Працуюць з іскрай

Яны працуюць — іскры ляцяць. Літаральна! Зваршчыкі не проста рабочыя, яны ўтаймавальнікі агню і металу. Сёння, каб быць добрым спецыялістам, ім патрэбны не толькі навыкі выканання пэўных аперацый, але і прасторавае ўяўленне, тэхнічнае мысленне, уменне працаваць сканцэнтравана, знаходзіць неардынарныя рашэнні для складаных пытанняў. Такіх спецыялістаў сёння рыхтуюць установы прафесійнай адукацыі. Напрыклад, Брэсцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўнікоў. Апошнія некалькі гадоў прозвішчы навучэнцаў ліцэя абавязкова з’яўляюцца ў спісах пераможцаў конкурсаў прафесійнага майстэрства.

Брэсцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўнікоў пачаў рыхтаваць спецыялістаў для будаўнічай галіны яшчэ ў 1944 годзе. Сёння тут можна атрымаць прафесійна-тэхнічную адукацыю па кваліфікацыях “тынкоў­шчык”, “муляр”, “цясляр-бетоншчык”, “маляр”, “абліцоўшчык-плітачнік”, а таксама “электразваршчык ручной зваркі” і “электрагазазваршчык”. Удзел у конкурсах прафесійнага майстэрства — неад’емная частка дзейнасці ліцэя і падрыхтоўкі рабочых спецыялістаў. Навучэнцы, якія атрымліваюць розныя прафесіі, паспяхова ўдзельнічаюць у конкурсах. Значных поспехаў дасягаюць будучыя зваршчыкі.

Так, напрыклад, восенню навучэнец ліцэя Дзмітрый Александроў атрымаў залаты медаль на IV Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2020. Таксама Дзмітрый стаў пераможцам у конкурсе “Лепшы малады зваршчык — 2020”, які праводзіцца ў рамках Беларускага прамыслова-інвестыцыйнага форуму. І гэта толькі перамогі за гэты навучальны год, у папярэднія гады таксама было чым ганарыцца. Дарэчы, на гэтых жа конкурсах на другім і трэцім месцы адпаведна быў Дзмітрый Бальшакоў — юнак скончыў Брэсцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй і зараз вучыцца ў Індустрыяльна-педагагічным каледжы.

Падмуркам для такіх дасягненняў з’яўляецца наладжаная сістэма падрыхтоўкі кадраў увогуле і падрыхтоўкі да конкурсаў у прыватнасці. Да перамог у конкурсах юныя зваршчыкі Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў рухаюцца пад кіраўніцтвам старшага майстра вытворчага навучання Кірыла Андрэевіча Кацецкага. Ён таксама вучыўся ў ліцэі, працягнуў навучанне ў Індустрыяльна-педагагічным каледжы ў Мінску і вярнуўся ў ліцэй выхоўваць новыя пакаленні зваршчыкаў. Яго навучэнцы неаднаразова займалі прызавыя месцы на абласных і рэспуб­ліканскіх конкурсах прафесійнага майстэрства, конкурсах дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці.

Рыхтаваць навучэнцаў да конкурсаў майстар пачаў адразу, як прыйшоў працаваць у ліцэй 7 гадоў назад. Прызнаецца, што не ўсё атрымалася адразу, свой шлях да поспеху пракладвалі праз пробы і памылкі. Спачатку вынікі былі даволі сціплыя. Аднак, чым больш удзельнічалі ў конкурсах, тым больш набывалі вопыту і разумення, над чым трэба праца­ваць і ў які бок рухацца. Праз некаторы час з’явіліся і першыя перамогі. Кірыл Андрэевіч ўсвядоміў, што ёсць значны праг­рэс, што выйшлі на новы ўзровень зваркі, 2 гады назад, калі яго навучэнцы Дзмітрый Бальшакоў і Мікіта Вайцюк занялі 2-е і 3-е месцы на абласным конкурсе зваршчыкаў.

Перадконкурсны марафон у ліцэі пачынаецца з пошуку кандыдатаў. Іх шукаюць на штогадовым унутрыліцэйскім конкурсе зваршчыкаў. Удзел у конкурсе бяруць навучэнцы ўсіх курсаў. Прычым заданні ўсе атрымліваюць аднолькавыя — і першакурснікі, і трэцякурснікі. Канечне, для першакурснікаў, якія толькі пачынаюць навучанне, гэта вельмі складана. Затое добра відаць тых, у каго ёсць здольнасці, кемлівасць, прасторавае мысленне. Таксама гэта добрая магчымасць паназіраць, як юнакі паводзяць сябе ў стрэсавай сітуацыі, як спраўляюцца з цяжкасцямі.

— Для канкурсанта вельмі важная здольнасць адаптавацца да розных умоў. Таму што на конкурсе ты працуеш не ў знаёмай табе майстэрні, а ў тых умовах, якія ёсць. За тваёй работай назіраюць, яе ацэнь­ваюць, і гэта таксама нервуе. Зварка — адказны, доўгі працэс, падчас якога трэба сачыць за мноствам нюансаў. І пры ўсім гэтым трэба сканцэнтравацца і працаваць якасна і хутка, — расказвае К.А.Кацецкі.

Калі такія моцныя духам і таленавітыя навучэнцы вызначаны, пачынаецца праца. Доўгая, карпатлівая, цяжкая. Толькі так можна разлічваць на вынік.

— Мы пачынаем з ручной дугавой зваркі. Вучымся зварваць пласціны ва ўсіх магчымых прасторавых становішчах, — расказвае Кірыл Андрэевіч. — Потым пераходзім да вывучэння другога віду зваркі — паўаўтаматычнай у асяроддзі ахоўнага газу, затым вывучаем ручную аргонава-дугавую зварку. Наступны этап — камбінуем розныя віды работы. На кожным этапе разбіраем і выпраўляем памылкі, імкнёмся давесці выкананне да ідэалу. Таксама нарошчваем хуткасць работы.

У выніку атрымліваецца ўніверсальны работнік з высокім узроўнем тэхнікі выканання. І гэта ўсё за надзвычай кароткі тэрмін — усяго за адзін год навучання! Ужо на 2 курсе навучэнцы перамагаюць у конкурсах абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. Так было і з Дзмітрыем Александровым. У мінулым го­дзе ён таксама браў удзел у конкурсе “Лепшы малады зваршчык” і перамог у дзвюх намінацыях. На той момант ён усяго 2 месяцы правучыўся на 2 курсе ліцэя.

Важна не забываць аб матывацыі канкурсантаў, адзначае майстар вытворчага навучання. Яны павінны разумець, што такая цяжкая праца вартая намаганняў. Майстар абавязкова расказвае аб кар’ерных перспектывах: безумоўна, выпускнікі з такім узроўнем прафесіяналізму, як пераможцы прафесійных конкурсаў, з лёгкасцю знаходзяць работу з найлепшымі для сябе ўмовамі. Прадпрыемствы гатовы спаборнічаць паміж сабой за такіх работнікаў.

Навучэнцы ліцэя ўдзельнічаюць і ў конкурсах тэхнічнай творчасці. К.А.Кацецкі дапамагае юнакам ствараць работы з металу. Кірыл Андрэевіч прапануе навучэнцам узбагаціць прафесійны арсенал дадатковымі ўменнямі і крэатыўнасцю і запрашае іх пасля заняткаў наведаць аб’яднанне па інтарэсах “Выяўленчая тэхнічная творчасць”. Падкрэслівае, што майстэрні заўсёды адкрыты для тых, хто хоча папрацаваць з металам.

Падрыхтоўка да конкурсаў толькі невялікая частка вялікай работы па падрыхтоўцы электразваршчыкаў ручной зваркі і электрагазазваршчыкаў у ліцэі. Ва ўстанове створаны спрыяльныя ўмовы для гэтага. Працуюць 3 майстэрні зварачных работ. Першая — майстэрня электразварачных работ. Тут размешчаны 8 пастоў, дзе ажыццяўляецца ручная дугавая зварка. У другой майстэрні электразварачных работ працуюць на апаратах паўаўтаматычнай зваркі, аргонава-дугавой зваркі, асвойваюць ручную плазменную рэзку. Трэцяя майстэрня прызначана для газазварачных работ: для засваення гэтага майстэрства арганізаваны 4 рабочыя пасты.

Вырашальная роля ў фарміраванні канкрэтных працоўных уменняў і навыкаў у працэсе вытворчага навучання належыць майстру вытворчага навучання. У ліцэі з навучэнцамі працуюць цудоўныя майст­ры. Яны зразумела і даступна тлумачаць, добра дэманст­руюць прыёмы выканання аперацый, падтрымліваюць і накіроўваюць навучэнцаў — усё гэта дазваляе юнакам паспяхова авалодваць навыкамі і ўменнямі, набываць упэўненасць ва ўласных сілах.

Важнай часткай навучання з’яўляецца вытворчая практыка навучэнцаў. Па-першае, яна мае вялікае значэнне для прафесійнай адаптацыі будучых выпускнікоў, іх гатоўнасці працаваць у рэальных умовах, разумення патрабаванняў работадаўцаў. Па-другое, на практыцы можна папрацаваць на абсталяванні, якога яшчэ няма ва ўстанове адукацыі. У ліцэя наладжана сацыяльнае партнёрства з шэрагам устаноў. Будучых зваршчыкаў рады ўзяць на практыку 25—30 устаноў, у тым ліку і базавыя арганізацыі, такія як ААТ “Будаўнічы трэст № 8”, КУП “Брэстжылбуд” і іншыя.

Наладжаная сістэмная работа дае плён: выпускнікі ліцэя дэманструюць свае бліскучыя ўменні на прафесійных конкурсах, а потым і на працоўных месцах.

Дар’я РЭВА.