“Працуем на ранняе выяўленне праблем”

- 12:12Людзі адукацыі

Сярэдняя школа № 9 Мінска — адна з самых вялікіх, у якой мне ўдалося пабываць, зараз тут 1650 навучэнцаў. Акрамя таго, у гэтай навучальнай установе больш за ўсё дзяцей з мнагадзетных сем’яў па Маскоўскім раёне сталіцы (школа размяшчаецца ў мікрараёне Брылевічы) — каля 450. Прычым трое дзяцей з адной сям’і тут звычайная сітуацыя, ёсць малыя з сем’яў, у якіх 5, 6 і нават 10 дзяцей. І сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная служба ў школе немаленькая, складаецца з двух педагогаў-псіхолагаў і двух сацыяльных педагогаў. Да аднаго з членаў гэтай каманды — лаўрэата мінулагодняга конкурсу “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Педагог сацыяльны” Ірыны Юр’еўны Сушчынскай я і завітала.

Нармальнае жыццё

Размаўляць з педагогам, скажу адразу, было няпроста. І не таму, што не хапала слоў, надзённых пытанняў і цікавых адказаў на іх — такога ў размове з чалавекам, улюбёным у сваю справу, не можа быць у прынцыпе. А таму, што дзверы ў кабінет сацыяльнага педагога амаль не зачыняюцца: то вучні зойдуць расказаць, што выканалі даручаную справу, то бацька аднаго са школьнікаў — пагаварыць пра сваё дзіця, то калегі ці нехта з адміністрацыі — абмеркаваць бягучыя пытанні, напрыклад, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ірына Канстанцінаўна Ваўчанкова. Прабыўшы колькі часу ў такой віхуры, разумею, што гэта нармальная рабочая атмасфера. У гэтым кабінеце так заўсёды, бо сацыяльны педагог пастаянна знаходзіцца ў цэнтры школьнага жыцця.— Мы — і калектыў школы ў цэлым, і я з калегамі: сацыяльным педагогам Каралінай Алегаўнай Маркевіч і педагогамі-псіхолагамі Вольгай Ігараўнай Івашынай і Аленай Міхайлаўнай Ягоравай — лічым адной з самых галоўных сваіх задач — ранняе выяўленне праблем, перш за ўсё сем’яў, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, — гаворыць І.Ю.Сушчынская. — На гэта нацэльвае нас дырэктар школы Яўген Сяргеевіч Дабранеўскі. І калектыў з ім цалкам згодны. Лепш выявіць небяспеку, калі яна яшчэ не стала сур’ёзнай праблемай, і працаваць на прафілактыку, чым потым хапацца за галаву, давёўшы сітуацыю да крайнасці. Таму ў нас на ўліку даволі многа дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы — 20 чалавек з васьмі сем’яў, але гэта не мінус, а плюс рабоце калектыву школы. Я наогул лічу: калі ў школе няма такіх сем’яў на ўліку, то гэта гаворыць аб дрэннай рабоце яе сацыяльна-педагагічнай службы і ўсяго калектыву.
У навучальнай установе, якая адкрылася ў верасні 2011 года, Ірына Юр’еўна працуе з самага пачатку, а сёлета ў школу № 9 пайшло вучыцца яе дзіця — маці палічыла вялікую, шумную школу найлепшым месцам для навучання свайго першакласніка, што, пагадзіцеся, дадае яшчэ адзін плюс да іміджу агульнаадукацыйнай установы. Сама ж у гэтую школу мая суразмоўніца выйшла працаваць пасля дэкрэтнага адпачынку, маючы дыплом Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “Сацыяльная педагогіка” (быў там такі напрамак), навучанне ў аспірантуры, пэўны вопыт работы ў якасці выкладчыка, у тым ліку ў родным універсітэце.
Прыйшла ў школу і, як кажа, не шкадуе. Наадварот, работа захапіла, падштурхнула да ўдзелу ў многіх прафесійных конкурсах. Не толькі ў вышэйназваным, але і ў многіх іншых. Як кажа Ірына Юр’еўна, яна выбірае конкурсы, непасрэдна звязаныя з работай, далучае да ўдзелу ў іх школьнікаў, клас (зараз ён ужо 11-ы), у якім з’яўляецца класным кіраўніком, і — наперад. Так, у конкурсах па прапагандзе здаровага ладу жыцця і прававым выхаванні 9-я школа ўдзельнічае надзвычай паспяхова, рэгулярна становіцца лепшай у сваім раёне. Гэта, напрыклад, конкурс “Жыві дастойна” або акцыя “Здароўе і маладосць”.
— Ведаю, што не ўсе педагогі любяць конкурсы, многія стараюцца абысціся без іх, — заўважае І.Ю.Сушчынская. — Я конкурсы люблю, яны дазваляюць не патануць у руціннай папяровай рабоце. Ды і намеснік дырэктара І.К.Ваўчанкова падахвочвае да ўдзелу ў іх, ведае, што я чалавек азартны, яна і сама вельмі актыўная.

Дапаможа класіка

На конкурсе “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” адной з іскрынак выступлення Ірыны Юр’еўны быў адкрыты ўрок, прысвечаны барацьбе з брыдкаслоўем. Прычым падчас іншага гарадскога конкурсу — “Манеры і сучаснасць” — каманда І.Ю.Сушчынскай прапанавала ўнесці ў каляндар ЮНЕСКА Міжнародны дзень барацьбы з гэтай з’явай. Даты такой пакуль няма, але хто ведае… Зразумела, у школе праводзіцца работа па прафілактыцы ўсіх дрэнных звычак, але “супрацьлаянкавы” напрамак — адна з асаблівасцей работы сацыяльнага педагога гэтай установы. Вопыт такой работы Ірына Юр’еўна прадстаўляла і ў Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі. У школе № 9 вырашылі штогадова праводзіць Тыдзень прафілактыкі брыдкаслоўя. Так, тут арганізоўваюць інтэрактыўныя заняткі, адзін з этапаў якіх заключаецца ў тым, што ўдзельнікі гульні прапаноўваюць свае метады барацьбы з дрэннай звычкай (дарэчы, настаўнікі таксама). Хтосьці прапаноўвае замяняць нецэнзурныя выразы больш мяккімі (эўфемізмамі), хтосьці — надзяваць на руку гумку, каб пасля кожнага дрэннага слова “страляць” ёй самому сабе па руцэ. І ўсе ў адзін голас першым сродкам прафілактыкі брыдкаслоўя называюць неабходнасць чытаць як мага больш класічнай літаратуры, нават падлеткі, якія трывала завязлі ў камп’ютарных гульнях.
Узяліся ў школе і за высвятленне таго, адкуль ідзе такая непрыгожая звычка. Адказ аказаўся такі, якім яго і чакалі: усё ідзе з сям’і і блізкага акружэння. Дарэчы, хто не ведае: у Адміністратыўным кодэксе ёсць артыкул, які прадугледжвае пакаранне за выкарыстанне нецэнзурнай лексікі ў грамадскіх месцах, за дзяцей пры гэтым адказваюць бацькі. Да штрафаў у школе не даходзіла, а вось сур’ёзныя размовы на камісіі па справах непаўналетніх па ініцыятыве школы з бацькамі былі.
— Мы заўважылі, што ў планаванні работы нашай службы не ўдзяляецца дастатковай увагі прафілактыцы брыдкаслоўя, — тлумачыць мая суразмоўніца. — Я зацікавілася гэтым пытаннем, і цяпер, лічу, мы выйшлі на добры ўзровень работы па гэтай тэме. Прычым за аснову ўзялі работу па прынцыпе “Роўны навучае роўнага”. Мы наогул шмат працуем, выкарыстоўваючы гэтую канцэпцыю. Я яшчэ ў першы год сваёй работы ў школе закончыла курсы ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі па ўкараненні ў школе сістэмы “Роўны навучае роўнага” і з той пары актыўна яе выкарыстоўваю, лічу вельмі эфектыўнай.
А сёлета ў школе працуе факультатыў (раней гэта быў гурток), на якім педагог-псіхолаг Вольга Ігараўна Івашына рыхтуе дзевяцікласнікаў да валанцёрскай работы, з адзінаццацікласнікамі працуе Ірына Юр’еўна Сушчынская. Курс называецца “Падрыхтоўка валанцёраў да рэалізацыі падыходу “Роўны навучае роўнага”, асноўны яго кірунак — прапаганда здаровага ладу жыцця: прафілактыка курэння, ужывання алкаголю, наркотыкаў і г.д.

Лагер як сродак сацыялізацыі

Яшчэ адна з любімых спраў сацыяльнага педагога — лагер працы і адпачынку, які сёлета дзейнічаў у школе трэці раз. Па чатыры гадзіны ў дзень працуюць школьнікі, якім споўнілася 14 гадоў і на якіх заводзяцца працоўныя кніжкі. Хаця, канечне, не толькі працуюць, адпачываюць таксама: удзельнічаюць у спаборніцтвах, конкурсах, іншых мерапрыемствах. Што да работы, то гэта ў асноўным азеляненне школьнай тэрыторыі, рамонт падручнікаў у школьнай бібліятэцы, работа на камп’ютары.— Змену лагера працы і адпачынку стараемся сфарміраваць з дзяцей, якім неабходна падтрымка і якія самі хочуць і будуць працаваць, — расказвае І.Ю.Сушчынская. — Гэта дзеці, напрыклад, з малазабяспечаных сем’яў, дзеці, якія стаяць на пэўных відах уліку. Сёлета за 18-дзённую змену нашы вучні зарабілі прыкладна па 1 млн 600 тысяч рублёў, пры гэтым харчаванне каштавала за ўвесь час каля 200 тысяч. А за выдатную работу дзеці нават атрымліваюць прэміі. Чым дрэнна?
Пакуль ў ЛПА 9-й школы арганізоўвалі толькі адну змену, на якой сёлета, напрыклад, адпачывалі і працавалі 10 хлопчыкаў і дзяўчынак. Наступным летам збіраюцца арганізаваць ужо тры змены, бо лагер вельмі папулярны ў тутэйшых школьнікаў. Летась, прынамсі, як і ў два папярэднія гады, школьны ЛПА стаў лепшым у Маскоўскім раёне і другім у горадзе. Дзейнасць лагера настолькі паспяховая, што сёлета Ірына Юр’еўна збіраецца прапанаваць вопыт работы “ЛТА як сродак сацыялізацыі асобы” на прэмію гарвыканкама “Рэсурс сталіцы”.
У лагеры, між іншым, таксама ўкаранёны падыход “Роўны навучае роўнага”, і, акрамя працы і адпачынку, дзеці і ў ЛПА далучаюцца да здаровага ладу жыцця. Так, старэйшыя дзеці вялі зарадку ў малодшых навучэнцаў, якія адпачывалі ў школьным дзённым лагеры.

***

Напрыканцы размовы Ірына Юр’еўна расказала, што ў наступны дзень тут пройдуць мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню прафілактыкі суіцыдаў. Усе чакалі яркага, радаснага дня, калі будзе працаваць школьнае радыё “Пазітыў”, можна будзе зрабіць вясёлыя здымкі ў фотазоне са смайлікамі, размаляваць твар аквафарбамі, загадаць жаданне “Лямпе жаданняў”. Карацей, калі чарговы раз будзе рэалізаваны агульны падыход сацыяльных педагогаў і псіхолагаў школы да работы з дзецьмі: аб сур’ёзным праз гульню, інтэрактыў і пазітыў. Дзецям гэта і больш цікава, і больш зразумела.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара і з архіва сярэдняй школы № 9 Мінска.