Праверка на прызванне, альбо Па якіх крытэрыях вызначаць прафесіяналізм будучых выхавальнікаў?

Сёння мы прадстаўляем прафесійную кампетэнцыю “Дашкольная адукацыя”, якая ўключана ў пералік WorldSkills Belarus — 2018, на прыкладзе дзейнасці Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа. Гэта звязана не толькі з тым, што нядаўна ў згаданай установе прайшоў адборачны этап рэспубліканскага спаборніцтва, а перш-наперш з высокім статусам каледжа, які з’яўляецца вядучай установай Мінска па падрыхтоўцы педагагічных кадраў сярэдняга спецыяльнага ўзроўню.

Лагічна пачаць са змястоўнай асновы прафесійнай кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя” ў рамках WorldSkills. У гэтай ролі выступае тэставы праект, дзе падрабязна прадстаўлены фармат і структура конкурсных выпрабаванняў і непасрэдна тыя модулі, у якіх закладзены асноўныя кірункі прафесійнай дзейнасці выхавальнікаў і па якіх канкурсантам трэба прадэманстраваць веды і ўменні. Конкурсныя заданні распрацаваны ў адпаведнасці з сусветнымі патрабаваннямі і з улікам нацыянальнай вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі.

У праекце па кожным заданні прадугледжаны ліміт часу на выкананне, прыкладныя крытэрыі ацэнкі, інфраструктурны ліст, расходны матэрыял. Трэба аддаць належнае распрацоўшчыкам гэтага праекта, якім удалося стварыць змястоўна насычаны дакумент па ўсіх этапах падрыхтоўкі будучых выхавальнікаў да конкурсаў у згаданай кампетэнцыі. Сярод стваральнікаў праекта — дырэктар Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа К.А.Пятруцкая, загадчык аддзялення каледжа Н.В.Пралыгіна, метадыст РІПА куратар кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя” Н.В.Агеева.

Як паведаміла Н.В.Агеева, у конкурсных заданнях ахоплены такія галіны ведаў, як агульная і дзіцячая псіхалогія, дашкольная педагогіка, фізічнае выхаванне і маўленчае развіццё дзяцей дашкольнага ўзросту, іх сацыяльна-камунікатыўнае і мастацка-эстэтычнае развіццё, гульнявая дзейнасць, узаемадзеянне педагога з бацькамі, метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу ў дашкольных установах. У кожным модулі канкурсантам неабходна прадэманстраваць у прадстаўленай галіне веды і прафесійныя навыкі. Да канкурсантаў прад’яўляюцца пэўныя патрабаванні ў выразным чытанні, пры правядзенні прэзентацыі той ці іншай кнігі, пры афармленні інфармацыйна-дэманстрацыйнага стэнда, пры распрацоўцы і правядзенні рухавай гульні, заняткаў з дзецьмі з выкарыстаннем развіццёвых (дыдактычных) матэрыялаў або ІКТ-абсталявання.

Спаборніцтва будзе праводзіцца па наступных модулях: модуль А “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін”, модуль В “Мастацтва. Выяўленчая дзейнасць”, “Узаемадзеянне з бацькамі” (інтэграваны), модуль С “Фізічная культура”, модуль D “Пазнавальнае развіццё”.

Як раней паведамлялася, цяпер у навучальных установах, якія вядуць падрыхтоўку выхавальнікаў для дзіцячых садоў, праходзяць рэгіянальныя этапы прафесійнага конкурсу па кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя”. На сёння яны адбыліся ўжо ва ўсіх рэгіёнах, а нядаўна конкурс прайшоў у Мінскім гарадскім педагагічным каледжы. Пераможцы папярэдніх тураў спаборніцтва стануць удзельнікамі Нацыянальнага чэмпіянату, які пройдзе ў маі.

— Сучаснаму дзелавому свету неабходны людзі з прынцыпова новай псіхалогіяй, якія ўмеюць складаць план свайго жыцця, будаваць кар’еру, гатовы да прыняцця самастойных рашэнняў і адказныя за вынік сваёй дзейнасці, — адзначыла падчас гутаркі Кацярына Аляксандраўна Пятруцкая. — Дасягнуць поспеху можа толькі той, хто навучыўся выразна вызначаць свае мэты, шукаць шляхі іх рэалізацыі, аналізаваць набыты вопыт, быць камунікабельным, мабільным, валодаць новымі тэхналогіямі. Мы імкнёмся рыхтаваць менавіта такіх спецыялістаў, якія адпавядалі б гэтым патрабаванням, з улікам сусветных стандартаў.

— Формула поспеху каманды выкладчыкаў і навучэнцаў нашага каледжа: любоў да дзяцей + якасная адукацыя + ініцыятыва + крэатыўнасць + пастаяннае прафесійнае развіццё, — адзначыла Кацярына Аляксандраўна. — Удзел у конкурсе такога высокага міжнароднага ўзроўню дазваляе прадэманстраваць прафесіяналізм нашых выхаванцаў, стымуляваць навучэнцаў да ўдасканалення прафесійнага майстэрства, павышаць прэстыж педагагічнай прафесіі.

Мінскі гарадскі педагагічны каледж — гэта ўстанова адукацыі, у якой актыўна развіваецца праектная дзейнасць, конкурсны рух, сацыяльнае партнёрства. Намеснік дырэктара каледжа па вучэбна-выхаваўчай рабоце Л.М.Лойка расказала аб разнастайнай рабоце, якая вядзецца ў каледжы па ўсіх гэтых напрамках. Так, ва ўстанове рэалізоўваюцца прафілактычны праект “Мой стыль жыцця сёння — маё здароўе і поспех заўтра”, праект па падрыхтоўцы медыятараў-прымірыцеляў “Вучымся разумець”, інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання маральных каштоўнасных арыентацый навучэнцаў пры дапамозе арганізацыі валанцёрскай дзейнасці ў сістэме ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі, дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў”. Навучэнцы каледжа з’яўляюцца пераможцамі конкурсаў прафесійнага майстэрства, у тым ліку Міжнароднага конкурсу “Ветразі мары” ў Чэлябінску ў намінацыі “Лепшае педагагічнае мерапрыемства з дзецьмі”, гарадскога конкурсу сучаснай лічбавай творчасці навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі “Арт-партал” у намінацыі “Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі”, гарадскога конкурсу інфармацыйна-метадычных распрацовак культурна-забаўляльных мерапрыемстваў для навучэнскай моладзі ў намінацыі “Настаўнік: праца, талент, прызванне” і інш. Актыўнае партнёрства каледжа з сацыякультурнымі ўстановамі і грамадскімі арганізацыямі адзначана граматамі, дыпломамі, падзячнымі лістамі.

Педагагічны калектыў каледжа добра ўсведамляе, што, каб павысіць якасць адукацыйнага працэсу, удасканаліць прафесійнае майстэрства выкладчыкаў, сфарміраваць прафесійныя кампетэнцыі навучэнцаў, неабходна эфектыўна ўкараняць стандарты WorldSkills. А для гэтага трэба развіваць матэрыяльна- тэхнічны, інфармацыйна-метадычны і кадравы патэнцыял. Вучэбная база каледжа папаўняецца сучасным гульнявым і камп’ютарным абсталяваннем, неабходнымі метадычнымі дапаможнікамі, вядзецца праектна-даследчая работа. Каб ацаніць сваю работу на ўзроўні WorldSkills, а таксама вызначыць, наколькі прафесійна падрыхтаваны выхаванцы каледжа, было наладжана цеснае супрацоўніцтва са Смаленскім педагагічным каледжам. Нядаўна мінская ўстанова прыняла ўд зел у спаборніцтве па кампетэнцыі “Дашкольная выхаванне” ў III рэгіянальным чэмпіянаце “Маладыя прафесіяналы” (WorldSkills Russia) Смаленскай вобласці. Удзел у чэмпіянаце дазволіў набыць пэўны вопыт арганізацыі конкурсу такога ўзроўню, а таксама прадэманстраваць беларускую школу падрыхтоўкі будучых выхавальнікаў.

У якасці эксперта з беларускага боку выступіла Наталля Віктараўна Пралыгіна, а спаборнічала ў конкурсе сярод прадстаўнікоў розных рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі навучэнка 2 курса каледжа Аляксандра Пагасай. Яе прафесійнае майстэрства было высока адзначана экспертамі.

Свой выбар прафесіі Аляксандра зрабіла невыпадкова. Актыўная жыццёвая пазіцыя, удзел у розных творчых конкурсах і праектах з’яўляюцца крыніцамі поспеху дзяўчыны. Прафесійныя якасці выхавальніка яна пераняла ў сваёй маці, якая працуе ў адным са сталічных дзіцячых садоў.

У лік мерапрыемстваў, арганізаваных у каледжы і накіраваных на развіццё руху WorldSkills па прафесійнай кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя”, увайшлі семінары для педагогаў, пастаянна дзеючая выстава прафарыентацыйных праектаў па ўсіх дысцыплінах прафесійнага кампанента, тэматычная выстава распрацовак навучэнцаў “Ад тэорыі — да практыкі”, навукова-даследчыя праекты і шэраг іншых. Выкладчыкі выкарыстоўваюць у адукацыйным працэсе новыя прыёмы педагагічнай дзейнасці, сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, а навучанне іх выхаванцаў мае практыка-арыентаваны характар. Будучыя выхавальнікі дашкольнай адукацыі паспяхова развіваюць і ўдасканальваюць свае навыкі падчас вучэбнай практыкі, якая праходзіць на базе ясляў-садоў.

Правядзенню конкурсу WorldSkills папярэднічала падрыхтоўчая работа ўдзельнікаў па ўсіх конкурсных заданнях, якая ажыццяўлялася ў рамках майстар-класаў, творчых майстэрань, арганізаваных выкладчыкамі каледжа.

У самім спаборніцтве прынялі ўдзел ужо вядомая Аляксандра Пагасай, а таксама Алена Бабкіна, Ангеліна Муца, Кацярына Падабед, Кацярына Стоцкая, Настасся Тамковіч, Настасся Жыцько, Ганна Вагурына.

— Усебаковая падрыхтоўка да спаборніцтваў, праведзеная кіраўніцтвам, усім педагагічным калектывам і навучэнцамі каледжа, дазволіла стварыць конкурсную пляцоўку міжнароднага ўзроўню, акунуць нашых канкурсантак у творчую атмасферу сусветнага чэмпіянату, — адзначыла Наталля Віктараўна Пралыгіна.

Так, быў прадстаўлены інфраструктурны ліст пляцоўкі (спіс неабходнага абсталявання, інструментаў, расходных матэрыялаў, офіснага абсталявання і прылад, якія неабходны для выканання заданняў конкурсу), тулбоксы ўдзельнікаў, дзе прадугледжана тое абсталяванне, якое канкурсант лічыць неабходным для выканання конкурснага задання, жараб’ёўка ўдзельнікаў перад кожным модулем па вызначэнні парадку прэзентацыі задання, жараб’ёўка экспертаў перад кожным модулем па вызначэнні аб’ектыўнага або суб’ектыўнага ацэньвання, пратакольная работа, азнаямленне ўсіх удзельнікаў спаборніцтва з тэхнікай бяспекі, устанаўленне таймера, спецыяльна аснашчаныя пакоі канкурсантаў і экспертаў.

Канкурсанткам у модулі А “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін” неабходна было выразна прачытаць тэкст, прэзентаваць кнігу братоў Грым “Заяц і вожык”, арганізаваць гутарку з дзецьмі (у ролі іх выступілі валанцёры). Пры выкананні модуля В “Мастацтва. Выяўленчая дзейнасць”, “Узаемадзеянне з бацькамі” (інтэграваны) канкурсанты праявілі творчасць і фантазію. Удзельнікі аформілі інфармацыйна-дэманстрацыйны стэнд на тэму, прысвечаную Дню сям’і (15 мая).

Заданне модуля С “Фізічная культура” дазволіла прадэманстраваць уменні канкурсантак рыхтаваць і праводзіць рухавую гульню з дзецьмі дашкольнага ўзросту. Сучасныя патрабаванні да будучых спецыялістаў устаноў дашкольнай адукацыі былі яскрава прадстаўлены ў модульным заданні па распрацоўцы канспекта заняткаў (гульні) з выкарыстаннем ІКТ-абсталявання з дзецьмі 6—7 гадоў (Модуль D “Пазнавальнае развіццё”).

У склад экспертнай групы ўвайшлі кваліфікаваныя спецыялісты. У ролі незалежных экспертаў выступілі А.М.Рубанік, загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 214 Заводскага раёна Мінска, Н.Я.Левянкова, метадыст Мінскага гарадскога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі. Галоўны эксперт — К.А.Пятруцкая, намеснік галоўнага эксперта — Н.В.Пралыгіна. Экспертамі-выкладчыкамі на конкурсе выступілі педагогі каледжа Т.А.Суднічэнка, А.П.Жураўлёва, І.А.Марушкевіч, Д.А.Белакурская, М.П.Леднік, Л.А.Пшаніцына, В.А.Трафімовіч, Н.І.Кавалёва.

Па выніках спаборніцтва дыплом пераможцы атрымала Аляксандра Пагасай. Ёй выпала ганаровая місія прадстаўляць Мінск на III Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2018 у прафесійнай кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя”. Другое месца заняла Кацярына Падабед, на трэцім апынуліся Настасся Тамковіч і Настасся Жыцько.

Падводзячы вынікі, эксперты адзначылі актуальнасць і значнасць правядзення такога спаборніцтва, змястоўнасць конкурсных заданняў, дзе прадстаўлены ўсе неабходныя патрабаванні да прафесійнай кампетэнцыі. Напрыклад, вельмі важным з’яўляецца азнаямленне дзяцей дашкольнага ўзросту з творамі дзіцячай мастацкай літаратуры. Літаратура дапамагае фарміраваць прафесійныя навыкі педагога, наладжваць зносіны з маленькімі выхаванцамі, знаходзіць падыход да іх, заваёўваць сярод іх аўтарытэт. Педагогу неабходна ўмець выкарыстоўваць адукацыйны патэнцыял казак, апавяданняў, вершаў, вызначаць для чытання дзецям менавіта той урывак твора, які нясе галоўную ідэю, раскрывае характары герояў, выяўляе матывы ўчынкаў персанажаў. У гульнявым заданні канкурсанткі яскрава праявілі сябе як умелыя забаўнікі і стварылі творчую, натхняльную атмасферу для сваіх выхаванцаў. А такія якасці, як адкрытасць, шчырасць, дабрыня і клопат, даюцца чалавеку ад нараджэння, і іх трэба ўмацоўваць і развіваць на працягу ўсяго жыцця. Мяркуючы па стаўленні навучэнцаў каледжа да сваіх выхаванцаў, па імкненні ўдасканальваць сваё майстэрства ў педагагічнай дзейнасці, можна з упэўненасцю сказаць, што яны выбралі сваю прафесію па прызванні.

Ала КЛЮЙКО.