Працягваецца работа па ўдасканаленні рэгулявання абароту тытунёвых вырабаў

Праект антытытунёвага дэкрэта праходзіць працэдуру ўнутрыдзяржаўнага ўзгаднення. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі паведаміла галоўны спецыяліст аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Вікторыя Спяранская.

Паводле слоў прадстаўніка Міністэрства аховы здароўя, першапачаткова планавалася ўнесці змяненні і дапаўненні ў дэкрэт № 28, але ў працэсе работы было вырашана распрацаваць новы дакумент. “Распрацоўшчыкам і асноўным каардынатарам дэкрэта з’яўляецца Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Паколькі ў яго ўносяцца значныя навацыі, якія да гэтага часу не былі абазначаны ў заканадаўстве Беларусі, у прыватнасці, гандаль электроннымі сістэмамі курэння, новымі відамі тытунёвых вырабаў, ідзе ўзгадненне з дзяржаўнымі органамі і зацікаўленымі”, — праінфармавала Вікторыя Спяранская.

У прыватнасці, у праекце дэкрэта агаворана, што будуць месцы, дзе поўнасцю забаронена курэнне, і месцы, дзе забаронена курэнне, за выключэннем прызначаных для гэтага месцаў. Пералік месцаў будзе той жа, але пашыраны за кошт удакладненняў. З навацый — плануецца забараніць курэнне на дзіцячых пляцоўках і ў салонах аўтамабіляў пры знаходжанні ў іх дзяцей да 14 гадоў. “Часта задавалі пытанні аб забароне курэння на балконах жылых дамоў, але такія змяненні пакуль не ўнесены”, — дадала яна.

Вікторыя Спяранская праінфармавала, што цяпер у краіне дзейнічае Дэкрэт № 28 “Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці, абароту і спажывання тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў”. Ён, у прыватнасці, устанаўлівае пералік месцаў, дзе забаронена курэнне. Гэта ўстановы аховы здароўя, культуры, адукацыі, спорту, аб’екты гандлю і грамадскага харчавання, памяшканні органаў дзяржкіравання, выканкамаў, арганізацый, усе віды вакзалаў, аэрапорты, станцыі метрапалітэна, падземныя пераходы, усе віды грамадскага транспарту. У гарадах праводзяцца работы па стварэнні тэрыторый, свабодных ад курэння (паркі, пляжы, прыпынкі грамадскага транспарту). Не дапускаецца курэнне ў месцах агульнага карыстання і жылых дамах — гэта лесвічныя маршы, ліфтавыя холы, пляцоўкі і калідоры. Курэнне і спажыванне тытунёвых вырабаў у забароненых месцах вядзе да накладання штрафу.

Адказваючы на пытанне аб рашэнні ўстанавіць на тэрыторыі Беларусі 2,5 тысячы тытунёвых кіёскаў, яна адзначыла, што гэта — пытанне гандлю. Міністэрства аховы здароўя прымае ўсе меры для прадухілення курэння. “Міністэрства аховы здароўя будзе прыкладаць усе намаганні па прапагандзе здаровага ладу жыцця, правядзенні асветнай работы і, безумоўна, адмоўна ставіцца да ініцыятывы распаўсюджвання тытуню і тытунёвых вырабаў”, — дадала Вікторыя Спяранская.

Паводле апошніх даных STEPS-даследавання, якое праходзіла ў 2016 годзе, распаўсюджанасць курэння сярод дарослага насельніцтва краіны складае 29,6 працэнта (41,6 працэнта ў 2001 годзе). Да 2020 года стаіць задача знізіць гэтую лічбу да 24,5 працэнта. Сярод мужчын доля курцоў складае 48,4 працэнта, жанчын — 12,6 працэнта.