Працуем разам!

Нядаўняе пасяджэнне Прэзідыума Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі пачалося не зусім звычайна: да разгляду пытанняў, што стаялі на парадку дня, адбылося падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж рэдакцыйна-выдавецкай установай “Выдавецкі дом “Педагагічная прэса” і галіновым прафсаюзам.

—У нас закончылася пагадненне з “Настаўніцкай газетай”, прычым сёння гэта не проста газета, гэта выдавецкі дом, з якім мы і хочам падпісаць пагадненне аб нашай далейшай дзейнасці, — сказала старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Раманаўна Якубовіч. — Мы вельмі рады, што на старонках нашай любімай “Настаўніцкай газеты” заўсёды бачым педагогаў, якія жывуць у аддаленых куточках краіны, вельмі многа робяць для сістэмы адукацыі, рыхтуюць добрыя кадры, пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд. Сумесную работу мы працягнем і на старонках газеты заўсёды будзем бачыць гэтыя прыгожыя, у асноўным жаночыя, твары.

Пагадненне менавіта гэта і сцвярджае: “Бакі зыходзяць з таго, што інтарэсам кожнага з іх адпавядаюць супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы сацыяльнага партнёрства…” А значыць, выданні “Педагагічнай прэсы” (іх, нагадаем, 6 плюс сеткавае выданне NG-PRESS.BY) і галіновы прафсаюз, як, зрэшты, і раней, будуць абменьвацца інфармацыяй, неабходнай для рэалізацыі пагаднення, садзейнічаць павелічэнню і зместавай насычанасці публікацый аб дзейнасці пярвічных прафсаюзных арганізацый, абласных камітэтаў, ЦК прафсаюза, пашыраць чытацкую аўдыторыю. Карацей, супрацоўнічаць плённа, прафесійна і на карысць чытачам.

— Гэтае пагадненне не новае, гэта новая рэдакцыя Пагаднення аб супрацоўніцтве, якому ўжо шмат гадоў, — падкрэсліў дырэктар РВУ  “Выдавецкі дом “Педагагічная прэса” Ва­дзім Аляксандравіч Кнышаў. —  Мы заўсёды цесна і плённа супрацоўнічалі з Беларускім прафсаюзам работнікаў адукацыі і навукі. Вы — людзі, якія працуюць у сістэме адукацыі, вы — тыя, хто рэальна зацікаўлены ў эфектыўнасці функцыянавання сістэмы адукацыі краіны. Вы не пабочныя назіральнікі, вы — удзельнікі і партнёры вялікага і важнага дзяржаўнага будаўніцтва. Таксама ўспрымаем сябе і мы: мы не пабочныя назіральнікі, мы ўнутры сістэмы, адчуваем і ведаем задачы, якія яна вырашае, і імкнёмся выконваць іх разам з педагогамі, плячом да пляча. Такое наша аднолькавае, партнёрскае стаўленне да сістэмы адукацыі, дазваляе нам даўно і плённа супрацоўнічаць.

Безумоўна, партнёрства прафсаюзаў і педагагічных СМІ будзе ўмацоўвацца, набываць новыя формы і паслужыць агульнай справе — умацаванню сістэмы адукацыі Беларусі, дадаў В.А.Кнышаў.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.