Праваднік у прафесію

Калі чалавек шчаслівы ў прафесіі, то гэта бачна па бляску вачэй, гэта чуецца ў кожным слове, адчуваецца ў кожным дзеянні. Менавіта гэта заўважаеш пры знаёмстве з Аленай Георгіеўнай Кісель. Выкладчык Мінскага фінансава-эканамічнага каледжа шчыра прызнаецца, што любіць сваю работу, і ёй немагчыма не паверыць.

Якіх толькі паваротаў не робіць лёс, каб прывесці чалавека туды, куды яму наканавана. Мая гераіня хацела стац­ь геолагам, вучылася на эканаміста, а сваё прызначэнне ў жыцці знайшла ў педагагічнай дзейнасці.

Сярод дакументаў, якія захоўваюцца ў Алены Георгіеўны, можна знайсці пасведчанне юнага педагога, атрыманае яшчэ ў старшых класах. Тады ў педагагічным інстытуце была такая форма работы, як школа юнага педагога. Заняткі юнай Алене вельмі падабаліся. Яшчэ больш ёй падабалася быць настаўнікам для малодшых школьнікаў у дні самакіравання ў школе. Асабліва падабалася, стоячы ля дошкі, расказваць аб морах і акіянах, гарах і раўнінах на ўроках геаграфіі. З’явілася нават ідэя паступаць на геаграфічны факультэт, каб засвоіць адну з самых, як здавалася, рамантычных прафесій — геолага. Аднак бацькі змаглі пераканаць дачку выбраць іншую справу для жыцця, і Алена пайшла вучыцца на эканаміста. Праўда, ужо на першай практыцы зразумела, што гэта справа не для яе. Таму пасля навучання была рада, што ўдалося трапіць на работу не ў бухгалтэрыю, а ў каледж. Так і засталася ў ім.

Мінскі фінансава-эканамічны каледж з’яўляецца філіялам БДЭУ. Тут рыхтуюць спецыялістаў для фінансавай і падатковай сістэм, страхавых органаў, банкаўскай і эканамічнай сферы і іншых галін. Алена Георгіеўна Кісель працуе ў каледжы каля 30 гадоў, апошнія 12 гадоў выкладае маркетынг, з’яўляецца старшынёй прадметнай камісіі сацыяльна-эканамічных дысцыплін, распрацоў­шчыкам тыпавых вучэбных праграм па некалькіх вучэбных дысцыплінах.

Калі ёй прапанавалі паспрабаваць выкладанне новай цікавай дысцыпліны — згадзілася адразу.

 — Мне вельмі цікавы маркетынг. Рада, што маё меркаванне падзяляюць многія навучэнцы. Гэтая дысцыпліна цесна звязана з нашым звычайным жыццём, бо кожны з нас — спажывец, і ўсе мы сустракаемся з такімі паняццямі, як “цана”, “скідка”, “цэнаўтварэнне” і інш. Я імкнуся, каб навучанне грунтавалася на прыкладах з жыцця. Так, адкрываецца, напрыклад, новы гандлёвы цэнтр — і на занятках мы аналізуем, чаму ён з’явіўся менавіта ў гэтым месцы, спрабуем спрагназаваць, ці будзе ён тут карыстацца попытам. Альбо спрабуем разабрацца, чаму адны рытэйлеры прыходзяць працаваць у нашу краіну, а іншыя — не.

Алена Георгіеўна робіць шмат, каб падаграваць цікавасц­ь да прадмета: праводзіць дзелавыя гульні, эканамічныя віктарыны, конкурсы, прапаноўвае нестандартныя задачы. У рамках вучэбнай практыкі навучэнцы праводзяць маркетынгавыя даследаванні буйных кампаній. Навучанне праходзіць не толькі ва ўрочны час. Выкладчыца заклікае навучэнцаў удзель­нічаць у цікавых тэматычных мерапрыемствах: выставах, канферэнцыях, майстар-класах. І сама абавязкова ў іх удзельнічае.

 — Шмат часу ўдзяляю самаадукацыі, самаразвіццю. Маркетынг — галіна дзейнасці, якая надзвычай хутка развіваецца. Мне трэба быць у курсе навінак, таму абавязковая частка майго жыцця — прафесійныя часопісы, курсы, канферэнцыі. Вельмі дапамагаюць і мае выпускнікі. Многія з іх сталі выбітнымі прафесіяналамі, яны прыходзяць да цяперашніх навучэнцаў, каб расказаць аб новых тэндэнцыях і плынях.

Многа часу педагог прысвячае індывідуальнай рабоце з навучэнцамі. Для практычнай работы кожны з іх атрымлівае сваё заданне: правесці аналіз работы аднаго канкрэтнага дзеючага прадпрыемства. Гэта аб’ёмная і няпростая задача, і кожнаму асобна трэба дапамагчы з ёй разабрацца. Гэта няпроста, але магчыма.

 — Індывідуальная работа дапамагае навучэнцу зразумець, куды яму рухацца ў сваёй прафесійнай дзейнасці. Справа ў тым, што веды аб маркетынгу можна прымяніць у розных кірунках. Адным больш падыходзяць продажы, другім — рэклама, трэція знаходзяць сябе ў аналітыцы. Кожны можа знайсці сваю нішу, і мая задача — дапамагчы навучэнцу вызначыць, што падыходзіць менавіта яму.

Калегі заўважаюць, што ў Алены Георгіеўны атрымліваецца хутка наладзіць кантакт з навучэнцамі. А ўсё таму, што галоўныя прынцыпы педагога ў дачыненні да іх — павага, неабыякавасць і справядлівасць.

 — Я лічу, што з навучэнцамі трэба размаўляць паважліва, ставіцца да іх як да роўных, паводзіць сябе не як з дзецьмі, а як з калегамі, — пераканана педагог. — Я ўпэўнена, што да кожнага можна знайсці падыход, дамовіцца, зацікавіць прадметам. Варта толькі падумаць і прыкласці намаганні. Мая бабуля, якая ўсё жыццё працавала настаўніцай нямецкай мовы, заўсёды гаварыла, што трэба быць чалавекам у дачыненні да дзяцей, ставіцца да навучэнцаў, як да сваіх дзяцей. Гэтымі мудрымі словамі я і кіруюся ў рабоце.

Падтрымку навучэнцам педагог аказвае не толькі на занятках. Многа гадоў запар яна была куратарам груп. А гэта — асобны від дзейнасці.

 — Для юнакоў і дзяўчат пачатак навучання можа быць вельмі складаным. Многія прыязджаюць з іншых гарадоў, упершыню пакідаюць бацькоў, трапляюць у інтэрнат, маюць першы вопыт самастойнага жыцця, — успамінае Алена Георгіеўна. — Даво­дзілася быць для іх і педагогам, і дарадчыкам, а часам і мамай. Вучыла не толькі эканамічным дысцыплінам, але і таму, як хутка згатаваць вячэру, як памыць вокны, як размеркаваць грошы. Даводзілася з імі і раздзяляць радасць, і выціраць слёзы.

І ўсё ж педагог прызнаецца, што любіць працаваць з навучэнцамі менавіта гэтага ўзросту. У іх ужо ёсць пэўныя веды, уласныя погляды, сур’ёзныя мэты. Яны ўжо гатовы зрабіць апошні крок да дарослага жыцця — атрымаць прафесію. Але ім вельмі патрэбна падтрымка. І Алене Георгіеўне падабаецца аказваць гэтую падтрымку, быць правадніком у прафесію, суправаджаць дзяцей на шляху сталення.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.