Працуем з адоранымі і высокаматываванымі вучнямі

Адораныя і высокаматываваныя дзеці адрозніваюцца адно ад аднаго ступенню адоранасці, пазнавальным стылем, сферай інтарэсаў. Задача педагога — раскрыць патэнцыял вучняў, адабраць эфектыўныя формы і метады арганізацыі адукацыйнага працэсу. Толькі сістэмная работа, своечасовая дыягностыка дзіцячых здольнасцей і настаўніцкі прафесіяналізм прыводзяць да поспеху.

Адораныя вучні хутка засвойваюць новы матэрыял, падыходзяць да справы творча, вылучаюцца актыўнасцю, імкнуцца да пазнання новага і самастойных даследаванняў. З такімі дзецьмі працаваць і лёгка, і цяжка, бо яны патрабуюць асаблівай увагі.

Работу з адоранымі вучнямі пачынаю з дыягностыкі. Вывучаю ўмовы і гісторыю развіцця дзяцей у сям’і, іх захапленні, здольнасці. Працуючы з першакласнікамі, праводжу назіранні, вывучаю псіхалагічныя асаблівасці маўлення, памяці, лагічнага мыслення. Як правіла, адораных пачаткоўцаў вылучаюць пазнавальная самадзейнасць, высокі ўзровень развіцця лагічнага мыслення, арыгінальнасць і гібкасць мыслення, канцэнтрацыя ўвагі, выдатная па­мяць, самастойнасць і інш.

У сваёй дзейнасці выкарыстоўваю “Карты адоранасці” А.Савенкава і “Карты інтарэсаў для малодшых школьнікаў”. На аснове атрыманых вынікаў складаю план работы з адоранымі дзецьмі.

На першым этапе вельмі важна арганізаваць урочную і пазаўрочную дзейнасць такім чынам, каб вучні маглі праявіць свае магчымасці ў розных сферах. У такой сітуацыі не абысціся без дыферэнцыраванага падыходу, форм і метадаў творчага мыслення. Урокі выклікаюць у адораных дзяцей цікавасць тады, калі прадугледжваюць пошукавыя і даследчыя сітуацыі, імправізацыю.  

Практыкую часткова пошукавы, праблемны і даследчы метады. Аддаю перавагу рабоце ў парах і малых групах, рознаўзроўневым і індывідуальным творчым заданням, прадметным алімпіядам і віктарынам.

На кожных занятках імкнуся стварыць умовы для фарміравання і развіцця пазнавальнай актыўнасці адораных дзяцей. Так, на ўроках рускай мовы даю заданні для развіцця творчага мыслення, памяці і ўвагі (“Знайдзіце трэцяе лішняе”, “Размяркуйце па групах”), зрокавыя дыктоўкі, пісьмо па памяці і інш. Напрыклад, пры выкананні пошукавага задання дзеці называюць лішняе слова з шэрага слоў: надвор’е, кошка, хуткая, нажніцы, карова. Гэтае заданне прадугледжвае адназначны адказ: лішняе слова — хуткая (прыметнік), астатнія — назоўнікі. Але некаторыя вучні заўважаюць, што лішнімі могуць быць і нажніцы (множны лік), і кошка (2 склады).

Для развіцця вербальна-лагічнага мыслення і ўмення ўстанаўліваць сувязі паміж паняццямі прапаную наступнае  заданне: “Замяні словы ў дужках такім чынам, каб роўнасць была правільнай”: с + (судьба) = (период времени), с + рок = срок; Л + (имя) = (музыкальный инструмент); х + (хищник) = (помещение для скота); м + (суп) = (насекомое); г + (цветок) = (атмосферное явление); м + (музыкальный инструмент) = (имя)”.

На ўроках рускай і беларускай літаратуры, прадмета “Чалавек і свет” высокаматываваныя вучні атрымліваюць індывідуальныя заданні: вывучаюць дадатковы матэрыял і расказваюць класу новыя звесткі, разгадваюць рэбусы і крыжаванкі па творы, прыдумваюць працяг апавядання, складаюць план ці пытанні па тэксце.

Арганізоўваю работу ў малых групах, куды ўваходзяць дзеці з розным узроўнем навучанасці. Так, на ўроках рускай літаратуры ў 1 класе прапаную папрацаваць у групах і скласці вясёлую гісторыю, у якой бы ўсе словы пачыналіся з літары “к”. Канечне, не ўсе дзеці спраўляюцца з заданнем паспяхова, але галоўнае, каб яны спрабавалі. Пры рашэнні вучэбнай задачы ў групах адораны вучань выступае ў ролі кансультанта, дапамагае пры неабходнасці, праяўляе лідарскія якасці. 

Выкарыстоўваю дыферэнцыраваныя заданні па цяжкасці, узроўні творчасці, аб’ёме вучэбнага матэрыялу. Такія заданні маюць 3 узроўні складанасці. Вучні самі выбіраюць адпаведны ўзровень, чым ствараюць станоўчы настрой на паспяховае выкананне работы. Прапаную азнаёміцца з заданнямі па матэматыцы.

1 узровень  2 узровень  3 узровень
Рашыце задачу двума спосабамі: “Для спаборніцтваў па тэнісе закупілі 7 каробак мячоў па 6 штук у кожнай і столькі ж каробак па 3 мячы ў кожнай. Колькі ўсяго мячоў закупілі для тэнісных спаборніцтваў?”  Параўнайце тэксты задач. Выберыце задачу, якую можна рашыць двума спосабамі. Запішыце абодва рашэнні: “Для спаборніцтваў па тэнісе закупілі 7 каробак мячоў па 6 штук у кожнай і 5 каробак па 3 мячы ў кожнай. Колькі ўсяго мячоў закупілі для тэнісных спаборніцтваў?” і “Для спаборніцтваў па тэнісе закупілі 7 каробак мячоў па 6 штук у кожнай і столькі ж каробак па 3 мячы ў кожнай. Колькі ўсяго мячоў закупілі для тэнісных спаборніцтваў?”  
  Рашыце задачу, якая засталася

Звяртаюся таксама да нестандартных і пошукавых задач, заданняў з нарошчваннем умовы. Дзякуючы ім, школьнікі атрымліваюць дадатковы матэрыял, развіваюць мысленне, вучацца працаваць самастойна. Не абыходжу ўвагай дыферэнцыраваныя дамашнія заданні. 

Актыўна выкарыстоўваю тэхналогію праблемнага навучання. Ствараю на ўроках сітуацыю пазнавальнай цяжкасці, якая патрабуе ад дзяцей самастойнага прымянення для вывучэння новай тэмы адной ці некалькіх мысліцельных аперацый: аналізу, сінтэзу, параўнання, аналогіі, абагульнення і інш. Так, прапаную трэцякласнікам разам вызначыць мэту заняткаў па тэме “Прыназоўнік”. Запісваю на дошцы ўсечаныя фразеалагізмы (зарубить нос; обвести палец; язык кости; семь пядь лоб; вилы вода писано) і задаю пытанні: “Што зашыфравана на дошцы?”, “Чаго не хапае, каб атрымаліся зразумелыя фразы?”, “Ці можна абысціся без прыназоўнікаў?”, “Сфармулюйце тэму ўрока”, “Што трэба даведацца?”, “Чаму трэба навучыцца?”. Такія заданні дазваляюць арганізаваць актыўную самастойную дзейнасць вучняў, дзякуючы якой яны авалодваюць пэўнымі ведамі, навыкамі і ўменнямі, развіваюць мысліцельныя здольнасці. 

Даволі запатрабаваная форма работы з адоранымі дзецьмі — навукова-даследчая дзейнасць, якая патрабуе асаблівай сістэмы падтрымкі і кантролю. Вучу дзяцей право­дзіць даследаванні, знаёмлю з іх структурай, правіламі афармлення і прэзентацыі.

Важную ролю ў развіцці інтэлектуальных здольнасцей школьнікаў адыгрываюць факультатыўныя заняткі і прадметныя алімпіяды.

У рабоце з адоранымі вучнямі абавязкова акцэнтую ўвагу на іх дасягненнях. Гэта вельмі павышае самаацэнку і матывацыю да далейшай работы.

Актыўна ўзаемадзейнічаю з бацькамі, якія з’яўляюцца надзейнымі саюзнікамі і памочнікамі ў агульнай справе. Аказваю псіхолага-педагагічную падтрымку сем’ям, дзе выхоўваюцца адораныя дзеці, праводжу кансультацыі, падбіраю спецыяльную літаратуру.

Таццяна БУДНІК,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 8 Пінска.