Не варта перанасычаць урокі інтэрактыўнымі метадамі з выкарыстаннем новых тэхналогій. Дзецям гэта хутка надакучыць, а матывацыя да вучобы знізіцца, лічыць Настасся Каваленка, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Буйніцкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна.
— Настаўніцай я хацела быць не заўсёды, аднак за год да паступлення вырашыла паспрабаваць сябе ў гэтай сферы, — расказвае Настасся. — Натхнілася прыкладамі настаўнікаў сваёй школы. Здала экзамены, ЦТ і паступіла ў МДУ імя А.А.Куляшова. З гэтага і пачаўся мой шлях у прафесію педагога.
Дзяўчына скончыла ўніверсітэт па спецыяльнасці “Гісторык і выкладчык сацыяльна-гуманітарных дысцыплін”. Самай запамінальнай з усіх практык для яе была археалагічная. Студэнты тры тыдні прымалі ўдзел у раскопках на курганах Слаўгарадскага раёна.
— Спачатку я не моцна радавалася таму, што адбываецца: хацелася хутчэй вярнуцца дадому, — успамінае дзяўчына. — Аднак з часам, дзякуючы займальнаму працэсу пошуку выкапняў і пагружэння ў гістарычнае мінулае, я ўсё пераасэнсавала. Такія практыкі даюць магчымасць не толькі цалкам пагрузіцца ў выбраную прафесію, але і згуртавацца з калектывам, знайсці новых сяброў, зарадзіцца энергіяй на будучую вучобу і зразумець, ці тваё гэта — гісторыя.
Педагогам у Буйніцкай сярэдняй школе Настасся Каваленка працуе з 2021 года. Чаканні дзяўчыны ад прафесіі апраўдаліся, бо яна першапачаткова разумела, што праца педагога — гэта не проста 45 мінут на ўроку, а яшчэ і вялікая колькасць дакументацыі, падрыхтоўка да заняткаў, праверка дамашніх работ.
Чытайце матэрыял Соф’і Цыкуновай у нумары ад 28 кастрычніка 2022 года.