Працуем з адоранымі

- 16:48Нам пішуць

Для выяўлення адораных юнакоў і дзяўчат неабходна развіваць творчае асяроддзе. Гэтай праблеме быў прысвечаны педсавет “Сістэмны падыход у рабоце з адоранымі дзецьмі на ўсіх ступенях навучання”, які прайшоў у сярэдняй школе № 4 Магілёва.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце А.В.Студнева у сваім выступленні прааналізавала вопыт работы педагогаў школы з адоранымі навучэнцамі за апошнія тры гады, акцэнтавала ўвагу на асноўных прынцыпах работы з гэтай катэгорыяй навучэнцаў.

З мэтай выяўлення творчага патэнцыялу педагог нашай школы педагог-псіхолог Таццяна Мікалаеўна Бялясова правяла анкетаванне сярод настаўнікаў, якія займаюцца падрыхтоўкай вучняў да алімпіяд. Вынікі анкет былі апрацаваны і заслуханы на педсавеце. Аналіз паказаў, што большасць педагогаў (86%) маюць якасці, якія дазваляюць працаваць з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі, прымяняць творчы падыход у працы.

У ходзе педагагічнага савета выступілі педагогі, якія дасягнулі пэўных поспехаў у рабоце з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі, і падзяліліся вопытам работы ў гэтым кірунку.

Удзельнікі пасяджэння выпрацавалі рэкамендацыі па выяўленні адораных дзяцей, крытэрыі адбору настаўнікаў для работы з такімі вучнямі, распрацавалі мадэль узаемадзеяння адоранага дзіцяці і настаўніка. Акрамя гэтага, педагагічны калектыў змог вызначыць напрамкі далейшай дзейнасці па развіцці інтэлектуальнай адоранасці навучэнцаў.

У канцы педсавета была праведзена рэфлексія, па выніках якой кожная мікрагрупа прадставіла свой вынік. Усе ўдзельнікі атрымалі памяткі-рэкамендацыі па рабоце з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі.

Алена СТУДНЕВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 4 Магілёва.