Працягваючы справу сваіх настаўнікаў. І перадаючы вучням

Ні прысвоеныя званні, ні работа на высокіх пасадах не могуць настолькі добра адлюстраваць узровень прафесійнага майстэрства настаўнікаў, як імкненне і жаданне вучняў працягваць іх працу. Напрыклад, паказальная гісторыя зараз вядомага матэматыка Івана Платонавіча Мартынава, які ў 60-я гады пайшоў па слядах сваіх любімых настаўнікаў А.І.Яблонскага і М.П.Яругіна, жадаючы вывучаць дыферэнцыяльныя ўраўненні. Тады Мартынаў з усёй навукова-педагагічнай адказнасцю падышоў да вывучэння тэорыі, а сёння ўжо яго вучні развіваюць яе ў іншых раздзелах матэматыкі.
Заслужаны работнік адукацыі, ганаровы прафесар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, які адзначаў сёлета 75-гадовы юбілей, падзяліўся ўспамінамі, расказаў, як можна прывіваць любоў да матэматыкі.

— Іван Платонавіч, калі ў вас узнікла жаданне займацца навукай?
— Цяга да ведаў з’явілася ў мяне яшчэ ў школе. Пры гэтым не было ніякага ўяўлення пра будучую прафесію. У школу пайшоў толькі ў 3 клас — 1 і 2 класы прапусціў з-за цяжкай пасляваеннай беднаты. Адвучыўся 7 гадоў і 3 месяцы.
У 1956 годзе стаў студэнтам фізіка-матэматычнага факультэта Гродзенскага педагагічнага інстытута. У той час для паступлення трэба было здаваць 7 экзаменаў, і пры гэтым максімальна набраць 35 балаў. Медалістам жа дазвалялася здаць на “пяцёркі” два профільныя прадметы. Такіх на нашым курсе было чалавек пяць, але толькі два абітурыенты набралі найбольшую колькасць балаў — 33. Адным з іх аказаўся я.
Ужо на 2 курсе інстытута выкладчыкі мне раілі рыхтавацца да паступлення ў аспірантуру. Але пасля заканчэння ВНУ мяне прызвалі на ваенную службу.
Пасля арміі працаваў у сельскай школе настаўнікам матэматыкі, потым дырэктарам вячэрняй школы. Затым стаў працаваць асістэнтам на фізіка-матэматычным факультэце Гродзенскага інстытута. У 1969 годзе паступіў у аспірантуру інстытута па спецыяльнасці “Дыферэнцыяльныя ўраўненні”, якую паспяхова скончыў і абараніў дысертацыю на тэму “Аб адназначных рухомых асаблівасцях ураўненняў вышэйшых парадкаў”. Маім навуковым кіраўніком быў А.І.Яблонскі — адзін з самых яркіх і таленавітых прадстаўнікоў школы М.П.Яругіна па дыферэнцыяльных ураўненнях, якая атрымала шырокае прызнанне не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой.
Дзякуючы сваім педагогам, з Гродзенскім педінстытутам я звязаў не толькі студэнцкія гады, але і працоўную біяграфію.

— За многія гады работы ў Гродзенскім універсітэце вы былі загадчыкам кафедраў, дэканам факультэта матэматыкі, прарэктарам па вучэбнай рабоце і першым прарэктарам. Якіх прынцыпаў прытрымліваецеся ў рабоце з людзьмі?
— Галоўны прынцып — павага да чалавека, зносіны на роўных, каб ён адчуваў сябе разумным і цікавым суразмоўцам. Былі выпадкі, калі даводзілася адказваць “не” на просьбу, пры гэтым пераканаўча абгрунтаваўшы сваю адмову. Здзіўляў і радаваў шчыры “дзякуй!” людзей — “За тое, што вы мяне выслухалі!”.

— Чаму менавіта напрамак аналітычнай тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў зацікавіў вас у навуцы? Як зараз развіваюцца навуковыя даследаванні па гэтай тэматыцы?
— Прыгажосць гэтай тэорыі я ўбачыў дзякуючы Анатолю Іосіфавічу Яблонскаму, які разам з іншымі навучэнцамі акадэміка М.П.Яругіна працягваў справу свайго настаўніка. На семінарах па аналітычнай тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў Яругін і Яблонскі ўмелі так захапіць слухачоў, што ніхто не заставаўся абыякавым. Яны раскрывалі гісторыю развіцця тэорыі, паказвалі багацце яе зместу і шырыню прымянення яе ў іншых раздзелах матэматыкі, тлумачылі яе ісціну і глыбіню.
Сёння аб’ектам даследавання аналітычнай тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў з’яўляюцца не толькі звычайныя дыферэнцыяльныя ўраўненні і сістэмы, але і нелінейныя ўраўненні і сістэмы з асобнымі вытворнымі.

— Іван Платонавіч, вашых вучняў ведаюць не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. Як сёння яны развіваюць навуку?
— Прыемна адзначыць, што мае вучні працягваюць даследаванні, традыцыйныя для беларускай школы дыферэнцыяльных ураўненняў. Па гэтай тэорыі ўжо маімі вучнямі абаронена восем кандыдацкіх дысертацый і некалькі аспірантаў падрыхтавалі работы да абароны.
Доктар фізіка-матэматычных навук С.Л.Сабалеўскі, які абараніў кандыдацкую ў 21 год, а доктарскую дысертацыю — у 30 гадоў, працягвае даследаванні па аналітычнай тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў за мяжой.
З Сабалеўскім мы пазнаёміліся яшчэ ў школе, дзе я вёў у яго матэматыку. Потым ён быў маім студэнтам, аспірантам. Станіслаў Леанідавіч прыязджае да нас на факультэт чытаць лекцыі студэнтам, магістрантам і аспірантам. Апошняя з лекцый была на тэму “Выяўленне заканамернасцей у паводзінах людзей пры дапамозе баз даных камунікацыйнай, эканамічнай актыўнасці і мабільнасці”. Яго даклады гучаць на канферэнцыях. Сёння ён кіруе групай даследчыкаў у лабараторыі Масачусецкага тэхналагічнага інстытута ў ЗША.

— Вы выгадавалі не адно пакаленне годных настаўнікаў, якія працуюць у сельскіх і гарадскіх школах рэспублікі. Якія якасці трэба прывіваць прадстаўнікам гэтай важнай прафесіі?
— Адказнасць і паважлівыя адносіны да людзей — гэта фундамент прафесіі настаўніка. Калі настаўніку не хапае ведаў, навучэнцы адразу адчуваюць фальш. Таму сапраўдны прафесіянал павінен добра валодаць сваім прадметам, быць адукаваным і займацца самаадукацыяй усё жыццё.
Я сваіх будучых калег вучыў і вучу сёння ніколі не шкадаваць часу і сіл на тлумачэнні, заўсёды дапамагаць навучэнцу. Гэта карысць і для самога сябе: адточваецца мова і думка.
І самае важнае для настаўніка — любіць свой прадмет і служыць яму. Тады будзе з’яўляцца і каштоўны вопыт, і каштоўныя веды, якія можна перадаваць іншым пакаленням педагогаў.

— Сёлета быў адзначаны нізкі ўзровень вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання ў абітурыентаў. Аднак у Гродзенскай вобласці павялічылася колькасць высокіх балаў па матэматыцы і фізіцы. Як вы лічыце, ці можна навучыць любіць матэматыку? І як павысіць узровень ведаў?
— Каб навучыць любіць матэматыку і пашырыць веды навучэнцаў, неабходны дзве ўмовы. Першая — гэта сацыяльны заказ грамадства на павышэнне ўзроўню матэматычнай адукацыі. А другая — беззапаветнае служэнне матэматыцы настаўнікаў школ і выкладчыкаў ВНУ, якія сваім прыкладам запальваюць слухачоў.

— Сучасныя студэнты — якія яны?
— На жаль, у іх няма той рамантыкі, з якой у мінулыя часы маладыя людзі ўступалі ў самастойнае жыццё. Мне здаецца, што сучасны чалавек сёння ў асноўным прагматычны.

— Іван Платонавіч, чым вы захапляецеся акрамя работы? Раскажыце пра сваю творчую дзейнасць.
— Мая творчасць ляжыць у сферы матэматыкі — найвялікшага тварэння чалавечай думкі. Гэтым я жыву. Калі дазваляе час, то люблю глядзець спартыўныя перадачы, хадзіць у лес па грыбы, пісаць вершы.

Ірына ВЯЧОРКА.
Фота Юліі АНІКЕВІЧ.