Права і магчымасць жыць як усе

- 13:06Рознае, Спецыяльная адукацыя

Сёння ўжо нельга сказаць, што інваліднасць — праблема толькі саміх людзей з інваліднасцю. Гэта праблема ўсяго грамадства, якая патрабуе пастаяннага абмеркавання. Інклюзіўнасць варта пачынаць яшчэ на этапе прыняцця рашэнняў, надзяляючы пры гэтым людзей з абмежаваннямі рэальнымі правамі. Аб гэтым ішла гаворка падчас круглага стала “Інклюзія людзей з інваліднасцю як перадумова ўстойлівага развіцця”, які быў арганізаваны Прадстаўніцтвам ААН у Беларусі, у Прэзідэнт-атэлі ў Мінску.

“Абмежаванне — гэта праблема асяроддзя…”

У пачатку сустрэчы намеснік пастаяннага прадстаўніка ПРААН у Рэспубліцы Беларусь Кацярына Паніклава прэзентавала сацыяльны відэаролік з удзелам Пасла добрай волі ПРААН Дар’і Домрачавай, мэта якога — падтрымаць людзей з інваліднасцю, сказаць аб неабходнасці прадастаўлення ім роўных магчымасцей. “Абмежаванне — гэта праблема асяроддзя, а не чалавека” — такі асноўны пасыл ад спартсменкі ўсім людзям.
— Мы ўпэўнены, што людзі з інваліднасцю маюць вялікі патэнцыял, — падкрэсліла К.Паніклава і нагадала, што асноўным дакументам, які гарантуе правы такім людзям, з’яўляецца Канвенцыя ААН аб правах людзей з інваліднасцю. Яе падпісалі 159 краін і ратыфікавалі 152 краіны, а Беларусь пакуль на шляху да гэтага.
Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый падзяліліся падчас круглага стала станоўчым вопытам па рэалізацыі інклюзіўных праектаў, акрэслілі шэраг праблем. Старшыня ГА “Свет без межаў” Таццяна Паеўская і спявачка Настасся Ціхановіч прадставілі сумесны творчы праект:
— Калі раней удзел людзей з інваліднасцю ў творчым працэсе ўспрымаўся на ўзроўні арт-тэрапіі, то пасля праекта “Песні без межаў”, які мы рэалізавалі, зразумелі, што для некаторых з іх магчымасць стаць на новую прыступку і разам са здаровымі людзьмі займацца любімай справай, прычым рабіць гэта прафесійна, вельмі многа значыць, — сказала спявачка. — У праекце ў асноўным удзельнічалі людзі з АПФР, якія пражываюць у спецыяльных дамах-інтэрнатах. На працягу года мы стварылі музычны альбом, 11 удзельнікаў праекта запісалі дуэты з зоркамі беларускай эстрады, выступілі з сумесным вялікім канцэртам. У працэсе работы мы бачылі, як мяняюцца гэтыя людзі, наколькі яны здольныя пераадольваць усе цяжкасці, каб дасягнуць жаданай мэты. Калі ж яны адчуюць, што ты паверыў у іх сілы, то здзяйсняюць такія рэчы, якіх ад іх нават не чакаеш.
Сёння ва ўсім свеце праблемы аўтызму знаходзяцца на стадыі глыбокіх даследаванняў. Але ж эфектыўныя методыкі і тэхналогіі работы з аўтычнымі дзецьмі і дарослымі ўжо існуюць. Яны апрабаваны, добра сябе зарэкамендавалі і дапамагаюць вырашаць пытанні сацыяльнай інклюзіі людзей з аўтызмам — уключэння іх у звычайнае жыццё, працаўладкавання. Аб гэтым расказала кіраўнік ГА “Дзеці. Аўтызм. Бацькі” Таццяна Якаўлева. Яна паведаміла пра тэхналогіі псіхолага-педагагічнай карэкцыі, паводзінскія падыходы, пра карэкцыйную работу па фізічнай рэабілітацыі (сенсорная інтэграцыя). Сёння такіх дзяцей вучаць па тэхналогіях альтэрнатыўнай камунікацыі, якія дапамагаюць ім наладжваць узаемаадносіны.
— Па ініцыятыве нашай арганізацыі і пры падтрымцы Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама ў мінулым годзе былі адкрыты першыя класы па мадэлі інклюзіўнай адукацыі для дзяцей з аўтызмам, — адзначыла Таццяна. — І ў гэтым навучальным годзе ў розных раёнах Мінска адкрыты яшчэ 5 класаў. Дзецям пашанцавала: яны не засталіся дома на надомным навучанні і не трапілі ў спецыялізаваныя навучальныя ўстановы. У гэтых класах мы выкарыстоўваем спецыяльную сістэму камунікацыі — пры дапамозе картак-карцінак, картак-слоў. Робім першыя крокі і ў асваенні больш высокіх тэхналогій. Наша арганізацыя займаецца падрыхтоўкай спецыялістаў, навучае іх сучасным падыходам да работы з аўтычнымі дзецьмі ў інклюзіўных класах.
Паступова наша грамадства і спецыялісты пачынаюць успрымаць праблемы аўтызму не як псіхіятрычныя. Мы спадзяёмся, што хутка аўтызм, інтэлектуальная недастатковасць, разумовая адсталасць перастануць існаваць для людзей з РАС як дыягназы, як нейкія ярлыкі, якія жорстка прадвызначаюць іх адукацыйны маршрут і будучае жыццё.

Даступнасць адукацыі і працаўладкаванне

Сярод праблем, якія выклікалі дыскусіі падчас круглага стала, — проціпаказанні для атрымання вышэйшай адукацыі людзьмі з інваліднасцю, праблемы, якія ўзнікаюць пры паступленні ў ВНУ і падчас навучання ў іх.
Дыплом аб вышэйшай адукацыі часта становіцца недасягальным для людзей з абмежаваннямі, што, безумоўна, з’яўляецца перашкодай на іх шляху да паўнацэннага жыцця. Але ж тых ведаў, якія дае сістэма адукацыі маладым людзям, напрыклад, з парушэннем зроку ці слыху, у спецшколах, дастаткова для таго, каб паступіць ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Але яны паступаюць у іх рэдка.
Гэтую ж праблему акрэсліла і прадстаўнік маладзёжнага грамадскага аб’яднання “Откровение” Наталля Бякава, якая асабіста сутыкнулася з цяжкасцямі на шляху да атрымання вышэйшай адукацыі, і менавіта па прычыне таго, што яна перамяшчаецца на калясцы:
— У мяне проста не было магчымасці атрымаць адукацыю па выбранай спецыяльнасці ў Беларусі. Я марыла паступіць на рэжысёрскі факультэт. А мне на падставе заключэння МРЭК сказалі, што ў мяне няма фізічных магчымасцей для гэтага. Зараз я атрымліваю вышэйшую адукацыю ў Вільнюсе — вучуся на сцэнарыста.
Сёння наша аб’яднанне рэалізуе розныя інклюзіўныя праекты. Напрыклад, “Сярэбранае кола” — рэспубліканскі паказ мод з удзелам людзей з інваліднасцю (ДЦП) нараўне са звычайнымі мадэлямі, ці такія праекты, як усегарадскія танцавальныя флэшмобы, у якіх таксама ўдзельнічаюць людзі з інваліднасцю.
Каменціруючы сітуацыю з атрыманнем адукацыі дзецьмі і маладымі людзьмі з АПФР, начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Антаніна Міхайлаўна Змушко паведаміла:
— У новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі Рэспублікі Беларусь мы ўводзім паняцце “інклюзіўная адукацыя”. Мы распрацавалі праект канцэпцыі інклюзіўнай адукацыі ў краіне. Робім шмат крокаў па ўвядзенні інклюзіўнай адукацыі ва ўстановах. У звычайных агульнаадукацыйных школах сёння вучацца 70 працэнтаў дзяцей з АПФР. Ахоп адукацыяй дзяцей з асаблівасцямі складае на сёння 99,2 працэнта. Таксама 1600 асоб з інваліднасцю атрымліваюць у гэтым годзе вышэйшую адукацыю. Таму казаць, што яна зусім недаступная, будзе няправільна. Аднак ёсць прэтэнзіі, і менавіта на ўзроўні вышэйшай адукацыі, як пры паступленні, так і ў працэсе навучання. Часцей па гэтых пытаннях да нас звяртаюцца асобы з парушэннем зроку.
Адной з прычын недаступнасці навучання ва ўстановах адукацыі з’яўляецца адсутнасць безбар’ернага асяроддзя. Праграма па ўстанаўленні безбар’ернага асяроддзя рэалі-зуецца ў краіне з 2007 года, але аб яе паспяховым укараненні пакуль складана меркаваць. Таму што мы рэдка бачым на вуліцах ці іншых сацыяльных аб’ектах людзей на калясцы або людзей з парушэннем зроку. Асноўная ўстанова, якая зацвярджае тэхнічныя нарматыўныя і прававыя акты ў гэтай сферы, — Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. У нас ужо 13 такіх тэхнічных нарматыўна-прававых актаў. Яны ўзгоднены з нормамі Еўрапейскага саюза. Усё, што варта зрабіць для ўстанаўлення і ўдасканалення безбар’ернага асяроддзя, у гэтых дакументах ёсць. Самае галоўнае выконваць гэтыя рэкамендацыі. На жаль, сёння заказчыкі будаўніцтва аб’ектаў, а таксама выканаўчыя органы, якія прымаюць аб’ект у эксплуатацыю, не вельмі клапоцяцца аб гэтым. Для таго, каб найбольш пільна кантраляваць гэты працэс, Міністэрства архітэктуры пазначыла ў адным з пастанаўленняў па гэтай тэме, каб пры прыёме аб’ектаў побач з афіцыйнымі асобамі прысутнічалі і людзі ў інвалідных калясках. Каб яны апрабавалі ўстаноўленыя пандусы, заехалі ў пад’езд і ў ліфт і зрабілі выснову, наколькі ўсё добра зроблена.
Выступоўцы з ГА “БелАДДІіМІ” таксама прадставілі некалькі цікавых праектаў. Адзін з іх — “Мастацтва за інклюзію людзей з інваліднасцю” — адрасаваны шырокай грамадскасці. Аб ім расказала Ірына Логвін. Праект рэалізуецца пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці USAID у Беларусі і накіраваны на фарміраванне станоўчых адносін, прычым пераважна сярод маладых людзей ва ўзросце 16—25 гадоў, да людзей з інваліднасцю. Ажыццяўленне гэтай мэты будзе адбывацца пры правядзенні культурна-асветніцкіх і інфармацыйных кампаній.
Старшыня БелАДДІіМІ Алена Цітова паведаміла пра праект, які рэалізуецца пры падтрымцы нямецкага фонду, аб суправаджэнні маладых людзей з інваліднасцю на свабодны рынак працы:
— Мы спрабуем знайсці для іх работу, якая была б і даступнай, і адначасова цікавай. Наладжваем кантакты з наймальнікам, даведваемся аб інтарэсах і жаданнях саміх маладых людзей. Сёння мы прапаноўваем, каб пералік спецыяльнасцей, на якія рэкамендуе ўладкоўвацца людзям з абмежаваннямі МРЭК, быў пашыраны. Часцей за ўсё сёння прапаноўваюць работу прыбіральшчыка, дворніка, чарцёжніка. Лічу, медыкам трэба даваць рэкамендацыі, зыходзячы не з праблем і парушэнняў людзей з інваліднасцю, а з іх магчымасцей, жаданняў і патрэб. Сёння для ўладкавання нават на самую простую работу неабходна рэкамендацыя МРЭК. Гэтае пытанне даўно ўжо станоўчым чынам вырашана ў заходніх краінах. Рэкамендацыі чалавеку з інваліднасцю даюць не толькі медыкі, і тычацца яны перш за ўсё належнага абсталявання працоўнага месца, неабходнасці суправаджаючых
і г.д. Але рашэнне аб працаўладкаванні, на мой погляд, павінна прымацца толькі самім чалавекам сумесна з наймальнікам. У межах праекта за 2 гады намі працаўладкаваны каля 40 людзей з інваліднасцю.

Чалавек з інваліднасцю ў Казахстане

— У 2008 годзе Канвенцыю ААН аб правах людзей з інваліднасцю падпісаў Казахстан, і пачалася работа па яе рэалізацыі, — адзначыла Айгуль Табергенава, намеснік дырэктара Дэпартамента сацыяльных паслуг Міністэрства аховы здароўя і сацыяльнага развіцця Казахстана. — Сёння мы гаворым аб удасканаленні сістэмы сацыяльнай абароны ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі і робім для гэтага ўсё магчымае. У Казахстане больш за 3 працэнты (ад агульнай колькасці насельніцтва) асоб з інваліднасцю. І палітыка нашай краіны накіравана на тое, каб далучыць гэтых людзей да актыўнага жыцця, каб яны маглі працаваць, вучыцца, адпачываць. Плануем удасканальваць заканадаўства ў сферы сацыяльнай абароны і рэабілітацыі, рэалізацыі правоў і свабод асоб, якія маюць інваліднасць; правесці агляд і зрабіць ацэнку стану аб’ектаў, прыярытэтных для асоб з інваліднасцю, высветліць, наколькі аб’екты даступныя для іх. Зараз, напрыклад, распрацоўваем карту даступнасці аб’ектаў: ацэньваем, наколькі будынкі камфортныя і зручныя для людзей з парушэннямі слыху, зроку і апорна-рухальнага апарату. Наша мэта — павысіць узровень інфармаванасці насельніцтва аб праблемах асоб з інваліднасцю.
Адзін з праектаў, які зараз пачынаем рэалізоўваць, звязаны з рэалізацыяй мадэлі інтэграванага падыходу да людзей з абмежаваннямі ў сістэме спецыяльных сацыяльных паслуг. Мадэль накіравана на прафілактыку сацыяльнай нядобранадзейнасці. Плануем стварыць міжведамасную каманду спецыялістаў, якая будзе вызначаць ацэнку патрэб сем’яў, дзе ёсць людзі з інваліднасцю, і распрацоўваць план работы з імі. Камісія будзе каардынаваць работу ўсіх сістэм — аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнай абароны і спецыяльных сацыяльных паслуг.
Адзін з важных кірункаў у межах ратыфікацыі Канвенцыі — удасканаленне медыка-сацыяльнай экспертызы. У нас створана цэнтралізаваная база даных, якая ўтрымлівае падрабязную інфармацыю аб усіх асобах з інваліднасцю. У ідэале плануецца так: чалавек з адным пакетам дакументаў павінен прыйсці ў адзін дзяржаўны орган — на медыка-сацыяльную экспертызу, дзе ад яго — у выпадку, калі яму ўстанаўліваецца інваліднасць, — прымаецца заява на ўсе віды дзяржаўнай падтрымкі. Гэтая інфармацыя ўносіцца ў цэнтральную базу даных, і чалавек па інтэрнэце або смс-кай атрымлівае паведамленне, які “сацыяльны пакет” яму прадастаўлены і куды яму трэба звярнуцца. Работа пачалася — наша аўтаматызаваная сістэма інтэгруецца сёння з сістэмай аховы здароўя.
Сур’ёзна працуем і ў кірунку працаўладкавання людзей з інваліднасцю. Прынята праграма “Галоўная дарожная карта занятасці”. У ёй, у прыватнасці, прапаноўваецца мікракрэдытаваць людзей, якія вырашылі адкрыць сваю справу і заняцца бізнесам. Ёсць і праграма, якая прадугледжвае пераезд работнікаў з зоны з нізкім эканамічным патэнцыялам у зону з больш высокім.
Сур’ёзным крокам стала ўвядзенне ў нас штатнай адзінкі саветніка (з ліку асоб з інваліднасцю) па пытаннях дапамогі людзям з інваліднасцю, якія працуюць пры некаторых міністэрствах і пры акімах (кіраўніках) абласцей. Такія супрацоўнікі дапамагаюць пры прыняцці адказных рашэнняў, якія тычацца людзей з інваліднасцю. Адна з іх Лязат Калтаева — старшыня Асацыяцыі жанчын з інваліднасцю “Шырак”.

***

“Людзі з абмежаваннямі павінны мець магчымасць жыць як усе”, “трэба вучыцца і імкнуцца да таго, чаго ты хочаш дасягнуць”, — гэта словы Алены С., удзельніцы круглага стала, якая раней пражывала ў Багушэўскім дзіцячым доме-інтэрнаце для дзяцей з АПФР. Яна змагла ўзнавіць дзеяздольнасць, асвоіла прафесію швачкі і зараз працуе і жыве самастойна. Яна прызналася, што адчувае сябе шчаслівай ад таго, што ў яе ўсё атрымалася на шляху да мэты.

Надзея ЦЕРАХАВА.