Працуем у сістэме “вучні — настаўнікі — бацькі”

- 10:46Планёрка ў рэгіёне

Сёння наша суботняя планёрка праходзіць разам з начальнікам аддзела адукацыі Зэльвенскага райвыканкама Гродзенскай вобласці Наталляй Васільеўнай БУЛАК, з якой мы падводзім вынікі навучальнага года і гаворым пра летнія клопаты навучальных устаноў раёна. Акрамя таго, Наталля Васільеўна акрэсліла стан і перспектывы адукацыйна-выхаваўчай сістэмы рэгіёна.

— Навучальны год cкончыўся. Як ён прайшоў для вас?

— Напэўна, самым знакавым для нас з’яўляецца тое, што па выніках 2018/2019 навучальнага года ў скарбонцы дасягненняў навучэнцаў устаноў адукацыі Зэльвенскага раёна 27 абласных, 2 рэспубліканскія і 1 міжнароднае прызавое месца.

— Што плануеце на летнюю аздараўленчую кампанію?

— У летні перыяд 2019 года ў Зэльвенскім раёне будзе функцыянаваць 29 аздараўленчых лагераў з агульным ахопам 962 чалавекі, што складзе 70% ад агульнай колькасці навучэнцаў. На базе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Зэльвы запланавана работа творчых майстэрняў “Майстрыха”, “Чароўны куфэрак”, “Калейдаскоп”. Для дзяцей, якія жывуць у сельскай мясцовасці, штотыдзень у другой палове дня будуць арганізаваны выязныя гульнявыя пляцоўкі з забаўляльнымі праграмамі. Для ўцягвання непаўналетніх і іх бацькоў у забаўляльныя мерапрыемствы плануем правесці маштабную інфармацыйную кампанію.

— Раскажыце пра акцэнты ў арганізацыі ўзаемадзеяння з сям’ёй. Што ў прыярытэце ва ўстановах адукацыі вашага раёна?

— Педагагічныя калектывы нашага раёна заўсёды акцэнтуюць увагу на тым, што суб’ектамі адукацыйных адносін з’яўляюцца не толькі настаўнікі, але і бацькі. Зыходзячы з гэтага, рабіліся розныя спробы ў арганізацыі работы з сям’ёй. Жыццё ўносіла свае карэктывы, адсейваючы непрымальнае. Так склалася пэўная сістэма ўзаемадзеяння “вучні — настаўнікі — бацькі”. Усведамляючы важнасць і актуальнасць гэтага саюза, аддзел адукацыі сканцэнтраваў сваю ўвагу на чатырох асноўных этапах дзейнасці:

1. Агітацыя бацькоў на карысць грамадскага дашкольнага выхавання.

2. Дыягностыка рэальнага стану сямейнага выхавання з улікам рэгіянальных асаблівасцей школ, дашкольных устаноў.

3. Арганізацыйна-практычная работа па рэалізацыі пастаўленых задач.

4. Вызначэнне перспектыўных задач і шляхоў іх рэалізацыі.

Як бачым, работа з бацькамі ў раёне пачынаецца задоўга да таго, як дзеці пойдуць у школу. Хачу звярнуць увагу на трэці этап дзейнасці, дзе была вызначана структура арганізацыі індывідуальнай і калектыўнай работы з сям’ёй. Калектыўная работа адбываецца па
3 напрамках:

1. Асветніцкая работа (агульнашкольныя і класныя бацькоўскія сходы, арганізацыя педагагічнага ўсенавуча бацькоў).

2. Уключэнне бацькоў у выхаваўчы працэс.

3. Дзейнасць бацькоўскага актыву (работа савета школы, папячыцельскага савета).

Па кожным з пералічаных кірункаў аддзелам распрацоўваліся метадычныя ўказанні па арганізацыі работы з сям’ёй. Няма неабходнасці падрабязна спыняцца на характарыстыцы кожнага напрамку, адзначу толькі, што ў апошні час мы пераасэнсавалі асноўныя падыходы ў правядзенні бацькоўскіх сходаў. Прааналізаваўшы практыку іх правядзення і існуючыя метадычныя рэкамендацыі, мы пачалі ўдзяляць больш увагі канкрэтным праблемам у арганізацыі навучання і выхавання дзяцей, вызначаць асноўныя шляхі іх вырашэння.

Быў абноўлены змест педагагічнага ўсенавуча бацькоў як найважнейшай умовы павышэння грамадска-дзяржаўнага статусу школы. Работа праводзіцца дыферэнцыравана з улікам даных, атрыманых пры вы­вучэнні кантынгенту сем’яў. У сетцы педагагічнага ўсенавуча ўстаноў адукацыі раёна — 61 аб’яднанне: 11 клубаў маладой сям’і, 13 школ маладой сям’і, 12 факультэтаў, 15 лекторыяў, 6 універсітэтаў, 3 секцыі, 1 камунікатыўная пляцоўка.

У аснову размеркавання сем’яў па групах кладуцца выхаваўчыя магчымасці бацькоў. У некаторых невялікіх школах застаецца актуальнай работа ў так званых узроставых групах, пры гэтым асобна праводзіцца работа з групай нядобранадзейных сем’яў або сем’яў, у якіх ёсць дзеці з псіхафізічнымі асаблі­васцямі. Апошнія атрымліваюць значную дапамогу ў раённым дыягностыка-рэабілітацыйным цэнтры. Грунтуючыся на тым факце, што каля 70% навучэнцаў нашых школ у недалёкай будучыні становяцца бацькамі, мы аднавілі работу курса “Этыка і псіхалогія сямейнага жыцця”. У перспектыве спадзяёмся павялічыць колькасць школьнікаў, якія ­будуць вывучаць асновы сямейнага жыцця. І пачы­наць гэтую работу трэба з пачатковых класаў: вучыць дабру, любові праз сям’ю, выхоўваць патрыятызм праз малую радзіму, з ранняга ўзросту прывіваць адказнасць перад блізкімі табе людзьмі.

— Наколькі ў вашым раёне запатрабаваны РВМК? 

— Якасць адукацыйнага працэсу ў раёне забяспечваюць 417 педагагічных работнікаў: на ўзроўні сярэдняй і спецыяльнай адукацыі — 309, дашкольнай — 90, ва ўстановах дадатковай адукацыі і сацыяльнага прызначэння працуюць 18 чалавек. Эфектыўная работа раённага метадычнага кабінета накіравана на павышэнне метадычнай пісьменнасці педагогаў праз дзейнасць 30 метадычных аб’яднанняў, 5 школ, 3 клубаў, 5 творчых груп, 7 сеткавых супольнасцей і пастаянна дзеючых вэбінараў. На раённым узроўні выбудавана сістэма арганізацыйна-метадычнага суправаджэння маладых спецыялістаў, якая садзейнічае іх прафесійнай адаптацыі і прафесійнаму станаўленню. Стаў традыцыйным штогадовы ўдзел маладых настаўнікаў раёна ў фестывалі педагагічных ідэй “Прызванне педагог”. Для правядзення заняткаў запрашаем прадстаўнікоў рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”.

— А што тычыцца арганізацыі профільнага навучання, арганізацыі профільных класаў, ці ёсць у вас педкласы, агракласы?

— З мэтай якаснай падрыхтоўкi да цэнтралiзаванага тэсцiравання 2019 года прадаўжае сваю работу цэнтр рэпетытарскіх паслуг у 5 установах адукацыі па 12 прадметах. Арга­нізавана профільнае навучанне ў 3 установах агульнай сярэдняй адукацыі для 36 вучняў 10-х класаў і 31 вучня 11-х класаў. Функцыянуе 1 профільная група педагагічнай накірава­насці, у якой вучацца 7 чалавек. У гімназіі № 1 Зэльвы і сярэдняй школе № 3 адкрыты 2 профільныя класы аграрнай накіраванасці, дзе факультатыў “Уводзіны ў аграрныя прафесіі” вывуча­юць 19 чалавек. У 2018/2019 навучальным годзе ў школах раёна рэалізоўваецца новы рэспубліканскі праект “ШАГ” (Школа актыўнага грама­дзяніна), у рамках якога старшакласнікі рыхтуюцца да ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці дзяржавы, выконваючы грамадзянскія функцыі (выбаршчыка, законапаслухмянага грамадзяніна, члена грамадскіх арганізацый). На адзіныя дні інфармавання ва ўстановы адукацыі запрашаем дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання, дэпутатаў, знакамітых землякоў.

— Хоць навучальны год і скончыўся, але клопаты ёсць заўсёды. Што сёння больш за ўсё хвалюе начальніка аддзела адукацыі?

— Паступленне нашых выпускнікоў, аздараўленне і бяспека вучняў у летні перыяд. Галоўнае, каб усе дзеці былі здаровыя, адпачылі і з добрым настроем вярнуліся 1 верасня ў свае школы.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.