Прававая і інфармацыйная база для работы адзінага рынку лякарстваў створана

Еўразійская эканамічная камісія (ЕЭК) завяршыла фарміраванне адзінага рынку лякарстваў Еўразійскага эканамічнага саюза. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе ЕЭК са спасылкай на заяву члена калегіі (міністра) па тэхнічным рэгуляванні ЕЭК Валерыя Карашкова.

“Мы выканалі асноўную задачу, якая была пастаўлена перад намі ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, — забяспечыць доступ насельніцтва і спецыялістаў аховы здароўя да бяспечных, якасных і эфектыўных лекавых прэпаратаў. Створана прававая і інфармацыйная база для работы адзінага рынку лякарстваў”, — сказаў міністр ЕЭК.

Паводле яго слоў, паспяхова завяршылася комплекснае тэсціраванне інфармацыйнай сістэмы саюза, якая прызначана для забеспячэння ўсіх працэсаў рэгістрацыі лякарстваў. Упаўнаважаныя органы краін ЕАЭС праверылі і пацвердзілі магчымасць адзінай электроннай рэгістрацыі. На жнівень бягучага года першыя шэсць заяў на рэгістрацыю лекавых сродкаў па саюзных правілах прыняты ў Казахстане, яшчэ дзве — у Беларусі. У найбліжэйшы час і іншыя дзяржавы — члены ЕАЭС гатовы пачаць актыўнае выкарыстанне саюзнай інфармацыйнай сістэмы.

Валерый Карашкоў адзначыў, што поўнасцю прапрацавана правядзенне інспектавання па правілах GMP саюза (Good Manufacturing Practice — належная вытворчая практыка, правілы, у адпаведнасці з якімі ўстанаўліваюцца патрабаванні да арганізацыі вытворчасці і кантролю якасці лякарстваў). Дзве першыя заяўкі на правядзенне такога інспектавання прыняты ў Беларусі. Вытворца, гатовы прайсці адпаведную працэдуру, можа накіраваць заяўку ў любы з інспектаратаў краін ЕАЭС.

Як растлумачыў міністр ЕЭК, саюзная нарматыўная база ў сферы абароту лякарстваў уяўляе сабой сістэму з 35 нарматыўных актаў. Гэта 22 рашэнні савета ЕЭК, якімі прыняты ўсе належныя практыкі ў сферы абароту лекавых сродкаў. У гэтую групу ўваходзяць таксама асноўныя дакументы па інспектаванні вытворчасцей, пацвярджэнні эквівалентнасці скапіраваных лякарстваў, распрацоўцы і вывучэнні біялагічных лекавых прэпаратаў.