Працуе на карысць дзяцей

- 11:25Людзі адукацыі

Раніца. Заліваецца званок. Настаўнікі і навучэнцы спяшаюцца заняць свае месцы, акунаючыся ў непаўторную ліцэйскую атмасферу. У Магілёўскім дзяржаўным абласным ліцэі № 1 усё падпарадкавана дасягненню галоўнай мэты — стварыць умовы для якаснага навучання і выхавання падрастаючага пакалення. Галоўны натхняльнік усіх спраў гэтай установы адукацыі — дырэктар Пётр Уладзіміравіч Шылаў. Яго ўпэўненасць у поспеху зараджае педагогаў і вучняў аптымізмам, прымушае іх паверыць у свае сілы і матывуе на дасягненні.

Жыццё Пятра Уладзіміравіча звязана з педагагічнай дзейнасцю ўжо звыш 40 гадоў. У прафесію ён прыйшоў свядома, бо да гэтай нялёгкай працы імкнуўся яшчэ ў дзяцінст­ве. Натхняў прыклад бацькі, які працаваў настаўнікам фізікі. Да таго ж старэйшая сястра таксама стала педагогам.

Юнацкае імкненне П.У.Шылаў рэалізаваў на фізіка-матэматычным факультэце сённяшняга Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова. Яму пашанцавала на педагогаў. Асновы прафесіі ён спасцігаў пад кіраўніцтвам выдатных выкладчыкаў: А.М.Радзькова, Л.А.Латоціна, Б.Д.Чабатарэўскага, А.А.Столяра. Пасля атрымання запаветнага настаўніцкага дыплома маладым педагогам Пётр Уладзіміравіч адправіўся ў Касцюковіцкі раён. Там выкладаў фізіку і матэматыку дзецям з сельскіх школ. Пасля ўзначаліў раённы аддзел адукацыі.

— Даволі доўга мая працоўная біяграфія была звязана з роднай альма-матар — МДУ імя А.А.Куляшова. Паралельна тады вучыўся ў аспірантуры БДПУ імя Максіма Танка, дзе займаўся даследаваннямі развіцця мыслення школьнікаў сродкамі матэматыкі. У сярэдзіне 90-х паступіла прапанова — узначаліць Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй № 1. Пагадзіўся, і пра тое рашэнне ні разу не пашкадаваў. З гэтай установай маё жыццё звязана ўжо не адно дзесяцігоддзе, — паведаміў П.У.Шылаў.

Першым абласным ліцэем Пётр Уладзіміравіч кіpye на працягу 25 гадоў. За гэты час ліцэй № 1 стаў своеасаблівым вучэбна-даследчым i адукацыйна-культурным цэнтрам у сістэме ўстаноў адукацыі Магілёўскай вобласці. Філасофія дырэктара i ўсяго калектыву заснавана на прымяненні асобаснага падыходу да ўcix навучэнцаў. Ліцэй з’яўляецца лабараторыяй па напрацоўцы перадавога педагагічнага вопыту ў галіне развіцця творчых здольнасцей вучняў, уваходзіць у склад рэгіянальнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі на базе МДУ імя А.А.Куляшова.

— Наша ўстанова арыентавана на работу з адоранымі дзецьмі, таму мы актыўна далучаем ix да ўдзелу ў алімпіядным i конкурс­ным руху. У гэтым кірунку ў ліцэі выбудавана пэўная сістэма работы. Да нас прыходзяць вучыцца дзеці з ужо сфарміраванай базай ведаў, з асабістай пазіцыяй. Таму як Гіпакрат жыў па запавеце “Не нашкодзь!”, так усе нашы педагогі кіруюцца прынцыпам “Не прымушай!”. Задача, якую ставяць перад сабой настаўнікі, — акрыліць, падтрымац­ь кожнага вучня, па­тлумачыць яму карысць удасканалення ведаў, але ні ў якім разе не навязваць абавязковасць удзелу ў конкурсе або алімпіядзе. На падрыхтоўчым этапе дапамога педагога вучням аказ­ваецца максімальная. Але i тут у нас свая пазіцыя. Кантроль за падрыхтоўкай навучэнцаў ненадакучлівы i прахо­дзіць хутчэй у форме кансульта­цый, накіроўваючы самападрыхтоўку вучня ў патрэбнае рэчышча, — паведаміў Пётр Уладзіміравіч.

Па яго меркаванні, эфектыўнасць адукацыйнага працэсу ў многім залежыць ад пабудовы суб’ектыўных адносін паміж настаўнікам і вучнем. Таму не меншае значэнне кіраўнік першага ліцэя надае развіццю прафесійнай кампетэнцыі, павышэнню кваліфікацыі настаўнікаў.

Пётр Уладзіміравіч і сам — педагог-даследчык. Ён удзельнічаў у распрацоўцы мэтавай рэгіянальнай праграмы “Вучэбны комплекс як аснова бесперапыннай адукацыі”, стаў ініцыятарам арганізацыі на базе ліцэя рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкі па рэалізацыі праекта “Укараненне мадэлі фарміравання медыякультуры навучэнцаў ва ўмовах сучаснага інфармацыйна-камунікацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі”. На творчы пошук, прафесійнае ўдасканаленне П.У.Шылаў арыентуе і калектыў. Амаль усе настаўнікі ліцэя маюц­ь першую ці вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, дзесяць педагогаў з’яўляюцца выдатнікамі адукацыі, два — заслужанымі настаўнікамі, а Валерый Васільевіч Барашкоў пакуль што адзіны ў Беларусі носіць званне “Народны настаўнік”.

Асабліва значным дырэктар першага ліцэя лічыць скіраванасц­ь на фарміраванне гарманічнай, рознабаковай, высокамаральнай асобы кожнага вучня. Таму ў гэтай навучальнай установе працу­юць над удасканаленнем выхаваўчага, пазакласнага, фізкультурна-аздараўленчага адукацыйнага асяроддзя.

— Мы ўсімі сіламі спрабуем стварыць у ліцэі сапраўдную атмасферу дома. Абумоўлена гэта тым, што наша ўстанова мае абласное падпарадкаванне, і вучні з’язджаюцца да нас з розных куткоў Магілёўшчыны. Галоўная задача, якую мы ставім перад сабой, — гэта аб’яднанне іх, такіх розных і непадобных, у адзіны класны калектыў. Рэалізоўваецца гэтая ня­простая мэта з дапамогай ліцэйскіх традыцый. Спрыяльная атмасфера дазваляе дзецям паглыблена займацца тым, што падабаецца, дапамагае iм паспяхова авалод­ваць ведамі. Дзеці вучацца думаць, працаваць самастойна, у іx фарміруецца жаданне i ўменне вучыцца. Яны перастаюць быць вучнямі-спажыўцамі, кaлi веды даюць. Замест гэтага становяцца актыўнымі ў­дзельнікамі адукацыйнага працэсу, — падкрэсліў П.У.Шылаў.

Першы абласны ліцэй сёння адна з лепшых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Магiлёўшчыны. Дасягненняў, рэалізацыі інавацыйных ідэй на рахунку гэтай навучальнай установы нямала. А ўсё таму, што кожны педагог тут самааддана ставіцца да сваёй штодзённай працы. На плённую дзейнасць ix матывуе дырэктар, бо ў свой час ён зразумеў: поспех прыходзіць тады, калі ўвесь калектыў працуе як адзіная каманда.

— Дзякуючы зладжанай, самаадданай працы кожнага педагога, сёння нам ёсць чым ганарыцца. За гады існавання з ліцэя выйшла звыш пяцісот выпускнікоў, якія cталі залатымі i сярэбранымі медалістамі. Традыцыйнымі сталі поспеxi нашых вучняў у алімпіядным руху. Больш як 330 пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, 21 медаль на міжнародных алімпіядах i конкурсах, а таксама звыш 270 вучняў, якія aтpымалі прэміі спецыяльнага фонду прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў i студэнтаў — такі вынік лепшым чынам характарызуе работу настаўнікаў ліцэя, — расказаў Пётр Уладзіміравіч.

Значная адукацыйная дзейнасць П.У.Шылава ў якасці кіраўніка Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 неаднаразова была адзначана. Ён з’яўляецца выдатнікам адукацыі, узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”, шматлікімі ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі, мясцовых выканаўчых улад. Але, нягледзячы на важкія працоўныя дасягненні, Пётр Уладзіміравіч працягвае прафесійны пошук i матывуе на гэта калег-аднадумцаў.

— Мы будзем імкнуцца да яшчэ больш высокага ўзроўню якасці адукацыі ў ліцэі, удасканалення ўмоў для духоўна-маральнага i фізічнага развіцця вучняў, ix падрыхтоўкі да паўнавартаснага жыцця ў грамадстве. Усё, што мы poбім, — для нашых навучэнцаў. I калі iм у ліцэі камфортна, калі атмасфера ўстановы спрыяе ix поспехам, то для нас гэта самае галоўнае дасягненне, — запэўніў П.У.Шылаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.