Прававы марафон

- 10:40Нам пішуць

З 22 па 27 кастрычніка ў сярэдняй школе № 4 Клімавіч прайшоў тыдзень прававых ведаў “Прававы марафон”, падрыхтаваны сацыяльным педагогам Алай Анатольеўнай Дадалевай і класнымі кіраўнікамі.

Фота да матэрыялу: Прававы марафон.Адкрыла тыдзень прававых ведаў выстаўка літаратуры, перыядычнага друку, дапаможнікаў i брашур “Вялікія правы маленькага чалавека”.

Фота да матэрыялу: Прававы марафон.Навучэнцы пачатковых класаў прадэманстравалі сваё бачанне правоў дзіцяці з дапамогай пэндзля і алоўка ў конкурсе малюнкаў “Я малюю свае правы”. Выхавальнік групы прадоўжанага дня Іна Леанідаўна Букініч правяла з вучнямі пачатковых класаў групавыя заняткі “Роля права ў жыцці чалавека”. Дзеці спрабавалі вырашыць праблемныя прававыя сітуацыі, інсцэніравалі казкі на прававую тэматыку.

Навучэнцы старэйшых класаў былі запрошаны на сустрэчу са старэйшым оперупаўнаважаным групы наркакантролю і процідзеяння гандлю людзьмі Клімавіцкага РАУС маёрам Аляксандрам Аляксандравічам Кухаравым і ўчастковым інспектарам Клімавіцкага РАУС старшым лейтэнантам Міхаілам Юр’евічам Антоненкам. Аляксандр Аляксандравіч расказаў пра наступствы ўжывання алкагольных напояў, таксічных рэчываў і спайсаў. Міхаіл Юр’евіч засяродзіў увагу на неабходнасці выконваць правілы дарожнага руху і памятаць пра меры бяспекі на дарогах, пра неабходнасць заўсёды мець пры сабе святлоадбівальны элемент (флікер). Нагадаў прысутным і правілы на пешаходных пераходах, а таксама што трэба рабіць, каб пазбегнуць правапарушэнняў і злачынстваў. Падлеткі вялі актыўны дыялог, а госці адказвалі на пытанні, дапамагалі разабрацца ў розных жыццёвых сітуацыях, праблемах.

Фота да матэрыялу: Прававы марафон.Сярод навучэнцаў і педагогаў была праведзена акцыя “Прававое дрэва”. Удзельнікі акцыі пісалі на стыкерах правы, якімі валодае кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, і прымацоўвалі на дрэва. Ва ўсіх класах прайшла адзіная інфармацыйная гадзіна “Узаемасувязь правоў і абавязкаў”, дзе навучэнцы старэйшых класаў у даступнай форме расказалі малодшым таварышам аб правах і абавязках кожнага чалавека, аб міжнародным прававым дакуменце, які вызначае правы дзяцей у нашай дзяржаве, — Канвенцыі аб правах дзіцяці. Разам з тым увага дзяцей яшчэ раз была звернута на ўзаемасувязь правоў і абавязкаў і неабходнасць захавання нормаў дзеючага заканадаўства. Настаўнікі фізічнай культуры і здароўя Аляксандр Леанідавіч Баханкоў і Валерый Антонавіч Навагродскі правялі спартландыю, якая дазволіла яшчэ раз пераканацца: спорт — лепш, чым шкодныя звычкі.

Фота да матэрыялу: Прававы марафон.У шосты школьны дзень быў арганізаваны прагляд відэароліка па прафілактыцы курэння “Шкодныя звычкі”. Падчас абмеркавання акцэнтавалі ўвагу на тым, што курэнне ў грамадскіх месцах — супрацьпраўны ўчынак. Таксама вучням нагадалі пра неабходнасць зрабіць правільны выбар на карысць здаровага ладу жыцця.

Галоўная выснова, якую зрабілі навучэнцы ў канцы тыдня, — трэба ўмець паважаць адзін аднаго, таму што ўсе мы людзі, усе роўныя, а значыць, ва ўсіх нас аднолькавыя роўныя правы.

Марына НОВІКАВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Клімавіч.