Новыя знаёмствы, памятныя сустрэчы, а яшчэ нядрэнная магчымасць зарабіць. Усё вышэйпералічанае — апісанне будняў у студэнцкіх атрадах. Нядзіўна, што значная колькасць студэнтаў і вучнёўскай моладзі час летніх канікул імкнецца правесці менавіта працуючы.
У Магілёўскай вобласці сёлета стаць удзельнікамі студатрадаў плануюць звыш трох тысяч маладых людей. Моладзь будзе працаваць у будаўнічых, сельскагаспадарчых, сэрвісных, экалагічных і педагагічных атрадах. Некаторыя атрады ўжо прыступілі да работы.
Так, навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага архітэктурна-будаўнічага каледжа задзейнічаны на добраўпарадкаванні тэрыторыі новай лыжаролернай трасы ў Чавусах. Вучні Вішоўскай сярэдняй школы Бялыніцкага раёна рыхтуюць да афарбоўкі жалезабетонныя агароджы каля малочнатаварных комплексаў мясцовага сельгаспрадпрыемства. Навучэнцы Клімавіцкага аграрнага каледжа стварылі экалагічны атрад і дапамагаюць зараз супрацоўнікам мясцовага лясгаса. Студэнцкія атрады працуюць таксама на ўзвядзенні новай паліклінікі ў мікрараёне Казіміраўка Магілёва, якая вызначана абласной маладзёжнай будоўляй. Не абыдзецца без магілёўскіх студатрадаўцаў і Усебеларуская студэнцкая будоўля ў Астраўцы.
Адметна, што запіс у атрады працягваецца. Падаць заяўку для работы ў складзе студэнцкіх атрадаў можна анлайн у групах БРСМ у сацыяльных сетках з выкарыстаннем QR-кода і хэштэгаў #Выбираем_студотряд!, #Студотряд, #Працуем_разам!, #БСО.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.