Працягні руку сябру

- 10:35Адукацыйная прастора

У рамках рэспубліканскай акцыі “У школу з Белай Руссю” 3 лістапада на базе сярэдняй школы № 83 Мінска імя Г.К.Жукава прайшла акцыя “Працягні руку сябру”. Вучэбныя дапаможнікі, а таксама мастацкая літаратура былі сабраны школамі Маскоўкага раёна сталіцы і перададзены кіраўніцтву структурнага падраздзялення ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама — у прыёмнік-размеркавальнік для непаўналетніх.

Для прадстаўнікоў прыёмніка-размеркавальніка, а таксама для гасцей мерапрыемства дырэктар установы адукацыі Глеб Віктаравіч Калачэўскі і яго намеснік па выхаваўчай рабоце Святлана Феліксаўна Клябанава арганізавалі экскурсію ў школьны музей, экспазіцыя якога прысвечана славутаму палкаводцу Г.К.Жукаву. Супрацоўніцтва прыёмніка-размеркавальніка для непаўналетніх і 83-й школы доўжыцца больш за 10 гадоў. Вучні і настаўнікі часта наведваюцца ў госці ў размеркавальнік з гульнямі, нумарамі мастацкай самадзейнасці і, канечне ж, з падарункамі. У сваю чаргу начальнік прыёмніка-размеркавальніка для непаўналетніх падпалкоўнік міліцыі Ларыса Барысаўна Лычкоўская рэгулярна арганізоўвае прафілактычныя гутаркі са школьнікамі на тэмы здаровага ладу жыцця і папярэджвання правапарушэнняў.
Прыёмнік-размеркавальнік для непаўналетніх адзіны ў краіне. Сёння тут знаходзяцца 10 непаўналетніх, сярод іх 3 дзяўчынкі. Але колькасць дзяцей пастаянна мяняецца: адных прывозяць, іншыя, наадварот, выязджаюць. З кожным маленькім чалавекам, змешчаным у размеркавальнік, працуе псіхолаг, а таксама інспектары прафілактыкі. Асноўны кантынгент — гэта падлеткі, якія пераступілі закон. Яны знаходзяцца ў прыёмніку 30 дзён, пры асаблівых абставінах ім дабаўляюць яшчэ 15, а пасля накіроўваюць у спецыяльныя ўстановы закрытага тыпу, што падпарадкоўваюцца Міністэрству адукацыі. “Да нас трапляюць і зусім маленькія дзеці, якім па 3—4 гады, — расказвае псіхолаг прыёмніка-размеркавальніка Наталля Аляксееўна Фалевіч. — Іх вельмі шкада, ім цяжка без бацькоў. Аднак трэба адзначыць, што старэйшыя дзеці ахвотна дапамагаюць ім, не адыходзяць ні на крок, чытаюць казкі, вучаць маляваць”.
Ва ўстанове закрытага тыпу, акрамя сталовай, спальных месцаў, ёсць гульнявы пакой. Таксама для дзяцей праводзяцца заняткі з улікам іх узроставых і інтэлектуальных магчымасцей, кожнаму даецца індывідуальнае заданне. Падручнікі, якія выкарыстоўваліся на такіх уроках, састарэлі, таму акцыя “Працягні руку сябру” была вельмі дарэчы.

Алеся УШАКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.