Права на “вялікае чалавечае шчасце”

У рамках дэкады сям’і і духоўнага выхавання “Сямейная жамчужына” ў сярэдняй школе № 14 Мазыра адбыўся агульнашкольны бацькоўскі сход па тэме “Мудрасць бацькоўскай сям’і: як захаваць і ўмацаваць здароўе дзіцяці” з удзелам прадстаўнікоў праваслаўнай царквы, ГРАНС і АСВОДа.

Бацькоўскі сход — адна з важных форм устанаўлення кантакту педагогаў з сем’ямі вучняў. Бо, як сказаў В.А. Сухамлінскі, “толькі разам з бацькамі, агульнымі намаганнямі, настаўнікі могуць даць дзецям вялікае чалавечае шчасце”.

Сустрэча пачалася з чытання навучэнцамі вершаў пра сям’ю, сямейныя традыцыі, каштоўнасці. Протаіерэй Сергій Шаўчэнка распавёў пра тое, што слова “ікона” ў перакладзе з старажытнагрэчаскага гучыць як “вобраз”, “малюнак”. А паколькі дзецям уласціва вобразнае ўспрыманне свету, бацькі выступаюць у некаторай ступені ў ролі іканапісцаў. І якую ікону будуць бачыць перад сабой штодня дзеці, залежыць толькі ад дарослых. Айцец Марк падкрэсліў карысць сустрэчы, адзначыўшы, што ў працэсе зносін адбываецца рост асобы. У сваім звароце ён пажадаў усім памятаць, што жыць доўга не ёсць шчасце, бо ўсё роўна, колькі дзён у тваім жыцці, важна — колькі жыцця ў тваім дні.

Запрошаная на сустрэчу інспектар Мазырскага гаррайаддзела па НС Ксенія Ніканорава азнаёміла бацькоў са статыстыкай няшчасных выпадкаў, якія прывялі да гібелі і траўміравання дзяцей, акрэсліла прычыны ўзнікнення бытавых пажараў і правілы іх ліквідацыі, падкрэсліла адказнасць бацькоў за дзіцячую бяспеку.
Валерый Бяляй, старшыня Мазырскай арганізацыі АСВОД, нагадаў пра галоўную зімовую небяспеку — хадзьбу па тонкім лёдзе.

Падводзячы вынікі сустрэчы, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ірына Рыгораўна Тыльковіч заўважыла, што вопыт дзяцінства шмат у чым вызначае дарослае жыццё. І таму першачарговая задача бацькоў — стварыць спрыяльныя ўмовы для фізічнага і псіхалагічнага развіцця дзяцей, бо толькі ў здаровым псіхалагічным мікраклімаце дзіця можа стаць асобай.

Алена ТКАЧ,
класны кіраўнік 6 «А» класа сярэдняй школы № 14 Мазыра.