Права кожнага — распараджацца сваім лёсам

- 9:10Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па эпідэмічнай сітуацыі і прымаемых мерах па супрацьдзеянні распаўсюджванню каранавіруснай інфекцыі выказаў сваю пазіцыю наконт дзеянняў дзяржаўных органаў у гэтым пытанні.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сабраў нараду, каб абмеркаваць менавіта пытанні лячэння людзей, а не, як прынята гаварыць, барацьбы з COVID-19. Да мерапрыемства па відэасувязі падключыліся ў тым ліку губернатары і іншыя прадстаўнікі з рэгіёнаў. У Мінску ў Палацы Незалежнасці з удзелам кіраўніка дзяржавы сабраліся члены ўрада і спецыялісты.

На нарадзе Аляксандр Лукашэнка расставіў акцэнты па ўсіх тэмах, якія хвалююць грамадства ў сувязі з пандэміяй і бягучым уздымам захваральнасці як у Беларусі, так і ў рэгіёне ў цэлым. Максімальна дакладна кіраўнік дзяржавы выказаўся па дыскусійных пытаннях адносна нашэння сродкаў індывідуальнай засцярогі і вакцынацыі. Тут кожны павінен распараджацца сваім лёсам сам, упэўнены беларускі лідар. І калі чыноўнікі могуць сабе дазволіць прыходзіць на прыём да Прэзідэнта без маскі і ПЛР-тэста, то не павінны залішне напружваць і грамадзян, асабліва ўводзіць штрафы і да нечага прымушаць.

“Калі чалавек хворы, той жа Піневіч (міністр аховы здароўя. — Заўвага аўтара.), дапусцім, закавідзіў, ён ніколі да Прэзідэнта не пойдзе”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што гэтак жа павінен рабіць кожны жыхар Беларусі. “Тым больш што мы цямнім перад людзьмі? Мы ж не ўсё ведаем пра гэту хваробу. І кожны чалавек павінен распараджацца сваім лёсам так, як ён лічыць патрэбным. Але мы пра гэта цяпер пагаворым”, — сказаў Прэзідэнт.

“Бачыце, людзей яны пачалі штрафаваць. Хто вам даў права на гэта? Дзе, у якім законе напісана, што вы маеце права штрафаваць людзей?” — зноў абазначыў гэтае пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што яму далажылі аб сітуацыі ў тым ліку на падставе маніторынгу інтэрнэт-рэсурсаў. “Пра шаленства я ўжо вам сказаў: людзі шалеюць, нехта абураецца, нехта патрабуе. Але пытанні ўжо: “А дзе наш Прэзідэнт?” Слухайце, я кожны дзень у тэлевізары даю справаздачу перад людзьмі, чым я займаюся. Я ж не магу кожны дзень з раніцы да вечара займацца лячэннем людзей. Для гэтага ў мяне ёсць цэлае міністэрства і тысячы-тысячы ў белых халатах. Не ў брудных, не ў чорных”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што ёсць шмат пытанняў, якія павінны быць у яго полі зроку. Адно з іх, напрыклад, сітуацыя ў сельскай гаспадарцы, уборка ўраджаю, асеннія палявыя работы. “І санкцыі нібыта нам увялі — я таксама павінен быць у тэме і займацца гэтым пытаннем. І тысячы-тысячы іншых пытанняў”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

“Дзіцячы сад, словам. Прэзідэнта страцілі: ах, ён не лечыць людзей. Добра, з заўтрашняга дня пачну лячыць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — І гэта ж наша віна, Дзмітрый Леанідавіч. Гэта ж мы спалохалі людзей сваёй балбатнёй, сваімі размовамі. Напружваем, перанапружваем, але ж лепш не стала”.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што ён асабіста не супраць, каб людзі насілі маскі і вакцынаваліся, але ў першую чаргу трэба ўдзяляць увагу пытанням лячэння. Ён упэўнены, што калі эфектыўна працаваць у гэтым напрамку, то літаральна на працягу месяца ўдасца мінімізаваць праблему. “А не будзем лячыць людзей, зоймемся кавіднай і антыкавіднай палітыкай — давядзём народ да бунтаў. Будзе як у Еўропе”, — папярэдзіў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што, нягледзячы на яго негатыўнае стаўленне да напружвання людзей, вакцынавацца трэба, і ён ніколі не выступаў супраць гэтага.

Прэзідэнт адзначыў, што ў цэлым у Беларусі спраўляюцца з пандэміяй. На яго думку, гэта ўдаецца дзякуючы таму, што ў час першай хвалі ў краіне не сталі спыняць вытворчасці. “У нас экспарт у гэтым санкцыйным годзе вышэйшы, чым калі-небудзь. А калі ёсць экспарт, ёсць паступленне валюты. І сёння мы ўжо прадаём больш, чым спажываем, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Пакуль мы спраўляемся самі і, я думаю, справімся, калі мы ўсе мабілізуемся”.

“Сітуацыя зразумелая. Я тыдні два назад чарговы раз дапытваў (інакш не скажаш) міністра аховы здароўя. Мы абодва прыйшлі да адной высновы, што гэты тыдзень і наступны будуць вельмі паказальныя ў лячэнні людзей, і перш за ўсё ў лячэнні каранавіруснай інфекцыі, — сказаў Прэзідэнт. — У мяне пасля сённяшняга абмеркавання гэтае ўражанне (або такі асцярожны прагноз) узмацнілася. Гэты і наступны тыдзень дадуць нам вынік”.

Дарэчы, у найбліжэйшы час чакаецца яшчэ шэраг мерапрыемстваў з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, якія будуць прысвечаны пытанням лячэння людзей ва ўмовах пандэміі.

Па матэрыялах БелТА
падрыхтавала Вераніка КЛЮТЧЭНЯ.