Права на памылку, або Актыўная ацэнка для пачаткоўцаў

- 15:35Адукацыйная прастора

Пытанні арганізацыі кантрольна-ацэначнай дзейнасці малодшых школьнікаў узнікаюць не толькі ў пачынаючых педагогаў, але часам і ў вопытных настаўнікаў. Каб сфарміраваць у выхаванцаў адэкватную самаацэнку, даць магчымасць кіраваць сваім навучаннем, некаторыя педагогі краіны звярнуліся да стратэгіі актыўнай ацэнкі. Пра тое, якія перавагі мае гэтая стратэгія, ці патрэбна яна ў пачатковай школе, як стасуецца з безадзнакавым навучаннем і як можа паўплываць на якасць адукацыі, наш карэспандэнт гутарыць з дацэнтам кафедры менеджменту і адукацыйных тэхналогій Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка, кандыдатам педагагічных навук, ментарам дыстанцыйнага курса “Актыўная ацэнка як новая стратэгія навучання” Міхаілам Вікенцьевічам КУДЗЕЙКАМ.

— Міхаіл Вікенцьевіч, сёння большасць бацькоў цікавяць найперш не веды дзіцяці, а менавіта яго адз­накі. Нават зорачкі, сонейкі, смайлікі, якія часам па-даўнейшаму выкарыстоўваюць настаўнікі пачатковых класаў, яны імкнуцца перавесці ў сістэму адз­нак. Як вы лічыце, чаму так адбываецца?

— У аснову навучання ў нас пакладзена рэйтынгавая сістэма. І, на жаль, адзнака стаіць на першым месцы. Атрымліваецца так: што б мы ні рабілі ў вучэбным працэсе, што б ні рэалізоўвалі, усё роўна так ці інакш звяртаемся да балаў. Нам неабходна вызначыць, на якім узроўні знаходзіцца дзіця для таго, каб ацаніць яго дзейнасць і паставіць адзнаку. Добра гэта ці дрэнна? Ш.Аманашвілі гаворыць, што гэта перажытак мінулага і ў пэўнай ступені псуе педагогіку. На самай справе так не павінна быць. Усё павінна ісці не ад адзнакі, а ад жадання школьніка вучыцца, жадання даведвацца як мага больш, ад цікавасці. Думаю, з цягам часу мы прыйдзем да гэтага і наша адукацыйная галіна пазбавіцца рэйтынгавай сістэмы. А пакуль мы імкнёмся настроіць настаўнікаў, дзяцей і іх бацькоў на тое, што галоўнае  не адзнака, а менавіта пазнавальная цікавасць.

Атрымліваецца парадокс: з аднаго боку, мы заяўляем, што ў школе асобасна арыентаванае навучанне, з іншага — сістэма і ўмовы арыентуюць нас на адзнаку. Калі дзіця атрымлівае адзнаку, то звычайна яно параўноўвае сябе з іншымі вучнямі, адзнака прымушае настаўніка параўноўваць дзяцей адно з адным. І бацькі, каб высветліць узровень свайго дзіцяці, таксама параўноўваюць яго адзнакі з адзнакамі іншых дзяцей. Калі настаўнік гаворыць вучню: “Не перажывай наконт адзнакі, трэба ж глядзець на сябе, ты ў мінулы раз быў больш пераканаўчым, чым сёння”. Аднак гэта, як правіла, не дзейнічае, бо адзнака ўжо стаіць. Калі адзнак няма, то дзіцяці няма з кім параўноўваць сябе. І тады яму даводзіцца працаваць над сабой, каб палепшыць вынік.

— Вы згодны з вядомым педагогам Я.Ільіным, які сказаў, што ў адзнацы часта мала педагогікі і шмат улады? Як зрабіць так, каб адзнакі сталі стымулам да навучання, павышэння паспяховасці на ўроку?

— Так, згодны, што гэта механізм кіравання ў большай ступені. Адзнака часта не з’яўляецца аб’ектыўнай, бо яе выстаўленне грунтуецца толькі на меркаванні настаўніка, таму, дарэчы, і ўзнікаюць канфлікты. Я настаўнікам на курсах павышэння кваліфікацыі гавару, што кожны раз, калі яны ўзнімаюць ручку над клетачкай журнала, у іх ёсць магчымасць паставіць адзнаку на бал меншую ці на бал большую. Несумненна, у нарматыўнай дакументацыі прапісана, што мы павінны ставіць адзнаку на карысць вучня, аднак на практыцы суб’ектывізм праяўляецца ў тым, што настаўнік пачынае прыгадваць, а што гэта за вучань, а як ён да яго ставіцца, як сябе паводзіць дзіця, кім працуюць яго бацькі, а ці будзе скандал і г.д.

Актыўная ацэнка дазваляе ўсяго гэтага пазбегнуць. У выніку сумеснай кантрольна-ацэначнай дзейнасці (самаацэнкі, узаемаацэнкі, ацэнкі настаўнікам) даецца спачатку ацэнка, а потым выстаўляецца адзнака. Калі дзіця бачыць, якія дапусціла памылкі, што зрабіла не так, часам яно можа не пага­дзіцца з таварышамі, паспрачацца, прыцягнуць да гэтага ўвагу настаўніка, аднак у выніку пагодзіцца з адзнакай, бо яна будзе выстаўлена на ўсвядомленым узроўні: убачыў, зразумеў і прыняў да ведама. Гэта атрымліваецца і аб’ектыўна, і бесканфліктна.

— Міхаіл Вікенцьевіч, якія перавагі мае актыўная ацэнка? Наколькі яна эфектыўная ў пачатковай школе?

— Вопыт работы настаўнікаў паказвае, што актыўная ацэнка ў пачатковай школе дастаткова эфектыўная. Большасць педагогаў не выкарыстоўвае яе цалкам, а бярэ толькі элементы, якія актывізуюць дзейнасць навучэнцаў, прымяняе крытэрыяльны падыход.

Актыўная ацэнка дзейнічае на любым этапе вучэбных заняткаў, з навучэнцамі любога ўзросту. Педагогі, якія некаторы час папрацавалі па гэтай стратэгіі, адзначаюць, што дзеці становяцца зусім іншымі, яны з цікавасцю ідуць на ўрок і часта выказваюць абурэнне ў адрас іншых настаўнікаў, якія не выкарыстоўваюць актыўную ацэнку.

Актыўная ацэнка накіравана на тое, каб даваць дзіцяці інфармацыю наконт адукацыйнага працэсу: як яно вучыцца, якія ў яго поспехі і як яму вучыцца далей. Яна дае інфармацыю і настаўніку, ці правільна ён вучыць дзіця. Пры традыцыйнай сістэме педагог трымае ў галаве план пэўнага ўрока, прыходзіць і пачынае кіраваць працэсам. Дзіця выконвае заданні, што яму прапаноўваюцца. А ў канцы можа аказацца так, што навучэнец няправільна іх рабіў, бо настаўнік меркаваў інакш. А нельга было сказаць пра гэта раней? Магчыма, калі б так адбылося, школьнік памяняў бы свае адносіны, перагледзеў дзеянні і накіраваў намаганні на атрыманне больш высокага бала, засвоіў бы тую ці іншую тэму, зразумеўшы і ўсвядоміўшы, для чаго яна патрэбна.

Асаблівасць актыўнай ацэнкі ў тым, што настаўнікі, якія з ёй працуюць, на ўроку ствараюць своеасаблівую атмасферу. Дзіця можа адэкватна сябе ацаніць у свабодным асяроддзі. Яно можа разважаць, выказвацца ўслых і не баяцца пры гэтым памыліцца. А калі дзіця камфортна сябе адчувае, то яно адкрыта да дыялогу, да актыўнага ўдзелу.

У аснове актыўнай ацэнкі — шэраг асноўных ідэй. Па-першае, актыўнасць. Як здорава, калі дзіця на ўроку актыўнае! Часам можна пачуць ад настаўнікаў, што вучань можа быць актыўным у адмоўным сэнсе: бударажыць увесь клас, падрывае дысцыпліну і г.д. Але, упэўнены, гэта здорава. Калі дзіця праяўляе актыўнасць, то мы бачым, падабаецца яму на ўроку ці не. Калі падабаецца — вучань задае пытанні, выказваецца, а калі не — працівіцца, пратэстуе. І задача педагога — пагаварыць з ім, высветліць прычыну такіх паводзін, накіраваць у патрэбнае рэчышча. Горш за ўсё, калі дзіця ціхае і спакойнае і ніколі ні ў чым не ўдзельнічае. Нездарма ў народзе гавораць, што ў ціхім балоце чэрці вядуцца. Мы не ведаем, чаго ад яго чакаць, яно з намі на ўроку ці дзесьці лунае ў воблаках. Што дае актыўная ацэнка праз свае метады і прыёмы? Яна актывізуе ўсіх, не пакідае ніводнага вучня абыякавым. На гэта накіраваны і зносіны ў парах, і выклік спантанным чынам без уздымання рукі, і выкарыстанне святлафора (сувязь пры дапамозе колеравых картак), і самаацэнка, і ўзаемаацэнка, і рэфлексія. Атрымліваецца, што педагог бачыць увесь клас.

Яшчэ адзін момант, які ляжыць у аснове актыўнай ацэнкі, — усвядомленасць навучання. Усе мы разумеем, як важна, каб дзіця ўсвядомлена ставілася да вучэбнай дзейнасці. У аснове гэтай усвядомленасці — разуменне, для чаго дзіця ходзіць у школу і навошта яму гэта трэба. Калі мы самі ўспрымаем інфармацыю ўсвядомлена, то ставімся да яе адказна, а калі не разумеем, чаго ад нас хочуць, то, адпаведна, у гэтым не зацікаўлены.

У сучаснай школе такая ўсвядомленасць не сфарміравана: дзіця ідзе ў школу за “дзясяткамі”, таму што мама з татам сказалі, ці паўзаемадзейнічаць з сябрамі, добра правесці час. Каб усвядомленасць з’явілася, неабходна ўнутраная матывацыя. Актыўная ацэнка стварае такія ўмовы, пры якіх дзіця разумее гэта з першых хвілін урока, і тады да вучэбнай дзейнасці фарміруецца зусім іншае стаўленне. На гэта працуюць мэты на мове дзіцяці (вучань пазбаўляецца трывожнасці, бо яму зразумела, чым ён будзе займацца на ўроку, да якога выніку прыйдзе), крытэрыі, якія даюць вучню магчымасць зразумець і ўсвядоміць, што неабходна зрабіць, каб быць паспяховым.

Усвядомленасць фарміруе адказнасць. Гэта здорава, калі дзіця адказнае за тое, чым займаецца. Сёння, на жаль, усю адказнасць у школе за вучэбную дзейнасць нясе настаўнік. На сваіх занятках я імкнуся гаварыць педагогам, што сітуацыя можа быць зусім іншая. Мы самі вінаваты, што дзеці прад’яўляюць прэтэнзіі наконт адзнак. Чаму? Адказнасць неабходна перакласці на плечы дзяцей. І зноў-такі актыўная ацэнка дае такую магчымасць. Адказнасць фарміруецца толькі тады, калі настаўнік давярае дзіцяці, калі дае яму права выбару, якое з’яўляецца самым дзейсным механізмам у выхаванні самастойнасці. Усе элементы, закладзеныя ў актыўнай ацэнцы, на гэта накіраваны, бо педагог пастаянна звяртаецца да навучэнцаў: разам сфармуляваць мэты і задачы, вывесці крытэрыі, выбраць той узровень складанасці заданняў, які пад сілу дзіцяці. Гэты механізм павінен працаваць і ахопліваць увесь адукацыйны працэс. Тады будзе фарміравацца самастойная асоба.

Вельмі вялікую ролю адыгрывае і паспяховасць. Яна таксама закладзена ў актыўнай ацэнцы. Калі ў нас штосьці атрымліваецца, нам гэта падабаецца, мы хочам гэтым займацца і імкнёмся да гэтага. Вельмі здорава, калі ў вучэбным працэсе дзіця будзе атрымліваць задавальненне ад таго, што робіць.

ь, яно з намі на ўроку ці дзесьці лунае ў воблаках. Што дае актыўная ацэнка праз свае метады і прыёмы? Яна актывізуе ўсіх, не пакідае ніводнага вучня абыякавым. На гэта накіраваны і зносіны ў парах, і выклік спантанным чынам без уздымання рукі, і выкарыстанне святлафора (сувязь пры дапамозе колеравых картак), і самаацэнка, і ўзаемаацэнка, і рэфлексія. Атрымліваецца, што педагог бачыць увесь клас.

Яшчэ адзін момант, які ляжыць у аснове актыўнай ацэнкі, — усвядомленасць навучання. Усе мы разумеем, як важна, каб дзіця ўсвядомлена ставілася да вучэбнай дзейнасці. У аснове гэтай усвядомленасці — разуменне, для чаго дзіця ходзіць у школу і навошта яму гэта трэба. Калі мы самі ўспрымаем інфармацыю ўсвядомлена, то ставімся да яе адказна, а калі не разумеем, чаго ад нас хочуць, то, адпаведна, у гэтым не зацікаўлены.

У сучаснай школе такая ўсвядомленасць не сфарміравана: дзіця ідзе ў школу за “дзясяткамі”, таму што мама з татам сказалі, ці паўзаемадзейнічаць з сябрамі, добра правесці час. Каб усвядомленасць з’явілася, неабходна ўнутраная матывацыя. Актыўная ацэнка стварае такія ўмовы, пры якіх дзіця разумее гэта з першых хвілін урока, і тады да вучэбнай дзейнасці фарміруецца зусім іншае стаўленне. На гэта працуюць мэты на мове дзіцяці (вучань пазбаўляецца трывожнасці, бо яму зразумела, чым ён будзе займацца на ўроку, да якога выніку прыйдзе), крытэрыі, якія даюць вучню магчымасць зразумець і ўсвядоміць, што неабходна зрабіць, каб быць паспяховым.

Усвядомленасць фарміруе адказнасць. Гэта здорава, калі дзіця адказнае за тое, чым займаецца. Сёння, на жаль, усю адказнасць у школе за вучэбную дзейнасць нясе настаўнік. На сваіх занятках я імкнуся гаварыць педагогам, што сітуацыя можа быць зусім іншая. Мы самі вінаваты, што дзеці прад’яўляюць прэтэнзіі наконт адзнак. Чаму? Адказнасць неабходна перакласці на плечы дзяцей. І зноў-такі актыўная ацэнка дае такую магчымасць. Адказнасць фарміруецца толькі тады, калі настаўнік давярае дзіцяці, калі дае яму права выбару, якое з’яўляецца самым дзейсным механізмам у выхаванні самастойнасці. Усе элементы, закладзеныя ў актыўнай ацэнцы, на гэта накіраваны, бо педагог пастаянна звяртаецца да навучэнцаў: разам сфармуляваць мэты і задачы, вывесці крытэрыі, выбраць той узровень складанасці заданняў, які пад сілу дзіцяці. Гэты механізм павінен працаваць і ахопліваць увесь адукацыйны працэс. Тады будзе фарміравацца самастойная асоба.

Вельмі вялікую ролю адыгрывае і паспяховасць. Яна таксама закладзена ў актыўнай ацэнцы. Калі ў нас штосьці атрымліваецца, нам гэта падабаецца, мы хочам гэтым займацца і імкнёмся да гэтага. Вельмі здорава, калі ў вучэбным працэсе дзіця будзе атрымліваць задавальненне ад таго, што робіць.

— А ці можна арганізаваць адукацыйны працэс такім чынам, каб кожны вучань быў паспяховым?

— Актыўная ацэнка проста не пакідае навучэнца ў спакоі, і ён вымушаны ўключацца ў работу. Можа, спачатку гэта выглядае як знешняя матывацыя, але потым яна пераходзіць ва ўнутраную, бо агульная сістэма працуе і выйсці з яе ён не можа. Як стварыць сітуацыю поспеху для кожнага? Безумоўна, у нас ёсць рэйтынгавая сістэма і педагогі арыентаваны на вынікі вучэбнай праграмы — гэта тая планка, да якой павінны цягнуцца ўсе. Але ўсе дзеці розныя, з рознымі здольнасцямі і магчымасцямі. Адны да гэтай планкі могуць дацягнуцца, іншыя будуць біцца аб яе галавой (яны могуць больш, а ім не даюць, бо педагогі працуюць на сярэдняга вучня), а ёсць і тыя вучні, якія да яе не дацягнуць. Калі мы гэтую планку не бяром за аснову, а звяртаем увагу на асобасны рост, то атрымліваецца, што дзіця сёння лепш папрацавала (яму пра гэта гаворыць і сусед па парце, і настаўнік, і ў гэтым ужо ёсць элемент задавальнення, які стымулюе да развіцця). І мы можам адзначаць кожнае дзіця ў яго асабістым росце, не параўноўваючы навучэнцаў адно з адным.

— Як настаўнік павінен рэагаваць на памылкі вучняў?

— Традыцыйная сістэма навучання з пазіцыі памылкі арыентавана на тое, каб знайсці слабае звяно. Калі настаўнік прыходзіць у клас на ўрок, адкрывае журнал і пачынае выклікаць дзяцей, то, заўважце, выклікае ён не самых моцных. І калі дзіця раптам памылілася, штосьці зрабіла не так, педагог гаворыць яму пра гэта і б’е балам. Вядома, усе дзеці хочуць вучыцца на “дзясяткі”. А па той прычыне, што за памылкі мы іх караем, кожны раз у дзяцей трасецца рука на тэсце, пры напісанні палачак, кручкоў, яны баяцца не адпавядаць таму, што ад іх патрабуюць. Атрымліваецца, што вучням нельга памыляцца. А мы, дарослыя, не памыляемся? У актыўнай ацэнцы ствараюцца сітуацыі, пры якіх дзецям не ўказваецца на памылкі, а даецца магчымасць самім іх знайсці. Або даецца права выбару. Напрыклад, настаўнік прапануе вучням выканаць самастойную работу па вызначэнні канчаткаў. У 15 словах дзіця знаходзіць канчаткі, аднак з іх ён павінен падкрэсліць 7 слоў, якія прапаноўвае для праверкі настаўніку. Такім чынам педагог дае вучню права на памылку. І тады атрымліваецца, што вучань, выканаўшы заданне, вяртаецца назад і імкнецца прааналізаваць кожнае слова і вызначыць, у чым ён стапрацэнтна ўпэўнены. Хто будзе вінаваты, калі ён выканае няправільна? Адназначна, ён сам. Усё гэта фарміруе самастойнасць і адказнасць.

Актыўная ацэнка прапаноўвае не ставіць дзяцей у стрэсавую сітуацыю, даваць шанс на памылку. Напрыклад, у 1 класе з 3 радкоў прапісаных палачак дзіця павінна выбраць 10, якія адпавядаюць эталону, што вісіць на дошцы. Пачатковец бу­дзе ўпэўнены, што з вялікай колькасці палачак дзясятак у яго дакладна атрымаецца. У выніку вучань будзе адчуваць сябе спакойна і камфортна.

— Міхаіл Вікенцьевіч, новы вучэбна-метадычны комплекс па працоўным навучанні для 1 класа, аўтарам якога вы з’яўляецеся, таксама рэалізоўвае ідэі актыўнай ацэнкі?

— Так, створаны  комплекс поўнасцю рэалізоўвае ідэю безадзнакавага навучання (а ў аснове актыўнай ацэнкі, як вы змаглі пераканацца, ідэя навучання без адзнак): ад планавання ўрока, канспектаў, пастаноўкі мэт на мове дзіцяці — да рэфлексіі. Ён складаецца з планаў-канспектаў урокаў па працоўным навучанні, журнала ўліку ведаў навучэнцаў на безадзнакавай аснове, сшытка для творчых работ і альбома заданняў для навучэнцаў.

Планы-канспекты ўрокаў арыентуюць настаўніка на рэалізацыю тэмы, мэты ўрока, фарміраванне кампетэнцый і ажыццяўленне кантрольна-ацэначнай дзейнасці. Настаўнік можа інтэрпрэтаваць прадстаўленую інфармацыю, напаўняючы ўрокі ўласным зместам, які адпавядае інтарэсам, магчымасцям і здольнасцям вучняў. Змест метадычных матэрыялаў адрозніваецца такімі асаблівасцямі, як арыентацыя навучання на суб’ект-суб’ектныя адносіны, на паспяховасць вучэбнай дзейнасці школьнікаў, стымуляванне творчай актыўнасці на аснове праектных задач, фарміраванне адэкватнай самаацэнкі навучэнцаў.

Сшытак творчых работ прызначаны для арганізацыі творчай дзейнасці навучэнцаў як на ўроках пад кіраўніцтвам педагога, так і ў пазаўрочны час, для самастойнай работы па стварэнні вырабаў. Кожны разварот сшытка прадугледжвае рэалізацыю адной тэмы. На старонцы з левага боку размешчаны заданні і практыкаванні, накіраваныя на актуалізацыю ведаў вучняў, на паведамленне новай інфармацыі ў гульнявой форме. На старонках з правага боку знаходзіцца інфармацыя па практычнай дзейнасці па тэме: назва вырабу, тэхналагічная карта, піктаграмы, якія забяспечваюць правядзенне інструктажу па бяспецы працы. У аснове дапаможніка — кампетэнтнасны падыход, сувязь з жыццём. Акцэнт на важныя моманты пры стварэнні вырабу зроблены ў парадах Майстра. У рубрыцы “Я сам” навучэнцам прапаноўваюцца цікавыя ідэі ў выглядзе творчай задачы, выявы вырабу і інш.

У ніжнім правым вугле старонкі размяшчаецца рапарцічка, якая забяспечвае кантрольна-ацэначную дзейнасць пры планаванні і выкананні вучэбнага задання. Навучэнцы запаўняюць яе, аналізуюць інфармацыю, атрыманую на аснове самаацэнкі і ўзаемаацэнкі, робяць высновы і, адрэзаўшы рапарцічку, здаюць настаўніку. Настаўнік фіксуе рапарцічкі ў створаным журнале ўліку ведаў, размяркоўваючы іх па ў­зроўнях паспяховасці дзяцей. Пасля аналізу педагог вядзе назіранні за развіццём кожнага канкрэтнага вучня, выстройваючы індывідуальную траекторыю работы.

Спадзяюся, выкарыстанне ВМК дазволіць настаўнікам не толькі вырашыць праблему безадзнакавага навучання, але і вывесці адукацыйны працэс на ўзровень актыўнай, свядомай, адказнай дзейнасці навучэнцаў.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.