Працуюць для вучняў і ў іх інтарэсах

- 11:07Навіны рэгіёнаў

Ініцыіраваны Міністэрствам адукацыі і БПС-Ашчадбанкам праект “Настаўнік для Беларусі” стартаваў амаль два гады назад. За гэты час у многіх рэгіянальных школах з’явіліся таленавітыя педагогі-энтузіясты, гатовыя ўкараняць на перыферыі сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, раскрываючы здольнасці і патэнцыял мясцовых навучэнцаў. Сярэдняя школа № 2 гарадскога пасёлка Глуск у Магілёўскай вобласці падключылася да праекта ў мінулым годзе. Сёння тут вучацца 315 хлопчыкаў і дзяўчынак. Гэта дзеці з самога райцэнтра і дзевяці найбліжэйшых вёсак.

— У нас выдатны, згу­ртаваны, прафесійны педагагічны ка­лектыў. Але педагогаў-прадметнікаў не хапала. У асаблівым дэфіцыце былі настаўнікі замежнай мовы. Калі шукалі выхад з гэтай сітуацыі, даведаліся пра праект “Настаўнік для Беларусі” і вырашылі падаць заяўку. Так да нас прыехалі каардынатары праекта і школа аказалася ўключанай у ініцыятыву. А пасля нечакана школу наведалі адразу двое настаўнікаў англійскай мовы — выпускніца БДУ Варвара Міхайлаўна Чарнавец і выпускнік БДЭУ Сяргей Віктаравіч Макарэвіч, — расказала дырэктар установы А.Р.Слічонак.

Паводле яе слоў, новыя настаўнікі адразу ж уліліся ў калектыў. Бо, нягледзячы на маладосць, яны ўжо мелі пэўны працоўны вопыт. Так, С.В.Макарэвіч да пачатку педагагічнай дзейнасці ў Глуску паспеў папрацаваць і ў Доме рамёстваў у Ганцавічах, і нават у музеі ў Германіі.

— Я працягваў адукацыю ў магістратуры ва ўніверсітэце ў Эстоніі. Калі скончыў вучобу, вярнуўся на радзіму — у Беларусь. Сядзець без справы не прывык, таму і шукаў прымяненне сваім ведам. Даведаўся пра праект “Настаўнік для Беларусі” і падаў заяўку. Пасля атрымаў станоўчы адказ, паспяхова прайшоў астатнія выпрабаванні, — расказаў Сяргей Віктаравіч.

Выкладаць непасрэдна ў Глуску С.В.Макарэвіч стаў воляй выпадку. Стаць настаўнікам у школе гэтага райцэнтра збіралася яго знаёмая па праекце Варвара Міхайлаўна Чарнавец.

— Вельмі натхніўся яе расказам ад убачанага. Так і прыняў рашэнне, — падзяліўся Сяргей Віктаравіч.

А вось В.М.Чарнавец звязалася з арганізатарамі праекта, калі той быў яшчэ на стадыі ідэі. А калі праект стартаваў, яна прайшла неабходнае навучанне і атрымала два варыянты для працаўладкавання: 2-я глуская школа ці сельская школа ў Бешанковіцкім раёне.

— Каб правільна вызначыцца з выбарам, я вырашыла выехаць у гэтыя навучальныя ўстановы. 2-я школа Глуска, ды і сам гарадок мне настолькі спадабаліся, што адразу для сябе вырашыла — застаюся, — расказала В.М.Чарнавец.

Па першым часе новыя настаўнікі сутыкнуліся з пэўнымі цяжкасцямі. Але ў гэты перыяд іх вельмі падтрымала кіраўніцтва і педагагічны калектыў школы, таму адаптацыя прайшла хутка і паспяхова.

— Зараз я спасцігаю сакрэты настаўніцкай прафесіі ў магістратуры БДПУ імя Максіма Танка. Сваёй асноўнай педагагічнай задачай бачу раскрыццё здольнасцей усіх навучэнцаў. Да кожнага вучня шукаю індывідуальны падыход. Калі неабходна, распрацоўваю персанальныя заданні, бывае, што і адыходжу ад першапачатковага плана ўрока, каб лепш растлумачыць вучэбную тэму, дабіцца таго, каб кожнае дзіця добра засвоіла матэрыял, — адзначыў С.В.Макарэвіч.

Значным фактарам паспяховага навучання Сяргей Віктаравіч лічыць і матывацыю, зацікаўленасць вучняў прадметам. Каб павысіць цікавасць дзяцей да вывучэння англійскай мовы, на занятках педагог выкарыстоўвае сучасныя, крэатыўныя метады навучання. Важным ён лічыць таксама разуменне вучнямі таго, як і ў якой сітуацыі правільна прымяніць атрыманыя на ўроку веды ў рэальным жыцці.

Захопленасць дзяцей прадметам, іх зацікаўленыя вочы на ўроку — галоўная мэта яшчэ аднаго “настаўніка для Беларусі” — В.М.Чарнавец. Аснова ўрокаў Варвары Міхайлаўны — дыферэнцыраваны падыход. Педагог імкнецца падбіраць для навучэнцаў заданні такім чынам, каб кожны з іх мог праявіць сябе, у поўнай меры паказаць свае здольнасці.

— Праз удзел у праекце я зразумела, што настаўніцкая прафесія вельмі творчая, але і вельмі складаная. Аднак для сябе я вырашыла стаць прафесійным педагогам. Зараз вучуся ў магістратуры БДПУ імя Максіма Танка. За свой першы навучальны год выразна ўсвядоміла, што настаўнік — гэта неверагодна адказна, бо дзеці часта бяруць з нас прыклад. Акрамя непасрэдна вывучэння англійскай мовы, сваіх вучняў я вучу вучыцца, самастойна атрымлі­ваць новыя веды, вучу ўзаемадзеянню, камунікацыі з навакольнымі. Усе гэтыя навыкі спатрэбяцца ім у дарослым жыцці, дапамо­гуць с­таць паспяховымі людзьмі, — падкрэсліла В.М.Чарнавец.

Адметна, што Сяргей Віктаравіч і Варвара Міхайлаўна паспяваюць не толькі даваць дзецям якасныя веды, але і далучаць іх да ўдзелу ў разнастайных цікавых праектах. Абодва педагогі часта сустракаюцца з вучнямi ў пазаўрочны час, працуюць у групах прадоўжанага дня, узаемадзейнічаюць з дзецьмі ў перыяд канікул.

Так, В.М.Чарнавец за мінулы навучальны год паспела арганізаваць для дзяцей майстар-клас па стварэнні цацак з гліны, стварыць з ліку зацікаўленых вучняў валанцёрскі атрад дапамогі бяздомным жывёлам, наладзіць функцыянаванне школьнага дыскусійнага кінаклуба. З адзінаццацікласнікамі настаўніца ўдзельнічала ў рэспубліканскім адукацыйным відэамарафоне “Ліга ведаў”.

— На працягу двух тыдняў мы разам стваралі адукацыйныя відэа­ролікі, дзе дзеці самі прыдумвалі, як проста і даступна растлума­чыць аднагодкам пэўную вучэбную тэму. Яшчэ адна мая значная ідэя — запрашаць на гутаркі і майстар-класы да вучняў прафесіяналаў з розных сфер. Калі ў школе прахо­дзіў Тыдзень фінансавай дасведчанасці, я запрасіла да дзяцей сваю знаёмую — спецыяліста ў гэтым напрамку. Для зацікаўленых ІТ-сферай адзінаццацікласнікаў арганізавала вэбінар, дзе для іх выступілі мае знаёмыя, якія з’яўляюцца прафесійнымі праграмістамі. Ладзіць для сваіх навучэнцаў мерапрыемствы ў такім ключы планую і далей, — паведаміла Варвара Міхайлаўна.

Яе калега С.В.Макарэвіч таксама робіць упор на праекты ў напрамку арганізацыі карыснай занятасці вучняў. Сяргей Віктаравіч упэўнены, што замежная мова і інфарматыка сёння — гэта свое­асаблівы сродак камунікацыі, таму падчас сустрэч пасля ўрокаў матывуе дзяцей да ўдзелу ў разнастайных мерапрыемствах, якія аб’ядноўваюць два гэтыя вучэбныя прадметы. Настаўнік ву­чыць хлопцаў і дзяўчат выкары­стоўваць смартфон і камп’ютар у вучэбных мэтах, далучае іх да ўдзе­лу ў інтэ­лектуальных конкурсах і спаборніцтвах, што дазваляе навучэнцам набываць новыя навыкі і адчуваць сітуацыю поспеху. Напрыклад, у рэспубліканскай каманднай квест-гульні для школьнікаў “STEAM-марафон” навучэнцы 6-х класаў школы занялі 1-е месца.

— Для мяне важна, што, удзель­нічаючы ў такіх захапляльных мерапрыемствах, дзеці набываюць новыя веды і ўменні ў актуальных STEAM-напрамках: інжынірынгу, тэхналогіі, мастацтве, матэматыцы, — заўважыў Сяргей Віктаравіч.

Наогул, у С.В.Макарэвіча яшчэ шмат планаў і ён нацэлены іх рэалізаваць, бо лічыць, што нефармальныя зносіны дапамагаюць наладжванню кантакту з вучнямі, а гэта вельмі спрыяе паспяховаму навучанню.

— Школа-партнёр праграмы “Настаўнік для Беларусі” ўжо не можа жыць ранейшым жыццём. Нашы новыя педагогі — удзельнікі праекта пастаянна атрымліваюць фінансавую і метадычную дапамогу, падтрымку з боку каардынатараў ініцыятывы. Яны рэгулярна ўдзельнічаюць у анлайн-лагерах, фестывалях, курсах, адукацыйных марафонах. Усе гэтыя сустрэчы потым адлюстроўваюцца ў новых праектах для навучэнцаў, — патлумачыла дырэктар сярэдняй школы № 2 Глуска А.Р.Слічонак.

На яе думку, такія праекты, як “Настаўнік для Беларусі”, патрэбны і сапраўды неабходны, бо гэтая ініцыятыва вырашае адразу некалькі актуальных праблем.

— Праект папулярызуе ў грамадстве прэстыж прафесіі настаўніка, прапагандуе любоў да малой радзімы, і самае важнае — дае магчымасць сельскім школьнікам або навучэнцам школ у малых гарадах атрымліваць якасную адукацыю на ўзроўні сталічных навучальных устаноў. Канкрэтна нашай школе праект дапамог вырашыць праблему недахопу педагагічных кадраў. Істотна палепшылася і матэрыяльная база ўстановы. У падарунак ад каардынатараў праекта мы атрымалі праектар, кнігі і вучэбна-метадычныя дапаможнікі, наборы для заняткаў робататэхнікай, прынтар, камп’ютарную тэхніку. Але, вядома, галоўнае, што мы набылі ад удзелу ў праекце, — гэта высокапрафесійныя педагогі, — адзначыла Алена Рыгораўна.

Дарэчы, 2-я глуская школа працягвае свой удзел у праекце. І ў будучым навучальным годзе тут чакаюць яшчэ аднаго педагога. Калі больш канкрэтна, настаўніка хіміі Віктара Уладзіміравіча Фясько, які сам калісьці скончыў гэтую навучальную ўстанову. Віктар Уладзіміравіч ужо даволі вопытны педагог. На працягу дзесяці гадоў ён выкладаў хімію ў адным са сталічных каледжаў. Але нядаўна, дзякуючы праекту “Настаўнік для Беларусі”, прыняў свядомае рашэнне вярнуцца жыць і працаваць на сваю малую радзіму.

НА ЗДЫМКАХ: Сяргей Віктаравіч і Варвара Міхайлаўна  працуюць для вучняў і ў іх інтарэсах.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фотаздымкі прадастаўлены ўстановай адукацыі.