Права на інтэлектуальную ўласнасць

Навучэнцы гімназіі № 42 Мінска лаўрэата Нобелеўскай прэміі Ж.І.Алфёрава ўжо не першы год становяцца пераможцамі і выходзяць у прызёры Міжнароднай алімпіяды па інтэлектуальнай уласнасці. Вось і сёлета ўдзел гімназісткі Карыны Жаўняк стаў пераможным.

Мерапрыемства праходзіла ў Маскве. Міжнародная алімпіяда праводзіцца Расійскай дзяржаўнай акадэміяй інтэлектуальнай уласнасці пры садзейнічанні Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці, Федэральнай службы па інтэлектуальнай уласнасці Расійскай Федэрацыі, Еўразійскага патэнтнага ведамства і патэнтных ведамстваў іншых краін, Гандлёва-прамысловай палаты Расійскай Федэрацыі, Расійскай аўтарскай супольнасці, органаў мясцовага самакіравання, мясцовых (муніцыпальных) органаў кіравання адукацыяй, органаў кіравання адукацыяй суб’ектаў Расіі і агульнаадукацыйных устаноў іншых краін.
Алімпіяда праводзіцца для навучэнцаў, якія цікавяцца гісторыяй і функцыянаваннем інтэлектуальнай уласнасці, як у Расіі, так і за мяжой. Прыняць удзел у алімпіядзе могуць хлопцы і дзяўчаты 14—18 гадоў, якія плануюць працягнуць адукацыю ў сферы інтэлектуальнай уласнасці і звязаць сваю будучыню з гэтай галіной.
Пераможцам алімпіяды ўручаюцца сертыфікаты на навучанне ў Расійскай дзяржаўнай акадэміі інтэлектуальнай уласнасці — адзінай ВНУ Расіі, якая рыхтуе спецыялістаў такога кірунку.
Мэта алімпіяды — павышэнне цікавасці маладога пакалення да інтэлектуальнай уласнасці, выяўленне таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак, падтрыманне вынаходніцкай і даследчай актыўнасці моладзі, павышэнне статусу вынаходніка, фарміраванне новай інавацыйнай культуры, стымуляванне маладых людзей на інавацыйныя пошукі і распрацоўку перспектыўных, прарыўных маладзёжных праектаў і садзейнічанне іх прасоўванню на рынак.

Адборачныя туры ахопліваюць не толькі Расію, але і рэгіёны Усходняй Еўропы, краіны СНД, Балтыі і інш.
Алімпіяда складаецца з трох тураў. Першы — анлайн-тэсціраванне. Яго вынікі размяшчаюцца на сайце алімпіяды. Другі тур — напісанне творчай работы па прапанаванай аргкамітэтам тэме. І трэба адзначыць, што тэмы даюцца цікавыя. Напрыклад, прапаноўвалася правесці даследаванне і распрацаваць прапановы па стварэнні таварнага знака сваёй школы або расказаць пра вынікі інтэлектуальнай дзейнасці, створаныя ў сям’і на працягу пакаленняў. Гэтыя тэмы належаць да прыкладных даследаванняў.
Тэарэтычнае даследаванне мае на ўвазе, напрыклад, разгляд аўтарскага права і сумежных правоў як аб’ектаў эканомікі. Але ўдзельнік алімпіяды можа атрымаць і іншае заданне: напісаць творчую работу ў форме эсэ, дзе, напрыклад, давядзецца папрацаваць над тэмай “Не продается вдохновенье, но можно рукопись продать…” ці “Наш свет — свет брэндаў”.
Падчас трэцяга тура адбываецца абарона творчых работ на рускай і англійскай мове.
Сёлета Карына Жаўняк закончыла 10 класаў і практычна без перапынку на адпачынак пачала рыхтавацца да наступнай алімпіяды, хаця ў гэтым годзе яна прымала ўдзел у такіх інтэлектуальных спаборніцтвах другі раз. У мінулым годзе Карына здолела прайсці толькі два туры.
— У гэтым годзе я ўдзельнічала і ў Рэспубліканскай алімпіядзе па грамадазнаўстве (на ёй Карына атрымала дыплом ІІ ступені. — Заўв.аўт.), што, безумоўна, мне вельмі дапамагло ў Маскве, бо пытанні па інтэлектуальнай уласнасці мяжуюцца з грамадазнаўствам. Яшчэ я закончыла дыстанцыйныя курсы Акадэміі сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці і атрымала адпаведны сертыфікат. Мой мінулагодні ўдзел у алімпіядзе таксама пайшоў у скарбонку агульнага поспеху, і першыя два туры прайшлі даволі спакойна і ўпэўнена.
Трэці тур прынёс некаторыя хваляванні, акрамя таго, паўплывала вельмі насычаная і разнастайная праграма алімпіяды. Тым не менш усё атрымалася, — расказала Карына.
Шлях Карыны да алімпіяды па інтэлектуальнай уласнасці праходзіць праз такі разнапланавы прадмет, як “Грамадазнаўства”. А цікавасць да прадмета, як вядома, фарміруе педагог. З Карынай працуе Дзмітрый Леанідавіч Гулякевіч, настаўнік грамадазнаўства гімназіі, выкладчык кафедры прававых дысцыплін Інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ. Дзмітрый Леанідавіч да гэтай алімпіяды рыхтуе гімназістаў на працягу чатырох гадоў, прычым паспяхова. Сёння ён вельмі ганарыцца сваёй вучаніцай Карынай і не перастае здзіўляцца яе працаздольнасці.
— Карына вельмі здольная і рознабакова развітая дзяўчына. З ёй вельмі цікава працаваць. Калі яна рыхтавалася да Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве ў складзе каманды сталіцы, мне вельмі не хапала нашых заняткаў, бо мы не толькі вывучалі складаныя пытанні грамадзянскага права ці сумежных правоў, а яшчэ шмат гаварылі пра музыку, мастацтва. Але рэспубліканская алімпіяда закончылася — і нашы падрыхтоўчыя заняткі аднавіліся.

Да Міжнароднай алімпіяды па інтэлектуальнай уласнасці трэба рыхтавацца сур’ёзна. Мы вывучалі аўтарскае права, сумежнае права, права прамысловай уласнасці, ахову правоў на сваю творчую работу. Паралельна з гэтым давялося вывучаць заканадаўства нашай краіны і Расійскай Фэдэрацыі, хаця ў мінулым годзе можна было абысціся агульнымі ўяўленнямі. У гэтым годзе алімпіяда праходзіла шосты раз, і за гады яе правядзення заданні сталі крыху іншымі. Адзінай нязменнай умовай з’яўляецца бездакорнае валоданне англійскай мовай. У гэтым годзе акцэнт у тэставых заданнях рабіўся на грамадазнаўстве і асновах інтэлектуальнай уласнасці.
Каб прайсці ў фінал, неабходна было напісаць творчую работу на тэму “Пірацтва ў сетцы інтэрнэт” — дабро ці зло?”, а ўжо непасрэдна падчас абароны гаварыць на дзвюх мовах — рускай і англійскай. Карына справілася паспяхова, перамагла ў намінацыі “За інавацыйны падыход да даследавання сферы кіравання сумежнымі правамі”. Я вельмі задаволены гэтым фактам, як і тым, што, прымаючы ўдзел у спаборніцтвах такога маштабу, ёсць магчымасць выйсці за межы школьнай праграмы і далучыцца да такой дарослай тэмы, як інтэлектуальная ўласнасць. Больш за тое, можна паказаць свае веды ў гэтай галіне далёка за межамі сваёй краіны. Гэта каштоўны вопыт, — адзначыў Дзмітрый Леанідавіч Гулякевіч.
Сёлета ў фінале змагаліся школьнікі трох краін: Расіі, Беларусі і Казахстана — усяго 10 чалавек. Рэгістрацыю для ўдзелу ў першым туры праходзіла каля 15 000 чалавек з усіх канцоў свету. І вельмі прыемна, што пераможцамі становяцца нашы дзеці. Трэба адзначыць, што Карына Жаўняк была не адзінай пераможцай з Беларусі.
Юлія Бародзька з сярэдняй школы № 15 Магілёва стала першай. Яна ўзначаліла так званую турнірную табліцу Міжнароднай алімпіяды па інтэлектуальнай уласнасці. Рыхтаваў дзяўчыну выкладчык Магілёўскага політэхнічнага каледжа Уладзімір Іванавіч Ярмілін. За перамогу Юлія Бародзька атрымала сертыфікат на бясплатнае навучанне ў Расійскай дзяржаўнай акадэміі інтэлектуальнай уласнасці. А яшчэ дзяўчаты атрымалі спецыяльныя медалі Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці, якія былі ўручаны прадстаўніком гэтай арганізацыі.

 

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.