Працягваюць традыцыі сям’і і школы

- 9:00Людзі адукацыі

У гімназіі № 1 Барысава працуюць дзве сястры, два выдатныя педагогі — Вольга Васільеўна і Іна Васільеўна Івановы. Іх прафесійны выбар — яркая ілюстрацыя існуючай традыцыі пераемнасці — вяртання ў школу былых выпускнікоў у якасці настаўнікаў. Яны розныя па характары і складзе розуму, але абсалютна падобныя ў адным — стаўленні да прафесіі. 

Вольга Васільеўна вучыць дзяцей гісторыі і грамадазнаўству, Іна Васільеўна — інфарматыцы. Прыклад адметны тым, што гераіні матэрыялу не толькі выпускніцы гімназіі, але і прадаўжальніцы дынастыі педагогаў. Іх мама працавала выхавальніцай у дзіцячым садзе, тата быў настаўнікам фізічнай культуры.

Вольга Васільеўна Маеўская ўспамінае, што ў маладым мікрараёне, куды пераехалі яе бацькі, новы будынак школы да навучальнага года рыхтавалі ўсёй грамадой. Улетку будаўнікам дапамагалі і настаўнікі, і бацькі, і вучні старшых класаў, а яна — першакласніца — дапамагала тату-настаўніку. Затым школа стала дарогай радасці і расчараванняў, мар і пошуку. Конкурсы чытальнікаў, спектаклі, першы канцэрт, на якім прысутнічала мама — самы строгі і справядлівы суддзя, удзел у алімпіядах па французскай мове, гісторыі… Усе інтэлектуальныя і творчыя іспыты прывялі да таго, што Вольга Васільеўна зразумела: яна — гуманітарый да мозгу касцей. У выбары прафесіі гістарычны факультэт стаў раптоўным азарэннем, але аб гэтым выбары яна ні разу не пашкадавала. Вольга Васільеўна лічыць самым каштоўным у рабоце педагога магчымасць быць рознай: строгай і лагоднай, патрабавальнай і мяккай, сур’ёзнай і вясёлай. Гэтае права быць сабой у розных сітуацыях яна прызнае і за кожным са сваіх навучэнцаў, кожнаму з іх дапамагаючы стаць асобай.

“Вучоны і артыст па-ранейшаму спрачаюцца ўва мне, — прызнаецца Вольга Васільеўна. І менавіта прафесія дазваляе мне паўнавартасна рэалізоўвацца ва ўсіх ролях”. 

За 20 гадоў педагагічнага вопыту адбыліся і асабістыя перамогі Вольгі Васільеўны, і перамогі яе вучняў. Сярод найбольш значных — дыпломы конкурсаў педагагічнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” (2003 год), “Настаўнік года Барысаўскага раёна” (2019 год), дыпломы Міністэрства адукацыі за лепшую распрацоўку аздараўленчых змен прышкольнага лагера.  З 2020 года В.В.Маеўская ўзначальвае рэсурсны цэнтр Барысаўскага раёна па вучэбным прадмеце “Гісторыя”. Яе навучэнцы ўзнагароджаны 8-мю пераможнымі дыпломамі трэцяга этапу і 3-ма дыпломамі заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі і грамадазнаўстве. Каманда гімназіі па інтэлектуальных гульнях пад яе кіраўніцтвам упершыню стала ўдзельніцай рэспубліканскага фіналу гульняў “Што? Дзе? Калі?”.

Творчае крэда выкладчыка — шукаць самы кароткі шлях да вучня, самы цікавы матэрыял для ўрока, самы эфектыўны прыём запамінання, самы аптымальны метад узаемадзеяння. Шукаць, таму што так вучылі яе ў роднай гімназіі. Настаўніца марыць, каб у сэрцах яе вучняў “перамагла гісторыя”, як аднойчы перамагла ў ёй. Каб, ведаючы мінулае і думаючы пра будучыню, яны разам будавалі сучаснасць.

Іна Васільеўна Іванова, малодшая з сясцёр, вельмі адрозніваецца ад старэйшай тэмпераментам, але не падыходам да любімай справы. Настаўніца матэматыкі і інфарматыкі па адукацыі, яна зрабіла свой выбар на карысць апошняй, бо інфарматыка як дысцыпліна пастаянна мяняецца, патрабуе вывучэння новага, не дазваляе расслабіцца.

Іна Васільеўна адзначае, што вучоба заўсёды давалася ёй лёгка: і ў школе, і ва ўніверсітэце. Самымі цікавымі яна лічыць школьныя гады ў старшых класах, калі стала паглыблена вывучаць фізіку і матэматыку. Дарэчы, яе класным кіраўніком быў тады Яўген Яўгеньевіч Валынец, выдатнік адукацыі, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, а настаўніцай матэматыкі — выдатнік адукацыі Людміла Эдуардаўна Бачыла, якая доўгі час была дырэктарам гімназіі. Іх харызма і прафесіяналізм садзейнічалі прафесійнаму вызначэнню вучняў.

Рашэнне стаць настаўніцай прыйшло да Іны Васільеўны спантанна.  “Напэўна, сястра, студэнтка БДПУ, паўплывала, — успамінае яна. — Мне, маладому спецыялісту, дапамагалі ўліцца ў прафесію мае былыя настаўнікі, якія сталі цяпер калегамі. Іх карэктныя заўвагі, практычныя парады, гатоўнасць адказаць на любое пытанне значна скарацілі перыяд адаптацыі”.

Па словах выхаванцаў І.В.Івановай, вучыцца ў яе камфортна: кожнаму педагог дае магчымасць працаваць у індывідуальным тэмпе, на даступным узроўні складанасці, з неабходнай інтэнсіўнасцю нагрузкі. Іна Васільеўна выкарыстоўвае інтэрактыўныя тэхналогіі, мультымедыйную тэхніку. У скарбонцы дасягненняў вучняў 14 дыпломаў трэцяга этапу і 2 дыпломы заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы, дыплом рэспубліканскай інтэрнэт-алімпіяды Нацыянальнага інстытута адукацыі па інфарматыцы, больш за 60 дыпломаў пераможцаў Міжнароднага конкурсу па інфарматыцы і вылічальнай логіцы “Бабёр” і г.д. Педагог цэніць усіх вучняў, радуецца іх захопленасці інфарматыкай. Яе педагагічнае крэда — “хочаш — рабі, і тады ўсё атрымаецца”.

Алена СКАЧАК,
Аксана АЛІСІЕВІЧ,
настаўніцы гімназіі № 1 Барысава.