Праваднік у жыццё

Кожную раніцу ў Магілёўскім прафесійным ліцэі № 7 заліваецца званок і навучэнцы спяшаюцца ў вучэбныя кабінеты, майстэрні, настройваюцца на вучэбны лад, паглыбляючыся ў непаўторную ліцэйскую атмасферу. У навучальнай установе створаны ўсе ўмовы для набыцця якаснай адукацыі, развіцця здольнасцей навучэнцаў, паўнавартаснага адпачынку. У гэтым несумненная заслуга кіраўніка ліцэя Васіля Уладзіміравіча Шадракова.

Усё жыццё Васіля Уладзіміравіча звязана з педагогікай, але да гэтай нялёгкай справы ён не імкнуўся. Прафесія быццам сама яго знайшла.

— Пасля заканчэння школы атрымаў рабочую спецыяльнасць. Потым вырашыў працягнуць адукацыю і скончыў тагачасны Мазырскі інжынерна-педагагічны інстытут імя Н.К.Крупскай. Па размеркаванні адправіўся працаваць у сённяшні прафліцэй № 7 і затрымаўся тут на ўсё жыццё, — расказаў Васіль Уладзіміравіч.

Васіль Шадракоў прыйшоў працаваць у Магілёўскі прафесійны ліцэй № 7 майстрам вытворчага навучання. Пэўны час займаў пасаду намесніка дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце. І вось ужо больш за дваццаць гадоў ён узначальвае ўстанову адукацыі. За гэтыя дзесяцігоддзі падначалены яму педагагічны калектыў змог дасягнуць шматлікіх працоўных поспехаў.

— Адной з асноўных сваіх задач мы бачым павышэнне якасці адукацыі, арганізацыю адукацыйнага працэсу ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі. Стараемся стварыць усе неабходныя ўмовы, каб навучэнцы змаглі стаць высокакваліфікаванымі рабочымі, — адзначыў Васіль Шадракоў.

Васіль Уладзіміравіч упэўнены: не толькі якасная вучэбная падрыхтоўка важная, але і гарманічнае развіццё асобы маладых людзей таксама. Нягледзячы на шэраг праблем, ён заўсёды знаходзіць час на размовы з навучэнцамі. Тыя паважаюць свайго дырэктара, давяраюць яму. І гэта нядзіўна. За плячамі трыццацісямігадовы стаж работы, а ён па-ранейшаму поўны сіл і знаходзіцца ў цэнтры ўсіх падзей. Спакойны, з сур’ёзным, але добрым поглядам, для кожнага выпускніка і для цяперашніх навучэнцаў ён быццам надзейны праваднік у дарослае жыццё, які дапамагае ім уладкавацца ў грамадстве.

Як кіраўнік Васіль Шадракоў шмат увагі ўдзяляе таксама інавацыйнай, эксперыментальнай дзейнасці ва ўстанове. Выкладчыкі і майстры ліцэя ўдзельнічалі ў распрацоўцы новых прафесійных стандартаў адукацыі па спецыяльнасці “Слесар па кантрольна-вымяральных прыборах і аўтаматыцы”, вучэбна-плануючай дакументацыі па прафесіі “Лабарант хімічнага аналізу”, а таксама шэрага іншых хімічных спецыяльнасцей. Ва ўстанове рэалізавалі эксперыментальны праект па выяўленні прафесійных намераў школьнікаў. Зараз тут праводзіцца прафесійная падрыхтоўка старшакласнікаў гарадскіх агульнаадукацыйных школ. У планах — пачаць весці гэтую падрыхтоўку па модульнай сістэме.

— Поспех установы хаваецца за яе дынамічным развіццём. Трэба пастаянна ісці ў нагу з часам, улічваць змены ў навучанні і выхаванні, — перакананы Васіль Шадракоў. — Але мы цэнім нашу гісторыю, таму сталі ініцыятарамі стварэння на базе ліцэя музея рэгіянальнай прафтэхадукацыі. Сёння ў музейных экспазіцыях сабрана дакладная інфармацыя аб усіх установах прафесійнай адукацыі Магілёўскай вобласці, — дадаў Васіль Уладзіміравіч.

Дарэчы, пад кіраўніцтвам Васіля Шадракова ў сучаснай гісторыі прафліцэя № 7 з’явілася нямала дасягненняў. Установа неаднаразова выходзіла ў лідары адпаведнага абласнога працоўнага спаборніцтва, а ў 2012 годзе прызнавалася лепшым прафліцэем вобласці. Навучэнцы тут пастаянныя прызёры абласных і рэспубліканскіх творчых конкурсаў. Шматлікія майстры і выкладчыкі маюць званне выдатніка адукацыі, з’яўляюцца лаўрэатамі конкурсу “Лепшы па прафесіі”.

Пра значную дзейнасць у сферы адукацыі яскрава гавораць і асабістыя ўзнагароды Васіля Уладзіміравіча. Гэты таленавіты кіраўнік быў адзначаны ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі і мясцовых выканаўчых улад, нагруднымі знакамі “Выдатнік адукацыі” і “Выдатнік прафтэхадукацыі БССР”. Аднак, як і належыць кіраўніку, пра ўласныя ўзнагароды Васіль Шадракоў казаць не любіць. Разам са сваім творчым, ініцыятыўным калектывам ён проста імкнецца да таго, каб ліцэй быў другім домам для навучэнцаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.