бок прадстаўлялі Міністэрства адукацыі і галоўнае ўпраўленне па адукацыі Мінаблвыканкама, галандскі — дабрачынны фонд “Дзіцячыя дамы Беларусі”. Аднак супрацоўніцтва галандскага фонду, старшынёй якога з’яўляецца педагог Марыя Элізабет Схраверус, з установамі адукацыі Мінскай вобласці пачалося задоўга да гэтага — яшчэ 15 гадоў назад. За гэты час у рамках двухбаковага супрацоўніцтва было рэалізавана некалькі ініцыятыў і праектаў. Усе яны маюць мэтай дапамагчы дзецям з інтэлектуальнай недастатковасцю, якія выхоўваюцца ў дапаможных школах-інтэрнатах. Прычым праекты былі накіраваны на тое, каб станоўча паўплываць не толькі на час знаходжання ва ўстанове адукацыі, але і на будучыню, якая чакае дзяцей пасля заканчэння ўстановы. Напрыклад, у Капыльскай дапаможнай школе-інтэрнаце быў рэалізаваны аграсацыяпраект, закліканы рыхтаваць дзяцей да самастойнага пражывання. На тэрыторыі школы-інтэрната пабудаваны тры дамы, у якіх навучэнцы 10—12 класаў вучацца самастойна жыць і вырашаць бытавыя пытанні. Таксама была створана міні-гаспадарка з кароўнікам, свінарнікам, птушнікам, дзе падлеткі атрымліваюць навыкі догляду хатніх жывёл і земляробства. Лагічным працягам распачатай шмат гадоў назад работы стаў праект “Інтэграцыя ў рынак працы навучэнцаў дапаможных школ-інтэрнатаў”.

Перад калектывамі інтэрнатных устаноў стаіць задача стварыць найбольш эфектыўныя ўмовы для арганізацыі працоўнага навучання, прафесійнай падрыхтоўкі, а таксама сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі дзяцей-сірот з інтэлектуальнай недастатковасцю. У Мінскай вобласці выпускнікі дапаможных школ-інтэрнатаў маюць магчымасць атрымаць рабочую кваліфікацыю двума шляхамі. Па-першае, непасрэдна ў школах-інтэрнатах, дзе яны выхоўваюцца, у класах сацыяльнай і прафесійнай падрыхтоўкі. 6 такіх класаў функцыянуюць у Рудзенскай, Гарадзейскай, Капыльскай і Чэхаўшчынскай дапаможных школах-інтэрнатах, дзе навучэнцы праходзяць падрыхтоўку па спецыяльнасцях “Гароднінавод, садавод”, “Сталяр”, “Швяя”, “Рабочы зялёнай гаспадаркі. Кветкавод”, “Жывёлавод”, “Слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання”. Пасля заканчэння навучання падлеткі атрымліваюць пасведчанне аб прысваенні кваліфікацыйнага разраду па адпаведнай прафесіі. Па-другое, пасля заканчэння дапаможных школ-інтэрнатаў іх выпускнікі могуць атрымаць прафесію ў 10 установах прафесійна-тэхнічнай адукацыі вобласці. Выбару прафесіі папярэднічае сістэмная работа педагогаў школ-інтэрнатаў па прафарыентацыі.

Міжнародны праект “Інтэграцыя ў рынак працы навучэнцаў дапаможных школ-інтэрнатаў” аб’яднаў тры такія ўстановы на Міншчыне — Капыльскую, Рудзенскую і Гарадзейскую. У яго рэалізацыі ўдзельнічаюць таксама спецыялісты з Нідэрландаў, якія ажыццяўляюць працоўную і прафесійную падрыхтоўку дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю.

Рэалізацыя праекта ажыццяўлялася па некалькіх напрамках. Была прааналізавана эфектыўнасць інтэграцыі ў рынак працы навучэнцаў дапаможных школ-інтэрнатаў. Таксама ўзмацнялася матэрыяльна-тэхнічная база вучэбных майстэрняў і вучэбных гаспадарак гэтых устаноў, каб прафесійная падрыхтоўка праводзілася ў аптымальных умовах. Для беларускіх удзельнікаў праекта ладзіліся навучальныя семінары для паглыблення ведаў аб структуры і змесце працоўнай і прафесійнай падрыхтоўкі дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю, галандскія калегі дзяліліся вопытам работы ў гэтым напрамку. Арганізоўвалася вытворчая практыка навучэнцаў на сельскагаспадарчых і швейных прадпрыемствах Мінскай вобласці, праводзілася работа па павышэнні ўзроўню прафесійнай і асобаснай адаптацыі выпускнікоў на працоўных месцах.

На семінары, які падвёў вынікі праекта, прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх структур і ўстаноў, якія мелі да яго дачыненне: прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама, Капыльскага райвыканкама, дабрачыннага фонду “Дзіцячыя дамы Беларусі”, кіраўнікі і педагогі дапаможных школ-інтэрнатаў Мінскай вобласці, супрацоўнікі Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, Мінскага абласнога ІРА, абласнога ЦКРНіР.

А.Л.Абалевіч, галоўны спецыяліст аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама, шчыра падзякавала ўсім удзельнікам праекта за важную і карысную справу, якую яны здзейснілі. Асаблівыя словы падзякі гучалі ў адрас Марыі Элізабет Схраверус, чыю ролю ў рэалізацыі праекта і ўсталявання супрацоўніцтва цяжка пераацаніць.

С.Я.Сысой, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, адзначыла сацыяльную важнасць праекта, яго накіраванасць на тое, каб кожны выпускнік знайшоў сваё месца ў жыцці.

У рамках міжнароднага семінара прадстаўнікі галандскага фонду “Дзіцячыя дамы Беларусі” прэзентавалі свой вопыт работы па пытаннях прафарыентацыі, працаўладкавання і курыравання выпускнікоў дапаможных школ-інтэрнатаў на працоўных месцах. Сістэма работы ўключае прафесійную адукацыю, стажыроўкі і пасляінтэрнатнае суправаджэнне, якое ажыццяўляе спецыяліст-куратар. Аб гэтым расказалі Гербрант Хейцінг, дацэнт тэхнічнага каледжа, і Хуб ван дэ Мортэль, эксперт рэестра занятасці.

Беларускія калегі з Капыльскай, Рудзенскай, Гарадзейскай дапаможных школ-інтэрнатаў расказалі аб рэалізацыі праекта і яго выніках на прыкладзе сваіх устаноў адукацыі.

У рамках міжнароднага праекта ажыццяўлялася таксама рэалізацыя Рэспубліканскага эксперыментальнага праекта “Апрабацыя тэхналогіі прафесійнага самавызначэння навучэнца І аддзялення дапаможнай школы”. Навуковы кіраўнік праекта У.А.Шынкарэнка, загадчык кафедры спецыяльнай педагогікі Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, разам з Герардам Схраверусам, членам фонду “Дзіцячыя дамы Беларусі”, прэзентавалі дапаможнік “Інтэграцыя ў рынак працы навучэнцаў дапаможных школ-інтэрнатаў”.

На семінары не раз гучала лічба, якая выдатна адлюстроўвае вынікі праекта — за 3 гады 98% выпускнікоў трох дапаможных школ-інтэрнатаў атрымалі прафесію, працаўладкаваны і цяпер працуюць у асноўным на прадпрыемствах аграрна-прамысловага комплексу. Важнай часткай мерапрыемства стала выступленне навучэнак трох устаноў, удзельніц праекта. Яны расказалі аб навучанні і вытворчай практыцы, якую праходзілі на сельскагаспадарчых і швейных прадпрыемствах, і прадэманстравалі навыкі, атрыманыя падчас навучання: на вачах прысутных дзяўчыны шылі, выраблялі дэталі для сельскагаспадарчай тэхнікі, расказвалі, як яны даглядаюць жывёл. Іх выступленне стала найбольш красамоўным адлюстраваннем вынікаў праекта.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.