Права на самастойнае жыццё

- 11:55Рознае, Спецыяльная адукацыя

За пяцьдзясят гадоў існавання школы-інтэрната ў Ельску, што на Гомельшчыне, яе выпускнікамі сталі каля паўтысячы навучэнцаў. Яны не толькі атрымлівалі тут агульную адукацыю, але і авалодвалі асновамі сельскагаспадарчых прафесій. Многія з іх заставаліся ў гаспадарках вобласці, папаўнялі калектывы механізатараў, жывёлаводаў, станавіліся перадавікамі вытворчасці.
Чвэрць стагоддзя назад гэтая навучальная ўстанова была рэарганізавана ў дапаможную школу-інтэрнат, у якой усе прадметы пачалі выкладацца педагогамі на роднай мове. Больш за 20 гадоў дырэктарам тут працуе Якаў Дзмітрыевіч Ліпскі.

У інтэрнат па прафесію

— Ельскую дапаможную школу-інтэрнат у асноўным наведваюць дзеці са шматдзетных вясковых сем’яў нашага і яшчэ васьмі раёнаў. Усе выхаванцы не проста тут вучацца, яны жывуць у інтэрнаце насычаным паўнацэнным жыццём, — расказвае Якаў Дзмітрыевіч. — Ва ўстанове не выкладаюцца фізіка і хімія, геаметрыя і чарчэнне, а курсы матэматыкі і літаратуры даюцца ў скарочанай і больш лёгкай форме. Затое мы ўвялі факультатыўны курс па інфарматыцы, каб дзеці навучыліся карыстацца аргтэхнікай. І яны хутка асвойваюць як мабільныя тэлефоны, так і камп’ютары, ноўтбукі і інтэрнэт.
Аднак асноўная ўвага ва ўстанове ўдзяляецца працоўнаму навучанню. Педагогі рыхтуюць дзяцей да самастойнага жыцця, яны вучаць іх добра працаваць, каб тыя ў будучыні маглі зарабляць грошы. Раней тут існавала свінаферма (на 50 галоў), і выхаванцы ўдзельнічалі ў доглядзе жывёлы. На працягу ўсяго года дзеці былі забяспечаны свежанінай, свініна нават прадавалася. За выручаныя сродкі набывалі мэблю, дываны, спартыўны інвентар. Аднак у сувязі з эпідэміяй афрыканскай чумы свінаферму ліквідавалі. Затое ў інтэрнаце ёсць свой конь. Дзеці як будучыя гаспадары вучацца правільна абыходзіцца з ім. Ёсць і ўся неабходная сельскагаспадарчая тэхніка: трактар, культыватар, сеялка, плуг і г.д. Шмат якімі прыстасаваннямі падзяліўся мясцовы саўгас. Юнакі дэталёва вывучаюць гэтую тэхніку, тэарэтычныя веды замацоўваюць на практыцы.
Сіламі калектыву супрацоўнікаў і дзяцей у інтэрнаце створана цудоўная матэрыяльная база. У яе ўкладзены ў тым ліку грошы, якія былі зароблены сваімі рукамі. Чысціня і ўтульнасць пануе тут паўсюль. Прышкольная тэрыторыя добраўпарадкавана: летам двор патанае ў зеляніне, яго ўпрыгожваюць фантан і шмат кветнікаў. Утульна і ў кабінетах, дзе праходзяць урокі. У школьным краязнаўчым музеі, створаным дзецьмі і настаўнікамі, сабраны ўнікальныя экспанаты вясковага побыту, аформлены стэнды, якія маляўніча расказваюць аб каранях палескай культуры. Музей — любімае месца ўсіх выхаванцаў. Там педагогі часта праводзяць заняткі для дзяцей. Ёсць у школе і вучэбная кухня з газавай плітой, мікрахвалевай печкай, халадзільнікам, міксерам — самымі разнастайнымі прыстасаваннямі, неабходнымі для таго, каб навучыцца гатаваць. Прычым прадукты для прыгатавання ежы выкарыстоўваюцца са свайго агарода. Дзеці вельмі любяць працаваць у цяпліцы, якая была ўзведзена тут тры гады назад пры дапамозе італьянскіх спонсараў.
Цесную ўзаемасувязь школа падтрымлівае з мясцовым КСУП “Саўгас “Камуніст”, які забяспечвае насеннем таматаў і капусты. Мы вырошчваем у сваёй цяпліцы расаду, а потым у большасці сваёй вяртаем яе ў гаспадарку і толькі невялікую частку высаджваем на прышкольным агародзе (на 80 сотках) і ў цяпліцы. І атрымліваем шчодры ўраджай, якім дзеці ласуюцца ў сталовай. Вырошчваем на сваім участку і вінаград, які паспявае ўвосень. Навучэнцы школы па выніках свайго “земляробства” неаднойчы станавіліся пераможцамі абласнога агляду-конкурсу “Зялёны вітамін”.
Тры гады назад мы вырашылі адкрыць у школе 11 клас з паглыбленай прафесійнай падрыхтоўкай. Паколькі ва ўстанове ў асноўным сельскія дзеці, то, зразумела, прапаноўваем ім перш за ўсё асвойваць сельскагаспадарчыя спецыяльнасці (жывёлавод, агароднік). Нават калі дзеці потым і не будуць працаваць у галіне сельскай гаспадаркі, то хаця б навучацца ўмела распараджацца на сваім падвор’і і не застануцца галоднымі. Асвойваюць навучэнцы і іншыя спецыяльнасці: юнакі — спецыяльнасць слесара па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, а дзяўчаты знаёмяцца з работай санітаркі. Мы дамовіліся з Ельскай цэнтральнай раённай бальніцай аб праходжанні імі практыкі: нашы навучэнкі дапамагаюць даглядаць хворых, прыбіраюць палаты. У будучыні яны змогуць працаваць у бальніцах, у сацыяльнай сферы па абслугоўванні пажылых людзей і інвалідаў. Некаторыя з выпускніц ужо ўладкаваліся на працу.

Першыя крокі да дарослага жыцця

— Навучэнцы звычайна заканчваюць школу да паўналецця, аднак на работу ў такім узросце ўладкавацца складана. І ўсё ж некаторым з іх шанцуе адразу, — адзначае Якаў Дзмітрыевіч. — Яны папаўняюць калектывы механізатараў, жывёлаводаў Гомельшчыны. Мы падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве, які падразумявае працаўладкаванне нашых навучэнцаў, з мясцовымі гаспадаркамі — саўгасамі “Камуніст” і “Ельск”. Некаторыя ж нашы выпускнікі знаходзяць работу далёка ад Ельска.
Мы падтрымліваем сувязь з многімі сваімі выпускнікамі, дапамагаем ім. Сумесна з дырэктарам саўгаса “Камуніст” Рыгорам Бабчанком поўнасцю абсталявалі ў вёсцы Дуброва дом для іх самастойнага пражывання, там ёсць уся неабходная бытавая тэхніка. Гэтае памяшканне пуставала, калісьці яго будавалі для перасяленцаў-чарнобыльцаў. Цяпер жа ў яго засяляюцца нашы выпускнікі (па некалькі чалавек), якія пачынаюць сваю працоўную дзейнасць. Настаўнікі-выхавальнікі школы-інтэрната часта наведваюць іх, падтрымліваюць як парадай, так і практычнай дапамогай, напрыклад, па гаспадарцы. Зразумела, не ўсё ў нашых выхаванцаў атрымліваецца адразу. Зарплата іх, як правіла, невялікая. І дырэктар гаспадаркі бясплатна забяспечвае нашых выпускнікоў мясам (з разліку 12,5 кілаграма на месяц кожнаму) і да 21 года выплачвае ім дадаткова да зарплаты пэўную суму грошай (сёлета яна склала 500 тысяч рублёў), а таксама дапамагае з атрыманнем правоў на кіраванне трактарам — адным словам, робіць усё для таго, каб у нашых выпускнікоў не знікала зацікаўленасць у рабоце, каб яны засталіся жыць і працаваць на сяле.
Школа-інтэрнат падтрымлівае ўзаемасувязі з прафесійнымі ліцэямі. У некаторых з іх створаны асобныя групы для выпускнікоў дапаможных школ, дзе яны набываюць, напрыклад, будаўнічыя спецыяльнасці, атрымліваюць пасведчанні слесараў па рамонце сельгасмашын, агароднікаў, сантэхнікаў, швачак. Для выпускнікоў такіх груп, можна сказаць, працаўладкаванне гарантавана.
Я заўсёды тлумачу дзецям, што рынак працы — з’ява складаная і што яны павінны быць канкурэнтаздольнымі. Чым больш спецыяльнасцей асвоена, тым больш магчымасцей уладкавацца ў жыцці. Калі хтосьці не будзе працаваць слесарам, няхай становіцца будаўніком ці кімсьці яшчэ.
Лёс выпускнікоў можа скласціся па-рознаму. Але большасць з іх усё ж застаецца ў гаспадарках вобласці. Ёсць і прыклады жыццёвага поспеху выпускнікоў інтэрната, асабліва ў тыя часы, калі ён быў агульнаадукацыйным. Так, выдатніца школы Людміла Беспаяська працуе зараз намеснікам кіраўніка падатковай інспекцыі Чыгуначнага раёна Гомеля. Настаўніцай вярнулася ў нашу ўстанову Любоў Канопліч, якая скончыла Маскоўскі псіхолага-сацыяльны інстытут. Працуюць сёння ў інтэрнаце і былыя выпускнікі — Галіна Астапенка і Анжэла Канавод.
Адзінае, чаго я вельмі жадаю, каб пасля 11 класа ў педагогаў, дырэктара школы была магчымасць больш актыўнага ўдзелу ў вырашэнні далейшага лёсу некаторых сваіх навучэнцаў. Каб мы маглі парэкамендаваць выпускніка і да нашых рэкамендацый прыслухаліся і накіравалі былога выхаванца набываць тую спецыяльнасць, да якой ён сапраўды мае здольнасці. Іншы раз бачу, што навучэнец можа стаць трактарыстам або механізатарам, але, каб ён дасягнуў гэтага, пайшоў вучыцца і працаўладкаваўся, патрэбна медыцынская даведка, што выпускнік можа працаваць па гэтых спецыяльнасцях. А ўрачы часта не хочуць даваць яе па прычыне пэўнага дыягназу, пастаўленага дзіцяці яшчэ да паступлення ў школу. Не магу пагадзіцца з гэтым: за гады вучобы ў школе многія праблемы дзяцей карэкціруюцца, на тое мы і дапаможная школа, каб выпраўляць дэфекты, дапамагаць. У многіх сваіх навучэнцах я проста ўпэўнены і магу без сумненняў даць рэкамендацыі для ўладкавання на работу ў любую гаспадарку.

Няпросты выбар

Сёння Ельская школа-інтэрнат рыхтуецца да ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі”. Гэтай установе сёння сапраўды ёсць аб чым расказаць. Палова яе настаўнікаў маюць вышэйшую катэгорыю, усе навучэнцы займаюцца ў гуртках па інтарэсах, спартыўных секцыях. Дыпломаў і грамат Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь неаднаразова ўдастойваліся спартсмены і артысты мастацкай самадзейнасці школы. Установа стала лабараторыяй па апрабацыі падручнікаў для дапаможных школ. Па рашэнні Міністэрства адукацыі настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Таццяне Сугак было даручана рэцэнзаваць новы падручнік “Родная літаратура” для 7 класа дапаможнай школы. Таццяна Уладзіміраўна прапанавала ўключыць у зборнік вершы дырэктара мясцовага саўгаса і адначасова паэта Рыгора Бабчанкі. Апрабоўваецца і падручнік “Літаратурнае чытанне” для навучэнцаў дапаможнай школы.
— Пры ўсіх нашых поспехах (іх мы з радасцю прадэманструем падчас конкурсу) на сітуацыю, якая складваецца сёння ў школе, сур’ёзна ўплывае рэзкае змяншэнне колькасці выхаванцаў. Калі 10 гадоў назад у інтэрнаце было 164 дзіцяці, то ў мінулым годзе — 53, а сёлета — 47 дзяцей (прычым з 6 па клас). Калі так пойдзе і далей, установа можа аказацца на мяжы закрыцця, — гаворыць Якаў Дзмітрыевіч. — Змяншэнне колькасці выхаванцаў у нашай школе выклікана з’яўленнем інтэграваных класаў у агульнаадукацыйных установах і папулярызацыяй у грамадстве ідэі аб тым, што ўсе дзеці з АПФР павінны быць у сем’ях, што яны ў інтэграваных класах могуць атрымліваць тыя ж самыя адукацыйныя паслугі, што і ў інтэрнаце, і пры гэтым не будуць адасоблены ад калектыву звычайных дзяцей. Але перш чым вырашаць лёсы дзяцей, чаму б не прыслухацца да іх саміх, спытацца, дзе яны адчуваюць сябе лепш — сярод звычайных равеснікаў або сярод падобных да сябе. Чаму б бацькам і педагогам не падумаць, які настаўнік больш даступна патлумачыць тэму асаблівым дзецям — настаўнік агульнаадукацыйнай школы або спецыяльнай?
Практыка паказвае, што дзецям з інтэлектуальнай недастатковасцю вельмі цяжка бывае побач са сваімі равеснікамі ў інтэграваным класе.Часта да іх адносяцца зняважліва і, здараецца, проста абражаюць. У інтэрнаце такога дзялення няма, тут усе дзеці роўныя і патрабаванні да іх аднолькавыя. Інтэграваны клас не заўсёды забяспечвае добрыя адносіны і паміж бацькамі.
Усяго пяць дапаможных навучальных устаноў засталося на Гомельшчыне. На поўдні ж вобласці — толькі наш Ельскі інтэрнат. Закрыць яго ніяк нельга. Неабходна захаваць спецыяльныя школы, а для гэтага трэба (на ўзроўні абласных структур) больш увагі звяртаць на іх камплектаванне. Іншых варыянтаў няма. Зразумела, не на ўсе акалічнасці можна сёння паўплываць. За бацькамі заўсёды застаецца апошняе слова. Добрыя і клапатлівыя бацькі, як правіла, не жадаюць аддаваць сваё дзіця ў інтэрнат і імкнуцца стварыць для яго ў сям’і ўсе ўмовы для развіцця. Аднак здараецца, што бацькі не ў стане добра даглядаць сваіх дзяцей. Яны не пазбаўлены бацькоўскіх правоў, іх дзеці не сіроты. Але бацькі не працуюць, п’юць, і маленькім гаротнікам даводзіцца вельмі цяжка. У інтэграваным класе такія дзеці хутчэй за ўсё будуць пакрыўджанымі і наўрад ці возьмуць нешта карыснае як для свайго розуму, так і для душы. Ім лепш будзе ў інтэрнаце, дзе больш спрыяльныя ўмовы, чым дома, і ў плане навучання, і ў плане побыту.
Няпросты сёння выбар як у бацькоў, так і ў педагогаў і дзяцей. Але галоўнае, каб ён, гэты выбар, быў, каб існавала не толькі інтэграцыя, але і магчымасць навучання ў інтэрнаце.

Надзея ЦЕРАХАВА.